10 чэрвеня пляцоўка каля Дварэцкага дома культуры ператварылася ў сапраўдны кірмаш талентаў, спартыўнага запалу і сямейнага цяпла. Менавіта тут ладзіўся раённы этап штогадовага рэспубліканскага сельскагаспадарчага моладзевага праекта “Уладар сяла” сезона-2026.

Галоўная мэта мерапрыемства – паказаць моладзі, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці застаюцца надзейным падмуркам для будучыні, а работа і жыццё ў сельскай мясцовасці – выдатная альтэрнатыва гарадской мітусні.

У творчых і практычных заданнях на вядзенне сельскага быту спаборнічалі Ігар і Аляксандра Баравіковы з дзецьмі Міхаілам, Мацвеем, Марыяй; Яўген і Лізавета Несцеры з дачкой Марыяй; Павел і Крысціна Каткоўскія з дзецьмі Палінай і Сяргеем; Аляксандр і Святлана Жэгалы з дочкамі Ксеніяй і Ганнай.





Вітаючы ўдзельнікаў свята, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык нагадала, што моладзевы праект “Уладар сяла” скіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчых прафесій, сямейных каштоўнасцяў і нацыянальных традыцый, замацаванне моладзі ў беларускіх вёсках і аграгарадках. Пажадала сем’ям поспехаў і ўдачы на стартах.







На ўсіх этапах спаборніцтваў удзельнікаў ацэньвала журы ў саставе старшыні раённага савета ветэранаў Генадзя Сураўца, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, лідара раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алены Васкель і галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марыны Абрамчык.

Стартавала сельскае свята конкурсам візітовак “Давайце пазнаёмімся”. Праз творчыя выставы і крэатыўныя выступленні каманды-ўдзельніцы расказалі пра свае сямейныя традыцыі, захапленні, побыт. На другім этапе перайшлі ад словаў да справы і ў час сельскай спартыўнай эстафеты прадэманстравалі спрыт і ўменне спраўляцца з работай, без якой не абыходзяцца вясковыя жыхары. Шмат эмоцый выклікаў складаны, але відовішчны конкурс “Дрывасек”, у час якога дарослым давялося распілаваць палена двухручнай пілой, насекчы і скласці дровы.






























Затым матулі разам з дзецьмі збіралі садавіну і ўсе разам плялі купальскія вянкі.















Яркім момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. Кацярына Хілімончык падзякавала ўдзельнікам за прыемныя эмоцыі ад праекта, членам журы – за аб’ектыўную ацэнку, работнікам Дварэцкага дома культуры – за цікавую праграму, словы падзякі адрасавала і арганізацыям, якія аказвалі падтрымку сем’ям. Уладальніцай тытула “Уладар сяла” і пераможнага дыплома стала сям’я Баравіковых. На другім месцы замацаваліся адразу дзве – Несцераў і Жэгалаў. Трэцяе месца занялі Каткоўскія. Усе сем’і атрымалі падарункі ад раённых арганізацый ГА “БРСМ”, РГА “Белая Русь”, ГА “Беларускі саюз жанчын”.




Абласны этап моладзевага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2026” пройдзе 18 чэрвеня. Мяркуецца, што Дзятлаўшчыну на ім прадставяць раённыя лідары.

– У праекце ГА “БРСМ” “Уладар сяла” ўдзельнічалі ўпершыню, – прызналіся Баравіковы. – Сапернікі былі даволі моцныя, таму прыемна здзівіліся, калі нас аб’явілі пераможцамі. Настрой баявы, вясёлы, усё было цудоўна, здорава. Самым складаным іспытам выдаўся конкурс “Дрывасек”: адназначна, нам яшчэ варта патрэніравацца ў нарыхтоўцы дроваў. Збіраючыся на абласны этап плануем удасканаліць і пашырыць сваю праграму, дадаць у яе нацыянальнага каларыту. Спадзяёмся прывезці раёну добрае месца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае