Калі для большасці школьнікаў урокі і строгі графік застаюцца ў мінулым, то ў выхаванцаў спартыўна-аздараўленчага летніка “Алімпіец” Дзятлаўскай ДЮСШ пачынаецца асаблівая пара. Канікулы тут не азначаюць перапынак у рабоце, наадварот, вучэбна-трэніровачны працэс і напал спаборніцтваў працягваюцца поўным ходам, арганічна пераплятаючыся з яркім летнім адпачынкам.

Лета ў юных спартсменаў праходзіць па-сапраўднаму горача. І справа не толькі ў надвор’і, а ў максімальнай інтэнсіўнасці кожнага дня. Раніца хлопчыкаў і дзяўчынак традыцыйна пачынаецца з сур’ёзных трэніровак. Тут пачаткоўцы і ўжо дасведчаныя атлеты ўпарта адточваюць тэхніку, развіваюць вынослівасць і павялічваюць сваё спартыўнае майстэрства.

Каб будні не здаваліся аднастайнымі, арганізатары падрыхтавалі для іх насычаную выхаваўчую і забаўляльную праграму: футбольную гульню “Панна”, турнір “Адзін на адзін” і першынство летніка “Бітва на раўнавагу”, турнір на гарадскім пляжы “Хто хутчэй”,  гульню “Што? Дзе? Калі?”. Адзін з тэматычных дзён прайшоў пад дэвізам “Спорт супраць шкодных звычак”, дзе выхаванцы ў чарговы раз даказалі свой усвядомлены выбар на карысць здароўя.

“Алімпійцы” праяўляюць глыбокую павагу да гісторыі сваёй краіны. Яны наведалі мемарыял “Дзеці ліхалецця”, дзе ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, пабывалі на экскурсіі ў 116-ю гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базе, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Пацвярджэннем таго, што летнік трымае высокую планку, сталі гучныя поспехі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У рамках адкрытых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2014 года нараджэння і малодшых Вікторыя Свораб заваявала ганаровае 2-е месца ў скачках у вышыню. Сапраўдным трыумфам стала выступленне Ягора Навіцкага на адкрытым першынстве Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы, дзе юны спартсмен заваяваў адразу два першыя месцы.

Змена ў летніку “Алімпіец” падыходзіць да канца, даказваючы, што спорт, сяброўства і актыўная жыццёвая пазіцыя – гэта лепшы рэцэпт незабыўнага лета.

Наталля КАЛОДКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации