Абкос фермаў, ліквідацыя наступстваў стыхіі, прафілактыка кібермахлярства, Адзіны дзень інфармавання насельніцтва – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На парадку дня – парадак

Вынікі пяці месяцаў па навядзенні парадку на зямлі падвялі ў час абласной, а пасля і раённай нарадаў. На Гродзеншчыне ўладкавана 368 гульнявых пляцовак, высаджана 15 103 тысячы дрэваў, устаноўлена 2065 кантэйнераў для збору адходаў і многае іншае. Вядуцца работы па рэканструкцыі і аднаўленні меліярацыйных сістэм, знос струхлелых, аварыйных будынкаў, увядзенне земляў у сельгасабарот.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі паведаміў, што ў раёне праведзена інвентарызацыя і выяўлены баршчэўнік Сасноўскага на нязначных плошчах. Калі раней на тэрыторыі аграгарадка Раготна гэтай расліны было шмат і яна цяжка паддавалася выдаленню, то цяпер фіксуюцца зусім невялікія ўчасткі. Па выніках абследавання выдадзены прадпісанні, землекарыстальнікам рэкамендавана выдаліць баршчэўнік, звярнуўшыся да хімічнага метаду, каб не дапусціць паўторнае вырастанне. У хуткім часе будзе праведзены кантрольны маніторынг. 

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі абазначыў неабходнасць павышанага кантролю санітарнага стану, у прыватнасці абкосаў, прылеглых тэрыторый жывёлагадоўчых аб’ектаў. На бягучым тыдні спецыялісты інспекцыі выедуць на фермы дзятлаўскіх гаспадарак.

Разам – справіліся

Пра здарэнні мінулага тыдня паведаміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. У раёне адбыліся два пажары: у Дзятлаве – з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электраабсталявання, у вёсцы Валоўнікі – у выніку падпалу. Таксама ратаўнікі аказвалі дапамогу насельніцтву ў барацьбе з джаланоснымі насякомымі. Самай рэзананснай падзеяй стала стыхія, якая “навяла парадкі” ў вёсцы Навасёлкі Данілавіцкага сельсавета – у выніку ўрагану пацярпелі 13 дамоў, з іх 3 – вельмі моцна.

У час нарады Андрэй Уладзіміравіч у чарговы раз ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў выказаў шчырую падзяку за зладжаную і аператыўную работу па ліквідацыі наступстваў непагадзі на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета:

– Нягледзячы на сціслыя тэрміны і экстрэмальныя ўмовы надвор’я, працоўныя калектывы Дзятлаўскага РУП ЖКГ (начальнік Васіль Пяцюк), ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Уладзімір Лашко), Дзятлаўскага РАНС (першы намеснік начальніка Уладзімір Бялятка) і Дзятлаўскага раёна электрычных сетак РУП “Гроднаэнерга” (начальнік Віктар Роўба) зрабілі значна больш за свае службовыя абавязкі. Асаблівыя словы ўдзячнасці – за правядзенне складаных работ па дэмантажы пашкоджаных дахаў жылых дамоў. Персанальная падзяка кіраўнікам. Дзякуючы вашай дакладнай каардынацыі сіл спецыялісты змаглі ў максімальна кароткія тэрміны аднавіць жыццезабеспячэнне населеных пунктаў. Дзякуй за прафесіяналізм, неабыякавасць і надзейнае плячо. Разам мы справіліся з ударам стыхіі.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што гэта надзвычайная сітуацыя – першы сёлета экзамен для службаў аператыўнага рэагавання. І хоць дзятлаўчане пераадолелі яго годна, трэба зрабіць і “работу над памылкамі” – абавязкова прагаварыць з зацікаўленымі службамі і спецыялістамі тыя праблемныя моманты, якія ўзнікалі ў час работ па ліквідацыі наступстваў, гэта дапаможа ў будучым не траціць час на падобныя недакладнасці.

Узнялі на нарадзе тэму дзейнасці праграмы “ІнспектКам”. Сяргей Казушчык вызначыў недастаткова якасную работу прадстаўнікоў дзяржэнерганагляду і аховы здароўя, што негатыўна сказваецца на сістэмным падыходзе да функцыянавання праграмы.

Прадаўжаюць ратаўнікі прафілактычную работу з насельніцтвам, адрасны кантроль жылля з пячным ацяпленнем.

Андрэй Садоўскі паставіў задачу РАНС уключыцца ў падрыхтоўку да будучай уборачнай кампаніі, пачаць абследаванне зернесушылак, праверкі ведаў супрацьпажарнай бяспекі работнікамі сельгаспрадпрыемстваў у час жніва.

Павышэння пенсіі не будзе

Прадоўжыў тэму здарэнняў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі.

Ён расказаў, што на мінулым тыдні дзве дзятлаўчанкі пенсійнага ўзросту пацярпелі ад кібермахляроў. Жанчынам патэлефанавалі і запэўнілі, што неабходна даўнесці пэўную суму грошай на разліковы рахунак банка, і гэта дасць ім права атрымліваць павышаную пенсію. Адна за такую радасную перспектыву паклала на банкаўскі рахунак, які прадыктавалі махляры, 3 тысячы 300 рублёў, а другая – 5 тысяч 499 рублёў.

Даведачна: з 66 злачынстваў, якія адбыліся на тэрыторыі нашага раёна з пачатку года, 24 – кіберзлачынствы (36 % ад агульнай колькасці).

З 1 чэрвеня праваахоўнікі праводзяць спецыяльную праграму “Мак”, накіраваную на знішчэнне нарказмяшчальных раслін (у прыватнасці, маку і канопляў). На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне выяўлены чатыры пляцоўкі дзікарослага маку, знішчаны 48,6 кілаграма яго зялёнай масы. Дарэчы, уладальнікам участкаў пагражае штраф да 20 базавых велічыняў, калі такія расліны выявяць на іх зямлі, нават калі яны выраслі самі.

Працягваецца работа міліцыі па накіраванні ў ЛПП непрацуючых грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем. Усяго сёлета ізаляваны 24 чалавекі.

Сустрэнемся на размову

Адзіны дзень інфармавання па тэме “Памяць у імя будучыні”, прысвечанай 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, пройдзе 18 чэрвеня на Дзятлаўшчыне.

22 чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Сёлета спаўняецца 85 гадоў з дня трагічных падзей 22 чэрвеня 1941 года, калі нацысцкая Германія без абвяшчэння вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь адной з першых прыняла на сябе магутны ўдар ворага, а памяць аб гераізме і ахвярах ваеннага пакалення застаецца найважнейшай часткай нацыянальнай гісторыі. У ходзе Адзінага дня інфармавання асаблівая ўвага будзе нададзена захаванню гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, ушанаванню памяці загінулых і недапушчэнню спроб скажэння гістарычных фактаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации