Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 верасня падпісаў Указ № 305, якім актуалізаваны палажэнні Дырэктывы ад 11 сакавіка 2004 года № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
У новай рэдакцыі нарматыўны дакумент з улікам сучасных рызык і выклікаў удасканальвае падыходы да ўмацавання грамадскай бяспекі, прапануе новыя механізмы яе падтрымкі, у тым ліку ў лічбавым асяроддзі. Указам рэгламентаваны прыярытэтныя кірункі дзейнасці дзяржаўных органаў для стварэння дадатковых умоваў па павышэнні культуры бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, фарміраванні неабходных навыкаў сацыяльна адказных паводзінаў грамадзян, спрыяльнага асяроддзя.
Урадам, аблвыканкамамі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і такімі ж структурамі на месцах, як і раней, будуць ажыццяўляцца арганізацыя і каардынацыя дзейнасці па выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 1 падначаленымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, пры гэтым далейшы кантроль за іх выкананнем будзе праводзіцца органамі пракуратуры.
У Дырэктыву ўвайшло прамое ўказанне, што кіраўнік арганізацыі нясе адказнасць за стан грамадскай бяспекі ў працоўным калектыве, а паколькі само паняцце такой бяспекі трактуецца шырэй, то зона адказнасці кіраўніка таксама пашырана. Замацавана, што кіраўнікі арганізацый павінны праводзіць сярод розных мэтавых груп насельніцтва інфармацыйна-тлумачальную работу па шырокім коле пытанняў (ад лічбавай гігіены да шкоды электронных цыгарэт); ладзіць мерапрыемствы па фарміраванні культуры бяспечных паводзінаў на працоўных месцах і ў побыце, пры карыстанні транспартам, экалагічнай культуры, развіцця правасвядомасці; вучыць правілам бяспечнай жыццядзейнасці з фарміраваннем навыкаў дзеянняў пры ўзнікненні пагроз прыроднага, тэхнагеннага, сацыяльнага характару; весці работу па зніжэнні рызыкі, звязанай з выкарыстаннем сучасных сродкаў камунікацыі і лічбавага асяроддзя. Усё гэта ім неабходна рабіць у адпаведнасці з кампетэнцыяй і прыцягненнем сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым падобныя даручэнні закранаюць не толькі арганізацыі дзяржаўнага сектара. На індывідуальным узроўні адказнасць за ўласныя здароўе, бяспеку і членаў сям’і нясе сам грамадзянін.
Меркаваннем падзялілася Марына Нячай, дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, дэпутат Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, член Гродзенскай абласной асацыяцыі моладзевых саветаў, дэлегат УНС:

– Лічу, што новая рэдакцыя Дырэктывы № 1 абумоўлена сучаснымі рызыкамі і выклікамі. У час лічбавых тэхналогій узнікае неабходнасць удасканалення падыходаў да замацавання грамадзянскай бяспекі, прапановы новых механізмаў яе падтрымання, у тым ліку ў віртуальным асяроддзі, што і было зроблена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 305 ад 8 верасня 2026 года.
Так, унесены змяненні і новаўвядзенні ў структуру і кантроль Дырэктывы № 1: дакумент атрымаў новую рэдакцыю, уключаючы назву, структуру і кантроль з боку органаў пракуратуры. Сярод прыярытэтаў – ахова грамадскага парадку, забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, супрацьдзеянне экстрэмізму, незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, кантроль знешніх міграцыйных працэсаў. Актуальнымі застаюцца абарона насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый і грамадзянская абарона, бяспека дарожнага руху, экалагічны, санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт беларусаў і бяспека працы. Як бачым, уключаны пункты па супрацьдзеянні экстрэмізму і абароне ў лічбавым асяроддзі.
Размежавана адказнасць грамадзян за сваю сям’ю, а кіраўнікоў – на ўзроўні арганізацый, галін дзейнасці, рэгіёнаў, што значна спрашчае дзейнасць кіраўніку.
Сталі больш жорсткімі патрабаванні да бяспекі абсталявання, папярэджанні работы на няспраўнай тэхніцы і дзеянняў работнікаў пры паломках.
Адзначу, што аптымізавана справаздачнасць: мерапрыемствы інтэграваны ў рэгіянальныя планы.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga