10 чэрвеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла. Ён правёў прыём грамадзян у памяшканні райвыканкама, у якім таксама прынялі ўдзел начальнік упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Наталля Гуламава, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко.

На прыём да міністра з калектыўным зваротам прыйшлі чатыры жыхаркі раённага цэнтра. Яны прасілі пасадзейнічаць у вырашэнні пытання аб пракладванні каналізацыі па іх вуліцы.

Генадзь Трубіла прапанаваў жанчынам сваё бачанне вырашэння дадзенай сітуацыі. Ён даў даручэнне ўпраўленню жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама трымаць зварот на кантролі.

У час прыёму размова ішла аб рабоце Дзятлаўскага РУП ЖКГ і развіцці галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў цэлым. Генадзь Аляксеевіч адзначыў, што на пільным кантролі кіраўніка дзяржавы і іх міністэрства застаецца праблема з месцамі пахавання і пад’язнымі дарогамі да іх. Па яго словах, такія сітуацыі павінны вырашацца аператыўна і прадметна. Таксама ён нагадаў аб ключавой для эканомікі краіны тэме другаснай сыравіны, якая не губляе сваёй актуальнасці.


– Прэзідэнтам Беларусі была пастаўлена задача давесці долю вымання другаснай сыравіны з адходаў да 70 %, – агучыў міністр. – Каб гэта лічба стада рэальнай, жылкамунгасам трэба займацца дадзеным пытаннем пастаянна, прымяняючы свае дзейсныя падыходы.
Таксама Генадзь Аляксеевіч даў параду па арганізацыі работы жылкамунгасаў у такіх раёнах, як наш:
– Паступова адыходзіць ад практыкі падрадных работ, знаходзіць дастойных спецыялістаў на месцах і збіраць моцную каманду ў кожным з відаў дзейнасці.

Разам з кіраўніком раёна Генадзь Трубіла і Наталля Гуламава наведалі адзін з аб’ектаў рэканструкцыі – фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзятлаве, пазнаёміліся з работай ТАА “Ізакам”, якое займаецца выпускам ПІ-трубаў, пабывалі на ўчастку сартавання другасных адходаў.









Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае