Па матэрыялах Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў пракуратурай Гродзенскай вобласці распачата дзевяць крымінальных спраў па факце лжэпрадпрымальніцтва па ч. 2 арт. 234 КК і ўхілення ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці па арт. 242 КК у дачыненні да кіраўнікоў і ўдзельнікаў слонімскага камерцыйнага прадпрыемства, якое працуе ў будаўнічай сферы.
Нягледзячы на шматгадовае існаванне і правядзенне будаўнічых работ на тэрыторыі рэспублікі, фірма не пазбегла даўгоў, прычым узаемных: да канца 2015 года прадпрыемства мела запазычанасць перад крэдыторамі за пастаўленыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкарыстаныя ў будаўніцтве. Аднак і з фірмай не ўсе заказчыкі разлічыліся за аказаныя паслугі.
Пагасіць свае даўгі за кошт дэбіторскай запазычанасці такіх прадпрыемстваў слонімская фірма не магла, але мела магчымасць расплаціцца за кошт актываў і маёмасці, якой хапала для пагашэння ўсіх даўгоў. Аднак па такім шляху фірма ісці не хацела і не стала выконваць абавязацельствы перад крэдыторамі, нават нягледзячы на тое, што некаторыя з іх мелі пастановы эканамічных судоў аб спагнанні запазычанасці.
Ужо летам 2016 года дырэктар камерцыйнага прадпрыемства разам з сынам, пацярпеўшы няўдачу ў спробе прызнаць сваё цалкам плацежаздольнае прадпрыемства банкрутам, атрымаўшы вяртанне з суда сваёй заявы і прызнанні фірмы неплацежаздольнай, ствараюць новую арганізацыю, якую вылучаюць з ранейшай фірмы-даўжніка.
Новаму суб’екту перадаюцца шматмільярдныя даўгі перад крэдыторамі і праблемная дэбіторская запазычанасць, большая частка якой прыпадае на прадпрыемствы, якія самі знаходзяцца ў стадыі банкруцтва. Навічку перадалі і частку неліквіднай маёмасці ранейшага даўжніка (напрыклад, невыкарыстоўваемую і разукамплектаваную тэхніку). Пры такіх умовах зразумела, што новае прадпрыемства першапачаткова было «не працуючым», не мела штата і на момант стварэння з’яўлялася неплацежаздольным.
Устаноўленыя абставіны дазволілі кваліфікаваць дзеянні кіраўнікоў і заснавальнікаў абедзвюх фірмаў (г. зн. ранейшага і новага даўжнікоў) як ілжэпрадпрымальніцтва, звязанае з прычыненнем шкоды крэдыторам у асабліва буйным памеры, а таксама ўхіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае артыкуламі Крымінальнага кодэкса, па якіх узбуджаны крымінальныя справы, прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці