Важны кампанент

Важнае Грамадства

Не кожны абывацель ведае “кухню” дарожнага рамонту.

А пачынаецца яна з кар’ера “Данілавіцкае”, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем ДРБУ-119.

Майстар кар’ера Сяргей Макарчык адкрыў цікавы факт: ужо працяглы час у рамонтных работах не выкарыстоўваюцца прыродныя пясчана-гравійныя сумесі, іх замянілі фракцыйныя, атрыманыя ў выніку перапрацоўкі выкапняў, здабытых у кар’еры. Для гэтага тут функцыянуюць дзве драбільныя ўстаноўкі, якія пераўтвараюць каменне ў шчэбень. У далейшым перапрацаваная сумесь выкарыстоўваецца для адсыпкі дарог і выпуску асфальтабетону, такога неабходнага ў дарожных работах.

Кар’ер “Данілавіцкае” абслугоўвае Дзятлаўскі, Слонімскі, Лідскі раёны. Штомесяц адсюль забіраецца каля 20 тысяч тон гравію, пяску, шчэбню і каменю.

Тут працуе зладжаная каманда прафесіяналаў, які складаюць грахатоўшчыкі-драбільшчыкі, экскаватаршчык,  вадзіцелі пагрузчыка і аўтасамазвала, вартаўнікі, якія сочаць за парадкам у начны час сутак.

Сам Сяргей Мікалаевіч працуе ў дарожнай галіне больш за чвэрць стагоддзя: дзесяць гадоў адпрацаваў электрыкам, прайшоў перакваліфікацыю па спецыяльнасці “майстар кар’ераў па здабычы неметалічных карысных выкапняў” і ўзначаліў адказны ўчастак.

– Ужо сямнаццаты год тут, каманда добрая, дружная, кожны на сваім месцы. Штодзень разам дабіраемся з Дзятлава, для гэтага нядаўна нам выдзелілі спецыяльны транспарт, – расказвае майстар. – Наша работа не з лёгкіх, каб працаваць тут, трэба мець моцнае здароўе. Затое графік нарміраваны: калі няма тэрміновых заказаў, працуем пяць дзён у тыдзень, як і ў офісе. Заробак таксама дастойны.

Сяргей Макарчык жадае калектыву ДРБУ-119 і ўсім работнікам дарожнай галіны моцнага здароўя і поспехаў у справах.

– Галоўнае, каб былі здаровыя, астатняе заробім, – жартуе ён.

Адным з самых вопытных работнікаў кар’ера “Данілавіцкае” з’яўляецца грахатоўшчык Генадзь Марцінчык.

– Дзе вучаць вашай прафесіі і ў чым яе сутнасць?

– Спецыялізацыю я атрымаў на курсах у Мінску. Абслугоўваю лінію, сеем тут пясок на фракцыі, – расказвае пра сваю работу мужчына. – Мяняемся з напарнікам: адзін працуе за пультам на лініі, другі – на сіце. Працуем круглы год на вуліцы ў любое надвор’е, зімой саграваемся ў спецыяльным фургончыку.

– Чым займаецеся ў вольны ад работы час?

– Домам і прысядзібным участкам. Жыву ў Дварцы, трымаем хатнюю гаспадарку, пра якую пастаянна трэба клапаціцца. Неабходна шмат працаваць, каб дапамагчы дзецям: старэйшы ўжо дарослы, працуе ў Мінску, сярэдні служыць у войску, малодшы яшчэ школьнік.

– Што пажадаеце калегам па працы з нагоды свята?

– Галоўнае – здароўя, поспехаў у жыцці і рабоце і пастаяннага росту заработнай платы.

Зіма блізка, і дарожнікі да яе гатовыя

Слупок тэрмометра яшчэ паказвае ўпэўнены “плюс”, а дарожная служба ўжо завяршае прыгатаванні да сезона халадоў. Днямі на тэрыторыю асфальтабетоннага завода ДРБУ-119 з Салігорска былі дастаўлены вагоны з 206 тонамі мінеральнага канцэнтрата “Галіт”, які ў народзе называюць соллю. Пасля выгрузкі яго даставяць на базу ў Слонімскі і Дзятлаўскі раёны, дзе падрыхтуюць пясчана-салявую сумесь, яна і будзе зімой прымяняцца для слізкіх дарог.

Кіруе работамі майстар вытворчага ўчастка № 3 гарпасёлка Казлоўшчына Мікалай Крупіца, яго брыгада адказная за догляд аўтадарог, у тым ліку зімой.

– Ці хопіць прывезенага на зімовы перыяд? – пытаю ў суразмоўцы.

– Аб’ём канцэнтрата разлічваецца згодна з працягласцю дарог і нарматывамі рассыпання. Тым больш заўсёды ёсць запас гатовай пясчана-салявой сумесі.

– Цяпер гатовыя да зімы?

– Падрыхтоўка да халадоў адной сумессю не абмяжоўваецца, працуем над ёю з пачатку кастрычніка. Абслугоўваем тэхніку для работы зімой, у бліжэйшы час паставім вешкі на ўзбочынах дарог, знакі “Слізкая дарога” на мастах, усталюем шчыты снегазатрымання (толькі на нашым участку іх будзе 500) на небяспечных участках. Тады будзем гатовы да любых сюрпрызаў надвор’я.

На сёння на Дзятлаўскім участку ДРБУ-119 ёсць чатыры спецыялізаваныя раскідвальнікі пяску, якія працуюць па ўсім раёне, расчыстка снегу арганізавана на кожным участку: у Казлоўшчыне для гэтага ў страі два трактары. Дарожная служба трымае руку на пульсе, гатовая аператыўна рэагаваць на перамену сітуацыі на аўтадарогах.

– У дзённы час атрымліваем звесткі аб стане дарог ад дыспетчара, а ўжо з 1 лістапада дарожная служба пераходзіць на кругласутачнае нясенне дзяжурства, – падводзіць вынік Мікалай Аляксеевіч.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga