Інвестыцыі прыцягваюцца ў рэгіёны.
У Беларусі па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі паспяхова рэалізуецца праграма “Адзін раён – адзін праект”.
– Эканамічнае развіццё краіны павінна быць справядлівым і збалансаваным. Для людзей важныя камфортныя ўмовы як у абласным, так і ў раённым цэнтры, у сельскай мясцовасці, – пастаянна нагадвае ў час рабочых паездак па рэгіёнах Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Рыгоравіч вызначыў асноўныя напрамкі, па якіх неабходна рухацца, каб людзі заставаліся жыць і працаваць там, дзе іх дом і сям’я.
Так, у 2024 годзе ажыццяўляецца рэалізацыя 180 інвестыцыйных праектаў са стварэннем 9,1 тысячы працоўных месцаў. Усе яны рознай вытворчай скіраванасці: ад дрэваапрацоўкі, апрацоўкі металу, машынабудаўніцтва да перапрацоўкі аграпрамысловай прадукцыі, выпуску медыцынскіх вырабаў, фармацэўтыкі, іншых.
2 лістапада ў Мастах, выступаючы на цырымоніі ўшанавання аграрыяў у час фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2024”, Аляксандр Лукашэнка агучыў чарговае даручэнне: у Беларусі трэба мінімум удвая нарасціць аб’ёмы вытворчасці рапсу.
Гаворачы аб поспехах Гродзенскай вобласці ў галіне сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт надаў вырошчванню гэтай сельгаскультуры асобную ўвагу. У бягучым годзе ў Прынёманскім рэгіёне ўраджай рапсу рэкордны. Валавы збор склаў 287 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара.
На Дзятлаўшчыне таксама надаюць шмат увагі “чорнаму золату” беларускіх палеткаў як у плане вырошчвання, так і перапрацоўкі.
Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская расказала:
– У нашым раёне пачата рэалізацыя новага інвестыцыйнага праекта. Пляцоўкай для яго з’яўляецца ТАА “Триал эксперт”. Вынікам стане мадэрнізацыя гэтага завода, па завяршэнні якой будзе наладжаны выпуск яшчэ аднаго імпартазамяшчальнага прадукта – харчовага рапсавага алею. Да слова, цяпер прадпрыемства займаецца выпускам неачышчаных алеяў і тлушчоў, а пасля рэалізацыі інвестпраекта на ім з’явіцца цэх рафінацыі, што дазволіць павысіць якасць гатовай прадукцыі, якую мяркуецца ўжываць у ежу.
Інвестыцыі – апорная кропка развіцця рэгіёнаў і павышэння іх канкурэнтаздольнасці. Новыя вытворчыя пляцоўкі спрыяюць занятасці насельніцтва, выпуску запатрабаванай прадукцыі, якая ў тым ліку ідзе на экспарт, а поспехі раённых прадпрыемстваў спрыяюць папаўненню мясцовага бюджэту, што ў сваю чаргу дапамагае паляпшаць інфраструктуру і ўмовы жыцця насельніцтва.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ