У час раённага суботніка па добраўпарадкаванні аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў каля помніка Іосіфу Філідовічу наводзіў парадак сапраўдны працоўны дэсант.

У яго ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, дэпутаты і члены вучнёўскай палаты моладзевага савета VIII склікання пры раённым Савеце дэпутатаў.

Разам яны прыбралі апалае лісце каля помніка і ў скверы за ім. Сустрэча атрымалася цёплай і выніковай, у час яе моладзь навучылася ў дарослых духу калектыўнай працы і абмеркавала надзённыя справы ў раёне.
Андрэй Садоўскі адзначыў пазітыўны эфект такіх мерапрыемстваў:

– Гэта не першая асенняя акцыя ў раёне: на працягу месячніка па навядзенні парадку кожную пятніцу выйсці на дзве-тры гадзіны, каб горад да выхадных быў чысты. Сёння разам з моладзевым саветам працуем на раённым суботніку ў скверы Філідовіча.
–Як паказвае сябе моладзь у рабоце?
– Выдатна. Гэта маладыя патрыёты сваёй краіны, якія маюць сваю цвёрдую грамадзянскую пазіцыю як у грамадскім жыцці, вучобе, так і ў рабоце. Актыўныя, ініцыятыўныя, яны праяўляюць жывую цікавасць да ўсяго, што адбываецца на Дзятлащшчыне. Гледзячы на іх, мы, дарослыя, спакойныя за будучыню нашага краю і краіны.
– На што будуць накіраваны грошы, заробленыя ў час суботніка?
– Акумуляваныя сродкі прызначаюцца для развіцця сацыяльнай сферы. І калі асноўныя яе патрэбы мы закрываем са сродкаў раённага бюджэту, то збор ад раённага суботніка можа быць карысным якраз у рэалізацыі моладзевай палітыкі.
– Суботнік – гэта традыцыя з савецкай спадчыны. Ці захоўвае яна актуальнасць сёння?
– Працаваць разам на карысць роднага краю – тое, што будзе папулярна і сучасна заўсёды. Сённяшняе мерапрыемства паказала, што моладзь падхоплівае ад нас лепшыя працоўныя традыцыі, каб панесці іх далей па жыцці і перадаць наступным пакаленням. Што тычыцца дзятлаўчан, то такія мерапрыемствы прывучылі кожнага з нас быць гаспадарамі на сваёй зямлі і падтрымліваць чысціню нават без нагоды.








Член вучнёўскай палаты моладзевага савета Лізавета Якубоўская падзялілася сваімі ўражаннямі ад работы з дарослымі:

– Сёння мы, члены моладзевага парламента, прыйшлі папрацаваць на суботніку разам з дарослымі. Мы пастаянна праводзім школьныя суботнікі, аднак з кіраўніцтвам раёна даводзіцца працаваць упершыню. Адказна, хвалююча, але разам, думаю, мы з усім справімся. Бо наводзіць парадак на роднай зямлі – абавязак кожнага з нас.














Начальнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк падзялілася меркаваннем, што суботнік – добрая традыцыя, якую трэба падтрымліваць:

– Прыемна разам са сваімі калегамі выйсці і папрацаваць ад душы. Галава адпачывае, настрой на свежым паветры павышаецца. Наперадзе – выхадныя ў чыстым, прывабным родным горадзе. Дзякуй усім, хто клапоціцца аб прыгажосці роднага краю і працуе з намі.




Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае