Пасяджэнне Дзятлаўскага райвыканкама па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за першае паўгоддзе бягучага года, падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года правёў сёння старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. У нарадзе прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Андрэй Садоўскі адзначыў шэраг станоўчых тэндэнцый у развіцці эканомікі Дзятлаўшчыны. Забяспечана выкананне мэтавых паказчыкаў па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі (107 % пры заданні 103,8 %); рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі (105,7 % пры заданні 103,8 %); будаўніча-мантажных работ (196,9 % пры заданні 102 %) і іншых. Важны паказчык – інвестыцыі ў асноўны капітал, ён склаў 152 %. Драйверам тут з’яўляюцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

За паўгоддзе не выкананы толькі тры мэтавыя паказчыкі матрыцы задач – па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (101,5 % пры заданні 104,6 %); па грузаабароце (101,9 % пры заданні 103,5 %); па пасажыраабароце (49,3 % пры заданні 103 %).

– Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – важны паказчык, але ён не выкананы ў першым паўгоддзі па аб’ектыўных прычынах: зрушыліся тэрміны ўборкі палявых культур. Сітуацыя не крытычная, па ўборцы зерневых і зернебабовых рост аб’ёмаў у параўнанні з мінулым годам сёлета даюць чатыры гаспадаркі: “Войневічы”, “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра” і “АграМілк”. Захоўваецца станоўчая дынаміка ў жывёлагадоўлі. Сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна за студзень-чэрвень 2025 года выраблена 41 054 тоны малака, што вышэй за аналагічны перыяд 2024 года на 7,1 %. Надой на адну карову склаў 3787 кілаграмаў, што на 238 кілаграмаў больш, чым летась. Палепшаны якасныя паказчыкі рэалізаванага малака. Гатункам экстра і вышэйшым гатункам рэалізавана 95,9 %. Сёння Дзятлаўшчына займае 28 месца са 118 раёнаў краіны. І ў нас яшчэ ёсць рэзервы – неабходна падцягнуцца КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра”. Надвор’е дазваляе і нарасціць тэмпы па нарыхтоўцы кармоў. Гэта датычыцца сельгаспрадпрыемстваў “Хвінявічы”, “Граніт-Агра”, “Войневічы”, – патлумачыў Андрэй Уладзіміравіч.

У першым паўгоддзі захавалася станоўчая дынаміка па фінансавых паказчыках работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна, забяспечана прыбытковая работа. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася на 27,1 %.

Акцэнт быў зроблены і на прамысловых прадпрыемствах, будаўніцтве.

Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па індэксе фізічнага аб’ёму: ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” (100,5 % пры плане 100,2 %), Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” (107,4 % пры плане 101,6 %), ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (119,9 % пры плане 100,8 %), Дзятлаўскае РУП ЖКГ (103,2 % пры плане 100 %). Не забяспечыла выкананне дадзенага паказчыка ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” з-за змяншэння колькасці заказаў на вытворчасць камбікармоў для птушкі ад ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” і  ААТ “Дварэцкі льнозавод” у сувязі са змяненнем у бягучым годзе ў меншы бок цэн на льновалакно, якое пастаўляецца звыш дзяржаўнага заказу, а таксама паколькі пры выпрацоўцы на новай вытворчай лініі катанізаванага льновалакна ідуць страты ад валакна пярвічнай апрацоўкі і адпаведна памяншаецца колькасць выпрацоўваемых тон.

За студзень-чэрвень 2025 года ў цэлым па раёне атрымана 154,5 млн. рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, тэмп росту склаў 114,2 % да адпаведнага перыяду 2024 года. Удзельная вага ў агульным аб’ёме выручкі па галінах наступная: прамысловасць – 66,2 %; сельская гаспадарка – 20 %; ахова здароўя і сацыяльныя паслугі – 7,1 %; лесаводства – 3,0 %; будаўніцтва – 3,6 %; аптовы і рознічны гандаль – 0,1 %.

Як адзначалася вышэй, паказчык будаўніча-мантажных работ за паўгоддзе склаў 196,9 % пры заданні 102 %. Андрэй Садоўскі адзначыў, што ў раёне вядзецца шмат аб’ектаў будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальных і бягучых рамонтаў. Пры гэтым, важна распрацаваць дакладны план на бліжэйшыя гады. У тым ліку прапрацаваць тэму будаўніцтва яшчэ аднаго 20-кватэрнага арэнднага дома ў райцэнтры, абазначыць неабходнасць будаўніцтва арэндных шматкватэрных дамоў у гарпасёлку Наваельня, аграгарадку Дварэц і іншыя пытанні.

Што датычыцца выканання бюджэту Дзятлаўскага раёна, за справаздачны перыяд у яго паступіла 25 848,7 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў, або забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 44,6 %.

У эканамічнай структуры расходаў бюджэту за першае паўгоддзе 2025 года 81,7 % прыпадае на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў. Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў выдатках бюджэту (75,2 %) займаюць выдаткі на сацыяльную сферу. На яе фінансаванне накіравана за студзень-чэрвень 30 773,1 тысячы рублёў.

Яшчэ адно пытанне, якое было разгледжана на пасяджэнні райвыканкама, – гатоўнасць устаноў адукацыі Дзятлаўскага раёна да 2025-2026 навучальнага года.

У новым навучальным годзе на Дзятлаўшчыне будуць функцыянаваць 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 7 – дашкольнай; установа дадатковай адукацыі, спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр.

З 1 верасня будзе праведзена рэарганізацыя чатырох школ: Раклевіцкая і Жукоўшчынская базавыя школы стануць пачатковымі, Вензавецкая і Круцілавіцкая сярэднія школы – базавымі.

За парты сядуць 1992 навучэнцы (на 100 дзяцей менш, чым летась), з іх 153 першакласнікі, 530 выхаванцаў. Адукацыйны працэс будуць забяспечваць 469 педагагічных работнікаў, з іх 217 настаўнікаў-прадметнікаў, 60 настаўнікаў пачатковых класаў. У 2025 годзе прыехалі ў раён 8 маладых спецыялістаў, з іх 6 – ва ўстановы дашкольнай адукацыі.

Дарэчы, Андрэй Садоўскі зрабіў акцэнт на кадравым пытанні, неабходнасці комплекснага падыходу да падрыхтоўкі і замацавання маладых спецыялістаў.

Аддзелам адукацыі раённага выканаўчага камітэта, установамі адукацыі раёна пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама арганізавана і праведзена значная работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

На правядзенне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі затрачана 3 024,0 тысячы рублёў, з іх на правядзенне капітальнага рамонту – 2 506,7 тысячы рублёў, на правядзенне бягучага рамонту – 517,3 тысячы рублёў. З пазабюджэтных сродкаў сума выдаткаў на выкананне рамонтных работ ва ўсіх установах адукацыі склала 15 тысяч рублёў; спонсарскія сродкі – 69,6 тысячы рублёў; праз цэнтр занятасці – 7,1 тысячы рублёў.

На набыццё сродкаў навучання і абсталявання затрачана 54,8 тысячы рублёў, на спортінвентар – 8 тысяч рублёў. Закуплена мэбля на суму 33,5 тысячы рублёў.

Ва ўсіх установах дзейнічае прапускны рэжым, у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча – прапускная сістэма “фэйскантроль”; устаноўлены камеры відэаназірання на цэнтральных уваходах і ўваходах у харчблокі, камеры фотафіксацыі заезду на тэрыторыю ўстаноў адукацыі.

Для падвозу навучэнцаў выкарыстоўваюцца 10 аўтобусаў, ёсць 3 рэзервовых. У 2025 годзе набыты 16-мясцовы школьны аўтобус за кошт сродкаў раённага бюджэту.

Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі праведзена падрыхтоўчая работа і абсталяваны месцы для захоўвання сродкаў мабільнай сувязі (новаўвядзенне).

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021-2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 студзеня 2001 года № 57, па стане на 22 жніўня 2025 года праведзена выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года за кошт бюджэтных сродкаў 279 шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць 575 непаўналетніх на суму 84,1 тысячы рублёў, што складае 100 % ад колькасці сем’яў, якія маюць патрэбу.

Старшыня райвыканкама станоўча адзначыў падрыхтоўку школ і дзіцячых садоў да новага навучальнага года. Падзякаваў вялікаму педагагічнаму калектыву раёна на чале з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай за ініцыятыўнасць, зладжаную якасную дзейнасць.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации