У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 37-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сілавых структур, адміністрацыя і навучэнцы школы, а таксама члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – нашы землякі, якія ў маладым узросце выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у гэтай краіне, а сёння жывуць і працуюць на малой радзіме.

Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў школьным двары каля памятнай дошкі, прысвечанай выпускніку Новаяльнянскай школы 1978 года Аляксандру Шылаву, які гераічна загінуў пры выкананні баявога задання на вайне ў Афганістане.


За праяўленыя мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнай рады СССР ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Савецкага Саюза, медалём “У памяць 10-годдзя вываду Савецкіх войскаў з Афганістана”. На жаль, гэтыя ўзнагароды ён атрымаў пасмяротна.


Прысутныя ўшанавалі памяць Аляксандра Шылава і ўсіх савецкіх салдат, загінулых на той вайне, хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да памятнай дошкі.










Сустрэча прадоўжылася ў музеі “Дзеці ліхалецця”, дзе навучэнцы школы прадставілі ўвазе гасцей прэзентацыю аб нашых земляках.

Свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане выконвалі 130 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны. З іх 22 адзначаны баявымі ўзнагародамі. 14 воінаў-афганцаў – жыхары пасёлка Наваельня, большасць з іх – выпускнікі Новаяльнянскай сярэдняй школы. За выкананне інтэрнацыянальнага абавязку старшы прапаршчык, тэхнік ваенна-паветраных сіл Аляксей Бальшой узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”; яфрэйтар, старшы сапёр Аляксандр Раманюк і старшы сяржант, намеснік камандзіра ўзвода БТР Дзмітрый Талкун былі адзначаны медалём “За адвагу”; сяржант Сяргей Лазоўскі – медалём “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”.

Спецыяліст музея Тамара Крывеня расказала пра даследчую работу, прысвечаную вайне ў Афганістане, якая праводзіцца на базе навучальнай установы, адзначыла, што ў музеі беражліва захоўваюць асабістыя рэчы і ўзнагароды загінулага Аляксандра Шылава і іншых землякоў. Яна падзякавала воінам-інтэрнацыяналістам за сустрэчу і пажадала моцнага здароўя.




Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае