Наш аповед пойдзе зусім не пра літаратурныя жарсці, каханне і дуэлі, як спачатку можна падумаць з загалоўка. Гэта гісторыя пра бяду, якая прыйшла ў многія ўкраінскія сем’і, і шляхах выйсця з яе, якія прывялі братоў-украінцаў на Дзятлаўшчыну. За другое паўгоддзе 2014 года ў наш раён прыбылі 178 грамадзян Украіны, з якіх 35 – зарэгістраваны на часовае пражыванне, 25 – як працоўныя мігранты, 32 – на пастаяннае месца жыхарства, 4 чалавекі атрымалі дазвол на працу як каштоўныя для раёна спецыялісты. Пераважная большасць прыязджаючых з Украіны людзей – жыхары Луганшчыны і Данеччыны.
***
Дваццацічатырохгадовы Аляксандр Пушкін (дарэчы, поўны цёзка класіка) прыехаў на Дзятлаўшчыну разам са сваёй сям’ёй – жонкай і яе бацькамі, малодшымі братам і сястрой. На пытанне, што яго прывяло сюды, адказаў сцісла і вычарпальна – “Вайна…”: у іх родным пасёлку гарадскога тыпу, што ў Луганскай вобласці, вяліся баявыя дзеянні, кожны дзень знаходжання там быў рызыкай для жыцця.
Ехалі не “наабум”: па-першае, можна было спадзявацца, што не пакінуць у бядзе сваякі з Раклевічаў, па-другое – не згубіліся працоўныя кантакты з цяперашнім старшынёй СВК “Хвінявічы” Мікалаем Бубноўскім.
— Я ўжо прыязджаў сюды раней, працаваў пад кіраўніцтвам Мікалая Анатольевіча, праўда ў іншы СВК, – расказвае малады чалавек. – Калі збіраліся ехаць, патэлефанаваў яму, запытаўся наконт працы і атрымаў станоўчы адказ.
Сям’я Пушкіных ехала да месца прызначэння цягніком з Харкава. Тут сустрэлі сваякі, як і было абяцана, Аляксандр атрымаў працу ў СВК. Адзінае багацце, якое ён прывёз з сабой – спецыяльнасць ветэрынарнага доктара, па якой і працуе сёння на малочнатаварнай ферме-тысячніку “Хвінявічы”. З астатнім дапамагло кіраўніцтва гаспадаркі: не толькі выдзелілі жыллё, але і дапамаглі з заменай сістэмы ацяплення, зрабілі рамонт, забяспечылі прадуктамі харчавання і рэчамі першай неабходнасці.
Жонка маладога ветэрынара працуе тамсама на ферме, рознарабочай. Юлію не нагружаюць цяжкай сельскагаспадарчай працай, бо яна – будучая маці.
— Мы даўно хацелі дзіця, ды раней не атрымлівалася – здароўе не дазваляла, – кажа жанчына. – А тут, ня гледзячы на бамбёжку, пераезд, нявызначанасць – такі цуд… Нібы знак нябёсаў, што будуць у нашым жыцці перамены да лепшага.
***
Алену і Віктара Нескаромных адразу заўважыш сярод работнікаў фермы “Парэчча”. Ён працуе жывёлаводам, яна – даяркай. Пры любой магчымасці яны дапамагаюць адзін аднаму, заўжды трымаюцца разам, нават ходзяць за руку. Нескладана здагадацца – маладажоны. Іх каханне, якое ўспыхнула іскрай пасярод разрухі, не выбірала час. Маладыя людзі спачатку хацелі распісацца таемна ад бацькоў, аднак, паважаючы іх меркаванне, адклалі заключэнне шлюбу на паўгода. Мінулым летам Алена і Віктар сталі мужам і жонкай, нягледзячы на ваеннае становішча – згулялі вяселле.
Да нас яны прыехалі з вёскі Новая Іванаўка Луганскай вобласці, зямлі, дзе неба па начах расквечвалася артылерыйскімі залпамі. Ехалі з надзеяй на будучыню, якую страцілі на роднай зямлі.
— Мы напачатку і не думалі пераязджаць, – тлумачыць Алена. – А калі пачалі моцна бамбіць, у адзін момант вырашылі з’язджаць адтуль.
Нескаромныя патэлефанавалі ў Беларусь, дзе ў вёсцы Данілавічы Дзятлаўскага раёна жывуць дзядуля і дзядзька Алены. Са сваякамі даўно не кантактавалі, аднак тыя без роздуму пагадзіліся прыняць родных з Украіны.
Маладыя людзі патлумачылі, як, прыехаўшы ў Данілавічы, аказаліся ў СВК “Хвінявічы”: у гаспадарцы прапаноўвалі жыллё і працу – галоўнае, што патрэбна чалавеку на новым месцы. Таксама маладой сям’і тут аказалі першую “прадуктовую” дапамогу на суму каля 300 тысяч рублёў. За гэта сям’я Нескаромных шчыра ўдзячная спагадліваму старшыні гаспадаркі Мікалаю Бубноўскаму і добразычлівым работніцам фермы “Парэчча”.
Жыццё паступова ўладкоўваецца, але думкі маладых людзей нязменна імкнуцца на Радзіму, дзе засталіся бацькі, браты і сёстры, родныя, якія па розных прычынах не могуць або не хочуць пакідаць сваю зямлю.
— Падтрымліваем адносіны са сваімі праз Інтэрнэт, добра, што пакуль ёсць сувязь, – расказвае Алена. – Бацькі застаюцца там, трымаюцца за сваё, абжытае цэлымі пакаленнямі месца, даглядаюць сваіх састарэлых бацькоў. Нам застаецца толькі спадзявацца, што ўсе яны застануцца там жывымі і здаровымі.
***
Хрысціна Ганчарова – настаўніца англійскай мовы Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Яе муж Руслан Ягоравіч працуе жывёлаводам у СВК “Вензавец”, завочна вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце. У гаспадарцы яму паабяцалі: атрымае вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю – будзе працаваць інжынерам.
— Я нават не думала, што муж, філолаг па адукацыі, з першага разу здасць іспыты ў аграрны ўніверсітэт, – прызнаецца Хрысціна. – А ён паступіў нават на бясплатнае навучанне.
Галава сям’і Руслан Ганчароў акурат здаваў у Гродне сесію, а Хрысціна пагадзілася расказаць гісторыю іх няпростага шляху ў Беларусь.
Да пераезду сям’я Ганчаровых жыла ў вялікім прамысловым горадзе Енакіеве, што на Данеччыне. Было ўсё, што трэба людзям для шчасця: ён выкладаў у мясцовым універсітэце, быў дацэнтам кафедры ўкраінскай мовы, яна – знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, гадавала дваіх маленькіх сыноў; жылі ў сваёй кватэры на другім паверсе шматпавярховага дома.
Баявыя дзеянні, якія разгарнуліся ва Украіне і спачатку толькі навінамі даходзілі да Ганчаровых, хутка сталі рэальнасцю, іх кашмарам. Спачатку разбамбілі ўніверсітэт, і Руслан застаўся беспрацоўным у сябе на Радзіме; не раз снарады траплялі на жылыя дамы, і жыхары шматпавярхоўкі спускаліся з высокіх паверхаў на ніжэйшыя або шукалі месца ў бамбасховішчы. Маладая сям’я з маленькімі дзецьмі на руках не магла прыняць такую паўсядзённасць.
А летам Ганчаровым патэлефанаваў сваяк з Дзятлава, нават не родны Хрысцінін дзядзька, а муж цёці Іван Аляксеевіч Касцюшка. Ён настойліва клікаў сям’ю ў Беларусь. Жанчына з двума сынамі – чатырохгадовым старэйшым Васем і малодшым гадавалым Ванькам – у чэрвені прыехала на Дзятлаўшчыну, праз месяц да іх далучыўся сам Руслан. Аформіліся, пачалі шукаць працу, і пошукі прывялі іх у Вензавец.
— Нас тут сустрэлі, як сваіх, дапамагалі суседзі, калегі, мясцовыя жыхары, проста незнаёмыя людзі, – расказвае Хрысціна. – Пасля тых страшных падзей я і падумаць не магла, што змагу зноў адчуць сябе шчаслівай.
У Вензаўцы сям’я Ганчаровых зноў вучыцца радавацца простым рэчам, Хрысціна – добрым адкрытым вучням, спрыяльнай абстаноўцы ў школьным калектыве; Руслан – не вельмі пакуль звычнай, але прыемнай фізічнай працы, беларускай прыродзе (па словах жанчыны, муж нават вершы піша ў вольную хвіліну), два светлавокія бялявыя хлопчыкі – новым падзеям, сябрам і мірнай сельскай цішыні. Ім хочацца верыць, што для іх, сям’і Ганчаровых, Беларусь стане сапраўдным другім домам.
***
Першыя, хто пакутуе ў часы нестабільнасці, – дзеці. Таму пенсіянерка Ганна Пятроўна Усава па просьбе сваёй дачкі вырашыла ратаваць траіх унукаў ад вайны, вывезшы іх з Данецка, раёна баявых дзеянняў, у Беларусь.
Ехалі апошнім цягніком з Марыупаля, які ішоў у гэтым напрамку. Ехалі на Дзятлаўшчыну, бо тут вырасла і вучылася калісьці сама Ганна Пятроўна (у дзявоцтве – Цынгалёва), ды цяпер дома яе дзяцінства ўжо няма на карце раёна. Калі прыбылі сюды, даху над галавой не было. Гэта пытанне вельмі хутка вырашылі мясцовыя ўлады: намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч дапамог з часовым прытулкам у інтэрнаце райцэнтра. Дзятлаўчанка Лідзія Васільеўна Саўрасевіч, зразумеўшы чужую бяду, дазволіла кватарантам жыць у сваім доме бясплатна, аплачваючы толькі камунальныя паслугі. Знайшліся чулыя людзі, якія дапамагалі хто матэрыяльна, хто вопраткай, хто прадуктамі харчавання. Дапамаглі аднакласнікі Ганны Пятроўны, добрыя суседзі па вуліцы Кастрычніцкай.
Дзяцей, дзвюх старэйшых Юлю і Паліну, а таксама малодшага Максіма, як сваіх, прынялі ў сярэдняй школе №1 Дзятлава, дзе яны паказваюць някепскія поспехі ў вучобе. Мараць пра мір на Радзіме, каб хутчэй вярнуцца ў родны Данецк.
Калі маладыя людзі, якія прыехалі з Украіны, могуць спадзявацца на свае сілы, уладкоўвацца на працу, то двум пенсіянерам разам з трыма ўнукамі вельмі цяжка знайсці хоць якую крыніцу прыбытку. Муж Ганны Пятроўны Валерый так і не змог афіцыйна ўладкавацца на працу: арганізацыі не зацікаўлены ў работніку, якому ўжо за 65. Браўся за любую часовую працу: калоў дровы, капаў траншэі, быў падсобным рабочым у прыватнага прадпрымальніка. Але надышла зіма, і разам з прыродай усё працоўнае жыццё ў райцэнтры быццам застыла да вясны. Ужо два месяцы Усавы пакутуюць у нястачы, выжываючы толькі дзякуючы людской спагадзе, не ведаюць, якім ён будзе, заўтрашні дзень. Застаецца толькі спадзявацца, што сям’ю не пакінуць сам-насам з іх праблемамі, а доўгая бясснежная зіма не стане для гэтых пяці ўкраінцаў сапраўды чорнай.
Н. АВЯРЧУК