Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і шчасце людзей. Пра герояў сучаснасці, якія сёння працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на старонках газеты “Перамога” раскажуць тыя, хто за іх перажывае і ганарыцца імі.
Два дзесяцігоддзі таму Сяргей Казушчык прысвяціў сваё жыццё пажарнай службе, восем з іх ён узначальвае Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у падначаленых і мае павагу землякоў.

У Сяргея Сяргеевіча ёсць яшчэ адно званне, не менш важнае за працоўныя заслугі, – ён тата трох дачок, якія любяць і ганарацца ім безумоўна. Старэйшая, Ангеліна, з’яўляецца навучэнкай Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Ракасоўскага, Ульяна навучэнка сярэдняй школы, а Сафія толькі спасцігае школьнае жыццё ў трэцім класе. Напярэдадні цёплага беларускага свята Дня бацькі мы даведаліся, які ён – тата і ратаўнік вачыма дзяцей.
– Калі ласка, апішыце свайго тату трыма словамі.
Сафія:
– Важны, добры, смелы.
Ульяна:
– Ён прыгожы, добры, дужы.
Ангеліна:
– Гэта словы самы, разумны, мудры.
– Калі б ваш тата аднойчы не выбраў прафесію ратаўніка, кім бы ён мог працаваць?
Сафія:
– Ён бы мог стаць міліцыянерам, бо там таксама працуюць смелыя і адважныя людзі.
Ульяна:
– Думаю, што ён мог бы выбраць міліцыю: гэта таксама ваенная прафесія, якая патрабуе пэўных якасцяў характару.
Ангеліна:
– Ён запраста мог бы стаць настаўнікам матэматыкі або фізікі. Калі вучылася ў школе, заўсёды дапамагаў мне з гэтымі прадметамі. Яго навука і цяпер мяне часта выручае ў вучылішчы. Тэлефаную дадому ўжо не каб параіцца па вучобе, а спытаць аб надзённых справах і расказаць, як люблю бацькоў.

– Які дзень побач з татам вам запомніўся больш за ўсё?
Сафія:
– Калі ён узяў нас з сабой на рыбалку. Было вельмі цікава і весела.
Ульяна:
– Мы шмат куды ездзім разам, але самае запамінальнае – калі былі ў Мінску ў аквапарку, потым разам гулялі па горадзе я, тата, мама і сёстры. Вельмі прыгожы горад, у мяне засталіся цёплыя ўспаміны.
Ангеліна:
– Мінулай зімой выпаў снег, і тата сказаў: “Збірайцеся, мы паедзем катацца на цюбінгу”. Гэта быў выдатны і вясёлы дзень разам з сям’ёй.
– У чым ты хацела б быць падобнай на тату?
Сафія:
– Калі вырасту, хацела б стаць пажарным і таксама выязджаць на машыне на пажары, расказваць дзецям правілы бяспекі.
Ульяна:
– Быць такой, як ён, разумнай, моцнай фізічна і духам, умець спраўляцца з рознымі сітуацыямі ў жыцці.
Ангеліна:
– Ва ўсім. Сваёй працай і прафесіяналізмам ён дасягнуў пэўных вышыняў. Я атрымліваю адукацыю, каб потым без экзаменаў паступіць на такую прафесію: разглядаю службу ў МНС або авіяцыі.
– Што б пажадала свайму любімаму татачку з нагоды Дня бацькі?
Сафія:
– Жадаю, каб тата быў самы паспяховы, лепшы работнік МНС, а для нас ён заўсёды самы-самы.
Ульяна:
– Жадаю, каб ён заўсёды быў здаровы і моцны, як цяпер. А мы будзем побач любіць і падтрымліваць яго.
Ангеліна:
– Жадаю ўсяго найлепшага, а галоўнае – здароўя. Татачка, я табой ганаруся і люблю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае