Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту (ШІ). Педагогі Дзятлаўшчыны заваявалі два дыпломы пераможцаў.

Конкурс ладзіўся Акадэміяй адукацыі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У чатырох намінацыях – “Метадычны матэрыял па выкарыстанні тэхналогіі ШІ ў адукацыйным працэсе”, “Распрацоўка пазакласнага мерапрыемства з выкарыстаннем тэхналогій ШІ ў ходзе яго правядзення”, “Распрацоўка ўрокаў з выкарыстаннем тэхналогій ШІ ў ходзе правядзення вучэбнага занятку”, “Распрацоўка факультатыўнага занятку з выкарыстаннем тэхналогіі ШІ ў ходзе яго правядзення” – паўдзельнічалі 797 работ.

У рэспубліканскія фіналісты конкурсу выйшлі і атрымалі дыпломы пераможцаў настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Святлана Урбан і настаўніца фізікі гімназіі № 1 горада Дзятлава Людміла Канавалік.

Святлана Урбан:

– Каб падзяліцца вопытам з настаўнікамі раёна ў час метадычнага аб’яднання, я з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту распрацавала ўрок “Правапісанне галосных о, е, ё пасля шыпячых і літары ц” для 10-га профільнага класа. Калі быў аб’яўлены конкурс, работа прыйшлася дарэчы, хаця яе давялося крыху дапрацаваць з улікам конкурсных патрабаванняў. Было прыемна даведацца, што мае намаганні высока ацаніла рэспубліканская камісія.

Для падрыхтоўкі ўрока я выкарыстоўвала тэкставыя сэрвісы з тэхналогіяй штучнага інтэлекту, такія як ChatGPT, Аліса, DeepSeek, GigaChat і іншыя. Задачай было, каб тэхналогіі ШІ прасочваліся на ўсіх этапах занятку. Таму пры праверцы дамашняга задання скарысталася сэрвісам Аліса, які дапамог не толькі правільна ўставіць прапушчаныя літары ў практыкаванне, але і даў тлумачэнні, – навучэнцам заставалася самастойна праверыць уласныя работы. Пры вывучэнні новага матэрыялу прапанавала класу самім звярнуцца да чатаў, каб адшукаць прыклады і запоўніць табліцу. DeepSeek дапамог мне за секунды з двух дзясяткаў словаў, не звязаных па сэнсу, скласці тэкст, з якім працавалі для замацавання ведаў. Затым у рэжыме рэальнага часу папрасіла GigaChat згенераваць тэкст з памылкамі, якія выпраўлялі і тлумачылі навучэнцы. На этапе рэфлексіі для падрыхтоўкі да ЦЭ DeepSeek склаў тэст, які дзесяцікласнікі прайшлі і атрымалі за яго адзнакі.

Безумоўна, сэрвісы штучнага інтэлекту не могуць замяніць настаўніка, у іх яшчэ сустракаюцца памылкі, якія трэба адсочваць, аднак пры падрыхтоўцы матэрыялаў значна аблягчаецца работа педагога. Гэта магутны інструмент пры распрацоўцы ўрокаў, класных і інфармацыйных гадзін, падрыхтоўцы да алімпіяд і іспытаў. Мы павінны ісці ў нагу з часам разам з дзецьмі, і тэхналогіі дазваляюць зрабіць заняткі больш жывымі, запамінальнымі, цікавымі.

Людміла Канавалік:    

– На конкурс я падавала інтэрактыўны практыкум з элементамі прафесійных пробаў “Інжынер ХХІ стагоддзя: фізіка і ШІ як старт кар’еры” для навучэнцаў 10-11 класаў профільнай групы інжынернай скіраванасці. Ён закліканы сфарміраваць у дзяцей прадстаўленне аб сучаснай інжынернай прафесіі і ролі ШІ ў інжынернай дзейнасці. У час практыкума старшакласнікі даведваюцца аб інжынерных спецыяльнасцях, запатрабаваных у Беларусі, у іх фарміруецца матывацыя па выбары прафесіі. У ходзе практыкума заданні па фізіцы рашаюцца як інжынерныя задачы пры ўзаемадзеянні са штучным інтэлектам. Дзеці дзеляцца на групы, кожная з якіх праходзіць прафесійныя пробы. Проба “Інжынер-даследчык” ставіць задачу вывучыць з дапамогай ШІ фізічную з’яву. “Інжынер-канструктар” – з ШІ стварыць эскіз або 3D-мадэль інжынернага прыстасавання. “Інжынер-тэхнолаг” – з ШІ падабраць матэрыял, выканаць разлік, спланаваць працэс вырабу прыстасавання, зрабіць разлікі кошту ў беларускіх рублях. “Інжынер-прэзентатар” – з ШІ падрыхтаваць кароткія прэзентацыі праектаў. Затым праект кожнай з груп прадстаўляецца і ацэньваецца. У працэсе практыкума навучэнцы павінны пражыць вопыт інжынернай дзейнасці.

Як бачым, штучны інтэлект аблягчае работу настаўніка, пашырае магчымасці, аптымізуе многія працэсы пры падрыхтоўцы да заняткаў, часам нават павышае якасць выкладання. Я і далей у сваёй педагагічнай рабоце планую практыкаваць тэхналогіі ШІ, магчыма, мадэляваць элементы практычнай часткі, каб зрабіць працэс навучання больш даследчым.

Ірына СТЫРНІК

Фота ўдзельнікаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации