Сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўшчыны

Важнае Улада

Са справаздачай пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўскага раёна за перыяд 2016-2020 гадоў перад удзельнікамі сустрэчы выступіў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

 

Было адзначана, што ў мэтах выканання прынятай пятым Усебеларускім народным сходам у чэрвені 2016 года Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады органамі мясцовай улады праводзілася работа, скіраваная на практычную рэалізацыю яе асноўнай мэты – павышэнне якасці жыцця насельніцтва.

За справаздачны перыяд у раёне праведзена значная работа па прыцягненні інвестыцый, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні вытворчасцяў прадпрыемстваў раёна. Усяго ў асноўны капітал накіравана каля144 мільёнаў рублёў інвестыцый, штогод прыцягваецца па 100 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

За 2016-2019 гады дасягнуты чаканыя вынікі рэалізацыі мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва: працаўладкаваны 2184 чалавекі, у тым ліку 1382 беспрацоўныя;

на новаствораныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў былі працаўладкаваны 247 чалавек; на 1 красавіка 2020 года зарэгістраваны 143 суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 433 індывідуальныя прадпрымальнікі.

У раёне актыўна развіваецца такая сфера паслугаў, як турызм. Маецца 14 аграсядзібаў, санаторыі “Радон” (на 540 месцаў), “Альфа-Радон” (на 350 месцаў), дзіцячы санаторый “Баравічок” (на 110 месцаў).

Гандлёвымі партнёрамі прадпрыемстваў раёна з’яўляюцца Расія, Украіна, Казахстан, Польшча, Літва Латвія і іншыя краіны.

Рэсурсам краіны, як і любога рэгіёна, з’яўляецца адукаваная і матываваная моладзь. У Дзятлаўскім раёне жывуць 2812 маладых грамадзян ва ўзросце ад 14 да 31 года. Наладжана сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання, створаны ўмовы для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі, развіваецца валанцёрскі рух, у якім занята больш за 100 чалавек з ліку моладзі.

Пэўная сістэма работы выпрацавана для замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах.

За перыяд з 2017 года па 2019 год 13 маладым сем’ям, якія жывуць у Дзятлаўскім раёне і  стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, былі прадастаўлены льготныя крэдыты на будаўніцтва і рэканструкцыю жылых дамоў і кватэраў.

Найважнейшай сферай эканомікі з’яўляецца сельская гаспадарка.

Асноўнымі відамі таварнай прадукцыі ў раслінаводчай галіне з’яўляюцца збожжа, цукровыя буракі, бульба, рапс, ільнотраста, у жывёлагадоўчай – малако, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней, развіваюцца авечкагадоўля і трусагадоўля.

У выніку праводзімай работы па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2019 годзе атрымана ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур 30 ц/га (на 4,2 ц/га вышэй, чым у 2016 годзе), масланасення рапсу – 19,4 ц/га (павялічылася на 6,5 ц/га), бульбы – 271 ц/га (96 ц/га да ўзроўню 2016 года), цукровых буракоў – 503 ц/га, ільновалакна – 8,5 ц/га.

Стабілізавалася развіццё жывёлагадоўлі. За студзень-красавік 2020 года вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі ў жывой вазе склала  2343 тоны, або 118,8 працэнта да 2019 года.

За 2015-ы – першы квартал 2020 года пэўнае развіццё атрымала прамысловасць раёна. Найбольшага прыросту аб’ёмаў вытворчасці да ўзроўню 2015 года дасягнулі Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный мир”(у 2,1 раза), ААТ  “Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў”(у 2,5 раза), ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (142,5 %).

Паслядоўная работа праводзілася ў сістэме адукацыі. З 2015 года да мая 2020 года на капітальны рамонт і рэканструкцыю ўстановаў адукацыі накіравана больш за 1,7 мільёна рублёў.

Пэўная  ўвага ў апошнія гады была нададзена пытанням жыллёвага будаўніцтва. За 2016-2019 гады ўведзена ў эксплуатацыю 6646 квадратных метраў жылля. Праведзена значная работа па комплексным добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Выкананы работы па добраўпарадкаванні вуліцы Мічурына ў  Дзятлаве, праведзена мадэрнізацыя і  добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый трох жылых дамоў па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве.

Штогод творчымі калектывамі ўстановаў культуры праводзіцца больш за 3,5 тысячы творчых мерапрыемстваў. Працягваюць працаваць 16 калектываў са званнем “народны”, “узорны”.

Чытачамі бібліятэчных устаноў з’яўляюцца каля 45 % насельніцтва раёна. Усе бібліятэкі камп’ютарызаваны, маюць доступ у інтэрнэт.  Цяпер бібліятэкі з’яўляюцца інфармацыйнымі, адукацыйнымі і культурнымі цэнтрамі, іх бібліятэчны фонд налічвае больш за 160 000 выданняў.

Штогод наведваюць Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей больш за 8000 чалавек.

У раёне створаны ўмовы па забеспячэнні даступнасці заняткаў фізічнай культурай і спортам, маецца неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Штогод праводзіцца каля 100 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел больш за 5 тысяч чалавек.

Пасля заканчэння мерапрыемства карэспандэнты газеты пацікавіліся, якімі поспехамі ганарацца Новаяльнянская школа і гімназія № 1 горада Дзятлава, дзе праходзілі мерапрыемствы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі азнаёміўся з музеем Новаяльнянскай сярэдняй школы «Дзеці ліхалецця».

Марына Лашкоўская, дырэктар Новаяльнянскай СШ:

—Адметнай рысай нашай установы адукацыі з’яўляецца выніковасць удзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. За апошні год заваяваны 11 дыпломаў. На абласным узроўні навучэнцы атрымалі чатыры дыпломы; на рэспубліканскім – таксама чатыры. Па выніках конкурсаў работ даследчага характару выпускнік 2019 года Ягор Сокал тройчы ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і ўключаны ў Рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі, таксама стаў лаўрэатам прэміі А. Дубко, у верасні 2019 года прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на міжнародным водным конкурсе ў Швецыі.

У гэтым навучальным годзе пяць выпускнікоў закончылі школу з залатым медалём. У рэспубліканскім конкурсе школьных музеяў наш  музей “Дзеці ліхалецця” (кіраўнік Т. У. Крывеня) заняў першае месца.

Па ініцыятыве педагогаў, дзяцей і бацькоў на працягу трох гадоў рэалізуюцца праекты па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі: “Школьны двор – мая краіна”, “Будучыня – гэта мы”, “Квітней, мая школа”.

Ганна СКРУНДЗЬ
Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ і Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup