На Дзятлаўшчыне пачалася масавая сяўба кукурузы, да якой прыступіла большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Больш за 70 гадоў таму за гэтай культурай замацаваўся негалосны статус “царыцы палёў”, аднак і сёння яе ўдзельная вага ў структуры пасяўных плошчаў нязменна высокая. Аграрыям раёна належыць сёлета пасеяць 7891 гектар кукурузы на зерне і зялёную масу.

Самыя значныя плошчы – у ААТ “Граніт-Агра”, тут работы ідуць адначасова на некалькіх вытворчых участках. Набліжаюцца да фінішу – ва ўрочышчы Ведравічы, працэс на месцы кантралюе памочнік загадчыка ўчастка аддзялення № 1 ААТ “Граніт-Агра” Іван Мароз.

– Трэці дзень сеем тут кукурузу на зерне – гібрыд “палескі-175”, які дае стабільна добры вынік. Плошча палетка 90 гектараў, – расказвае Іван Іванавіч. Унеслі ўсе неабходныя ўгнаенні – азотныя, фосфарныя, калійныя, правялі ворыва, культывацыю, прыкатванне глебы. З вопыту ведаю: чым хутчэй пасееш, тым лепшы ўраджай. Будзем спадзявацца на павышэнне начных тэмператур і хуткія ўсходы.

Спецыяліст адзначае, што ў гаспадарцы пераважна камяністыя глебы, таму, акрамя комплексу агранамічнай падрыхтоўкі, патрабуецца збіраць іх, чым займаюцца паляводы сельгаспрадпрыемства.

На падвозе насення – Віктар Тарас які працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо 33-ці год. Для яго палетак у Ведравічах звязаны з асаблівымі ўспамінамі.

– Некалі на гэтым месцы ўдзельнічаў ва ўборачнай кампаніі на камбайне “Ніва”, займаў прызавыя месцы, – расказвае мужчына. – Цяпер здароўе дазваляе працаваць толькі на аўтамабілі. Работа зразумелая, надвор’е радуе, настрой выдатны. Яшчэ б дожджыкаў нам…

Вопытным спецыялістам у кукурузе з’яўляецца механізатар гаспадаркі Дзмітрый Бандарэнка. Ён прымае непасрэдны ўдзел у яе сяўбе, затым усё лета займаецца нарыхтоўкай травяных кармоў і, нарэшце, завяршае сезон на камбайне, таксама на ўборцы кукурузы.

– Працую на нашым беларускім МТЗ-1221. Тэхніка не падводзіць, бо добра падрыхтаваў яе зімой. У рабоце выкарыстоўваем сеялку дакладнага высеву, якая за гады работы добра паказала сябе,  – расказвае ён. – Як бы ні хацелася хутчэй скончыць, вытрымліваю рэкамендаваную хуткасць. Працаваць добра, толькі б пылу крыху менш было.

Усім аграрыям Дзятлаўшчыны Дзмітрый Уладзіміравіч жадае ўдачы і спрыяльнага надвор’я.

Сяўба кукурузы толькі набірае абароты. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама расказалі, што лідарамі па пасяўных плошчах “царыцы палёў” выступаюць ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дварэц-Агра” і СГФ “АграМілк”. Пры гэтым на Дзятлаўшчыне ўжо пасеялі яравы рапс на плошчы 950 гектараў (104 % ад запланаванага), а таксама цукровых буракоў – 920 гектараў (100 %).

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  

Похожие публикации