Сяўба азімых, бяспека на аб’ектах АПК, падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду, сельскія магазіны – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Біялагічная абарона аб’ектаў жывёлагадоўлі
Cельгаспрадпрыемствамі прадугледжваецца агароджа малочнатаварных фермаў і комплексаў, каб забяспечыць абарону ад пранікнення на тэрыторыю старонніх асоб і драпежных жывёл, а таксама стварэнне дэзынфекцыйнага бар’ера для транспарту.
Гэта абавязковая частка агульнага тэхналагічнага працэсу па вытворчасці малака, якая складаецца з улікам эпізаатычнага і санітарнага стану, а таксама асаблівасцяў гаспадаркі.
На Дзятлаўшчыне цяпер 14 аб’ектаў з даільнымі заламі і малочнымі блокамі; 6 МТФ, абсталяваных малакаправодамі; 18 фермаў па ўтрыманні маладняку, развядзенні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Усе яны, акрамя фермы “Палонка”, агароджаны і маюць дэзынфекцыйны бар’ер.
Андрэй Садоўскі паставіў задачу ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ветэрынарнай службе да канца верасня, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вызначыцца з мэтазгоднасцю існавання фермы “Палонка”.
Гандаль у сельскай мясцовасці
Ці горшы асартымент прадуктаў у сельскіх магазінах або гарадскіх, на мінулым тыдні высвятлялі дзве абласныя маніторынгавыя групы. Прадстаўнікі Гродзенскага абласнога спажыўтаварыства сустрэліся з жыхарамі вёсак Малдуці, Ведравічы, пагутарылі пра работу аўтамагазінаў свайго філіяла. Наведалі магазіны ў населеных пунктах Жукоўшчына, Дварэц, Засецце.
Другая група – прадстаўніцтва аблвыканкама – праверыла работу магазінаў у Дзянісава, Войневічах, Вензаўцы.
Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, сур’ёзных заўваг ад абласных спецыялістаў не прагучала, некаторыя пытанні вырашаліся на месцы.
– Кантроль за сферай гандлю не павінен паніжацца. Сёння сельскія магазіны забяспечаны шырокім асартыментам прадукцыі, рэгулюецца графік работы аўтамагазінаў для зручнасці жыхароў маланаселеных вёсак. Аднак выканаўчая дысцыпліна ў Дзятлаўскім філіяле аблспажыўтаварыства нізкая. Неабходна больш займацца аб’ектамі гандлю санітарнай службе. Ёсць над чым працаваць усім зацікаўленым арганізацыям, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
За святам рабочыя будні
Сельская гаспадарка ў мінулую суботу адзначыла раённае свята “Дажынкі”. Работнікі галіны атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У Дзятлаве ўвесь дзень удзельнікаў і гасцей свята радавалі шматлікія сюрпрызы ад арганізатараў, выставы, святочныя канцэрты, камбайн з цукеркамі для дзятвы, начное флайборд-шоу з феерверкам на возеры, якое, дарэчы, сабрала тысячы гледачоў.
Андрэй Садоўскі на нарадзе падзякаваў усім, хто дапамагаў арганізаваць цудоўнае свята, адзначыў, што яно прайшло на вельмі добрым узроўні.
Між тым, свята закончылася, а сельскагаспадарчыя будні клічуць да актывізацыі азімай сяўбы і ўборкі кукурузы.
У планах прадпрыемстваў сяўба 12 049 гектараў азімых культур. На бягучым тыдні ўсе гаспадаркі ўключацца ў гэту работу, таксама пачынаюць уборку кукурузы на сілас, капаюць бульбу.
Кіраўнік раёна паставіў задачу паскорыць тэмпы ўборкі саломы з палёў (лідзіруе ААТ “Дварэц-Агра” – убрана 91 % плошчаў).
Іншыя тэмы коратка
Як далажыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, усе цеплакрыніцы раёна ў стопрацэнтным аб’ёме гатовы да работы ў асенне-зімовы перыяд, сярод спажыўцоў цеплавой энергіі засталіся ў аўтсайдарах Дзятлаўскі філіял аблспажыўтаварыства і кафэ “Паніква”. На бягучым тыдні абедзве арганізацыі плануюць выправіць недахопы і атрымаць пашпарты гатоўнасці.
****
На мінулым тыдні пажараў у раёне не было. Ратаўнікі чатыры разы выязджалі на дапамогу насельніцтву ў барацьбе з джаланоснымі насякомымі.
Андрэй Садоўскі абазначыў супрацоўнікам РАНС задачу па аператыўнай замене, згодна з дзяржпраграмай, электраправодкі ў домаўладаннях грамадзян катэгарыраваных груп.
****
Праваахоўнікі прадаўжаюць маніторынгі аб’ектаў АПК. У выхадныя ў стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы быў затрыманы адзін работнік сельгаспрадпрыемства.
Шэсць чалавек накіроўваюцца ў верасні ў ЛПП, пяць з іх жыхары райцэнтра.
****
Жыхары шматпавярховак даўно карыстаюцца кантэйнерамі для сартавання смецця. Такая магчымасць ёсць і ў тых, хто пражывае ў прыватным сектары Дзятлава. А вось у гарпасёлку Казлоўшчына і часткова ў Наваельні ўласнікі прыватных дамоў яшчэ не атрымалі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Дзятлаўскім РУП ЖКГ пададзена заяўка на набыццё 2800 такіх кантэйнераў. Як толькі яны прыбудуць, іх перададуць домаўладальнікам. На кожнае падвор’е па дзве штукі. Адзін бак (чорны) прызначаны для цвёрдых камунальных адходаў, другі (чырвоны) — для другасных матэрыяльных рэсурсаў (пластык, папера, шкло). Кантэйнеры не перадаюцца ва ўласнасць – толькі на адказнае захоўванне.
****
Па выніках уступнай кампаніі 2025 года 82 выпускнікі дзявятых класаў дзятлаўскіх школ паступілі ў каледжы і ліцэі пры вузах. Прадоўжаць навучанне для атрымання сярэдняй адукацыі 133 дзесяцікласнікі. А вось выпускнікоў адзінаццатых класаў у нашым раёне ў бягучым навучальным годзе будзе 150 чалавек.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga