У аграгарадку Гезгалы прайшоў прыём грамадзян па месцы жыхарства кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта.

Яго праводзілі намеснікі старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, Вадзім Бялятка, Вольга Жэлезоўская. Да іх далучыліся дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч, старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Іван Свіб.

На прыём звярнуліся чатыры чалавекі, якія прыйшлі як з прапановамі па добраўпарадкаванні аграгарадка, так і з асабістымі пытаннямі.

Першы заяўнік, ініцыятывы якога ўжо падтрымлівала раённая ўлада, на гэты раз узняў некалькі пытанняў. Мужчына выказаў меркаванне, што ў аграгарадку ёсць праблемы з уборкай тэрыторый, таму мясцовае насельніцтва павінна больш актыўна далучацца да суботнікаў і працоўных акцый. Яшчэ гезгалец унёс свае прапановы па арганізацыі пешаходнай дарожкі ўздоўж алеі туяў, пасаджаных у гонар ракетных войскаў, выдаленні сухіх дрэваў, пабудове санвузла на мясцовым міні-рынку, адкрыцці бара, які знаходзіцца на балансе КСУП “Жукоўшчына”.

Усе гэтыя прапановы былі прааналізаваны з камісійным выхадам на месца і вывучэннем меркаванняў іншых жыхароў аграгарадка. Заяўніку патлумачаны варыянты магчымых рашэнняў.

Пытанне спілоўвання аварыйных дрэваў, але ўжо на мясцовых могілках, хвалявала наступную заяўніцу. З ім яна раней звярталася ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ. Цяпер жанчыне патлумачылі, што ўсе могілкі раёна знаходзяцца на балансе камунгаса. Арганізацыя правяла маніторынгі і склала графікі выдалення дрэваў, якія патрабуюць прыцягнення брыгады прамысловых альпіністаў. Падобныя работы на могілках у розных кутках раёна будуць ажыццяўляцца згодна з гэтым графікам. Тым не менш, жанчыне паабяцалі, што яе пытанне будзе вывучана дадаткова, і яна атрымае пісьмовы адказ аб мэтазгоднасці і тэрмінах работ.

Заяўніца з інваліднасцю, якая жыве ва ўласнай кватэры на пятым паверсе, прасіла дапамогі па абмене кватэры або яе арэндзе на першым ці другім паверхах. З гэтай праблемай у аграгарадку знаёмы, на жаль, падобных варыянтаў замены жылля пакуль няма. Пытанне паабяцалі трымаць на пільным кантролі.

Яшчэ адна заяўніца расказала, што жыве ў Гезгалах тры гады і ўвесь гэты час клапоціцца аб бяздомных жывёлінах. Жанчына прасіла разгледзець магчымасць адкрыцця ў раёне прытулка для бяздомных гадаванцаў. Яшчэ яе хвалявалі пытанні цэнаў на тавары ў мясцовых магазінах, бясплатнай упакоўкі для пакупак, транспартных зносін, капітальнага рамонту дома, у якім жыве. Усе яны прыняты да ведама, і заяўніца атрымае пісьмовыя адказы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Предыдущая новость

Похожие публикации