18 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад ТАА “Трыал Эксперт”, абласная пад кіраўніцтвам начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама Валерыя Клімовіча – перад работнікамі Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных і іншых арганізацый, працавалі групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Адзіны дзень інфармавання насельніцтва праходзіў напярэдадні 22 чэрвеня – Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, таму ключавой тэмай размовы стала “Памяць у імя будучыні”.
Як адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, Беларусь, якая страціла ў гарніле Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але няскораная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага, усяго савецкага народа. Ад гэтага гонару мы ніколі не павінны адмовіцца.

Больш за 80 гадоў мы жывём пад мірным небам, займаемся стваральнай працай, і гэта права – не падарунак лёсу, а права, заваяванае ў пакутах нашымі гераічнымі продкамі.
Мы – нашчадкі пераможцаў. У 1945 годзе наша краіна стала адным з заснавальнікаў Арганізацый Аб’яднаных Нацый. Атрыманне гэтага ганаровага права – прызнанне ўкладу беларускага народа ў разгром фашызму. Згодна з сацапытаннем, 93,3 % беларусаў ганарацца тым, што жывуць у адной з краін, якая перамагла ў Вялікай Айчыннай вайне, абсалютная большасць (99,1 %) апытаных лічыць, што сучаснаму беларусу важна ведаць гісторыю сваёй краіны.
Помніць і паважаць сваю гісторыю становіцца прынцыпова важным, калі ў шэрагу краін Еўропы (у тым ліку, суседніх з намі) імкнуцца перапісаць падзеі вайны на свой лад, гераізаваць нацызм, знішчаюць помнікі героям-вызваліцелям, апаганьваюць магілы воінаў, якія вызвалялі свет ад карычневай чумы.

І наадварот, супрацьдзеянне скажэнню гістарычнай праўды знаходзіцца пад пільнай увагай беларускай дзяржавы. Значнасць тэмы гістарычнага мінулага замацавана ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На заканадаўчым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь прыняты законы “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму” і “Аб генацыдзе беларускага народа”. На падставе даных, атрыманых Генеральнай пракуратурай у час расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, актуалізуюцца звесткі інфармацыйнага пласта “Спаленыя вёскі” на публічнай кадастравай карце.
У нашай краіне распрацавана нацыянальная канцэпцыя айчыннай гісторыі, у аснове якой навукова абгрунтаваныя факты і падзеі, ідэя непарыўнасці гістарычнага працэсу, станаўлення і развіцця беларускага этнасу, фарміравання яго дзяржаўнасці.
Для прадухілення спроб фальсіфікацыі і аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў красавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь распачата і расследуецца крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У ходзе расследавання адкрываюцца новыя факты, устанаўліваюцца імёны загінулых, выносяцца абвінаваўчыя прысуды.

Вайна паказала: даць адпор моцнаму ворагу можа толькі згуртаванае таварыства сапраўдных патрыётаў, упэўненых у справядлівасці сваёй справы, у імя чаго яны ваююць і нястомна працуюць.
Дзякуючы кансалідацыі беларусаў у пасляваенны перыяд нам удалося зрабіць нашу краіну не толькі суверэннай, але і эканамічна незалежнай. У аснове сённяшніх поспехаў – адзінства нацыі і дух непакорных беларусаў, якія разам з іншымі народамі Савецкага Саюза ўнеслі вырашальны ўклад у выратаванне чалавецтва ад карычневай чумы.
Беларусь шануе памяць аб подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне і ўвекавечвае яе. Толькі за апошняе пяцігоддзе ў краіне створаны і ўсталяваны 338 твораў манументальнага мастацтва, прысвечаных падзеям ваеннай гісторыі, пабудавана і рэканструявана 67 тэматычных знакавых аб’ектаў, сярод якіх рэканструкцыя дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, будаўніцтва музея Воінскай Славы ў Магілёўскай вобласці і іншыя.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны прадаўжае знаходзіць адлюстраванне ў кінастужках, песнях, творах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Згодна з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” ўзнагароджваюцца гарады, якія былі дастойным прыкладам баявога і працоўнага подзвігу, усенароднага супраціўлення, праяўленых у гады ваеннага ліхалецця. На сёння такіх населеных пунктаў 42, у іх ліку горад Дзятлава.
Значную ролю ў рабоце па захаванні гістарычнай памяці выконвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, вядомы рэспубліканскі патрыятычны праект “Кветкі Вялікай Перамогі”, які ўключае больш за тысячу патрыятычных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Памяць – гарантыя непаўтарэння трагедыі мінулых гадоў і залог мірнага жыцця будучых пакаленняў. І мы ніколі не дапусцім, каб на нашай зямлі паўтарылася тое, што 85 гадоў таму.

– Мы помнім подзвіг нашых продкаў і прадаўжаем адстойваць незалежнасць нашай краіны, гісторыю, культуру і права жыць па сваім сумленні і прынцыпах. Галоўныя франты змагання сёння – у інфармацыйнам полі. Мы не дапусцім перапісвання гісторыі і пакажам сапраўдны твар нашчадкаў нацызму, якія адмаўляюцца ад сваіх дзядоў-герояў. На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца пошукавая работа ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, рэстаўрыруюцца помнікі, праходзяць шматлікія мерапрыемствы з удзелам кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і моладзі. У няпростыя часы і падзеі, якія разгортваюцца побач з намі, асабліва важна ўтрымліваць баланс і звяртацца да памяці народа як нашага арыенціра ў гэтым пераменлівым свеце, – падвёў вынік Андрэй Садоўскі.

Тэму расследавання фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадоўжыў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. Ён расказаў аб новых адкрытых фактах і мерапрыемствах па ўвекавечанні памяці, якія чакаюць дзятлаўчан сёлета. Таксама Віталій Станіслававіч спыніўся на тэме экстрэмізму і пакарання за супрацьпраўныя дзеянні.

Начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Шчурскі звярнуўся да тэмы якая, на жаль, не губляе сваёй актуальнасці, асабліва ў моладзевым асяроддзі. Гэта адказнасць за ўжыванне і распаўсюджанне наркатычнах сродкаў і іх аналагаў. Тэрміны за такія правапарушэнні сур’ёзныя, і часта гэта становіцца нечаканасцю і трагедыяй для бацькоў падлеткаў, якія хацелі хутка зарабіць.
Як адзначыў Вадзім Васільевіч, на Дзятлаўшчыне апошнім часам не рэгістраваліся падобныя злачынствы, аднак супрацоўнікі аддзела аказваюць дапамогу калегам іншых раёнаў і абласцей у распрацоўцы такіх фактаў.

– Мак, які некалі беражліва вырошчвалі і сушылі для кулінарных патрэбаў нашы бабулі, сёння даступны ў гандлёвай сетцы. А за самавольнае яго вырошчванне можна атрымаць сур’ёзны штраф, – адзначыў ён.
Вадзім Шчурскі нагадаў, што на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца спецыяльная праграма “Мак”, якая прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў прафілактычнага і рэйдавага характару.

Аб адпачынку на вадзе, выхаванні і абароне дзяцей у час летніх канікулаў, наведванні лясоў згодна з правіламі пажарнай бяспекі прысутным расказаў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.
– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна адбыўся 21 пажар, у якім загінулі два чалавекі. У абодвух смяротных выпадках прычынай стала неасцярожнасць пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.

Па яго словах рэальным і самым дзейсным сродкам засцерагчы сям’ю ад пажару застаецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік, статыстыка станоўчых спрацовак якога толькі расце.
Сяргей Сяргеевіч заклікаў не пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду нават на хвіліну і нагадваць правілы бяспекі, ён расказаў, што ўсё лета на Дзятлаўшчыне праходзяць мерапрыемствы рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Бяспечныя канікулы”, якія прадугледжваюць тлумачальную і асветніцкую работу як са школьнікамі, так і іх бацькамі.




































































Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga