Пра людзей цікавых. Марафонец Юрый Скрабец і яго дасягненні

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пачаць дзень з прывітання.

Прычым вітацца з кожным, хто сустракаецца табе па дарозе.

Шчыра і ветліва гаварыць “здравствуйте!”. І гэта слова зусім не рускае, яно агульнаславянскае, а значыць, і наша, закладзенае ў генетычную памяць тысячы гадоў таму. Слова не толькі прывітання, але і пажадання здароўя на сённяшні дзень, на заўтрашні і, увогуле, на ўсё жыццё.

З гэтым словам жыве штодня вельмі цікавы чалавек, спартсмен, дырэктар дзятлаўскага кінатэатра, цудоўны муж і бацька Юрый Васільевіч Скрабец. Для меня ён стаў адкрыццём. Вось так жывеш, працуеш, кожны дзень маеш стасункі з дзясяткамі людзей і нават не падазраеш, што мужчына, які часам па справе заходзіць у музей, настолькі неардынарная асоба, чалавек, які не заўсёды ўпісваецца ў рамкі агульнапрынятых уяўленняў тых з нас, хто жыве ціхмяна, нікуды не імкнецца і, бачачы іншых, якія нешта робяць не для сябе, а для людзей, для агульнай справы гарманізацыі жыцця, адносін, наваколля, кажуць: “І навошта яму гэта?” А вось трэба! Проста трэба, бо ў чалавека ёсць на зямлі сваё прызначэнне, якое ён прыйшоў выканаць. І добра, калі ён зразумеў гэта сваё прызначэнне, ідзе поруч з ім па сваім лёсе.

Юрый Васільевіч родам з Раготна, там жа ў 1986 годзе скончыў сярэднюю школу, паступіў у Брэсцкі інстытут імя А. С. Пушкіна на факультэт фізічнай культуры, бо ўжо ў школьныя гады праявіў сябе станоўча ў многіх відах спорту, асабліва ж падабаўся лыжны бег на доўгія дыстанцыі. Быў юнаком моцным фізічна, вынослівым, не баяўся шматгадзінных трэніровак. І ў інстытуце выбраў спецыялізацыю па лыжах, таксама настойліва трэніраваўся, удзельнічаў у разнастайных спаборніцтвах.  Але пасля першага курса хлопца забралі на службу ў Савецкую армію. Трапіў пад спецыяльны прызыў 1987 года, калі забіралі служыць усіх студэнтаў-першакурснікаў. Апынуўся на службе ў Кіраўскай вобласці. Зімы суровыя, снежныя, лыжніку ёсць дзе разгуляцца. Так і зразумеў, што сапраўдным лыжнікам у Беларусі не станеш: не той клімат, снегу мала, зімы цёплыя. Калі тут трэніравацца? А там, у глыбінцы Расіі, лыжы – стыль жыцця, неабходнасць, якая становіцца нормай з самых ранніх гадоў.

Таму, адслужыўшы і вярнуўшыся на вучобу ў інстытут, Юрый Васільевіч вырашае займацца лёгкай атлетыкай, рабіць забегі на сярэднія і доўгія дыстанцыі. Лічыць, што яму пашанцавала з настаўнікам – ім быў Аляксей Іванавіч Шуцееў, трэнер-выкладчык інстытута. У час вучобы Юрый стаў членам зборнай каманды Брэсцкай вобласці, чэмпіёнам БССР (1990 год), удзельнічаў у многіх шматбор’ях, але перавагу аддаваў ваенна-прыкладному шматбор’ю, якое складалася з трохкіламетровага кроса, кідання гранаты і стральбы. Стаў кандыдатам у майстры спорту.

На якіх толькі стадыёнах не пабываў за сваё доўгае спартыўнае жыццё! І не толькі ў абласных і раённых гарадах нашай рэспублікі, але і за яе межамі. Стасункі са спартсменамі-аднадумцамі, проста цікавымі людзьмі, якіх шмат сустракалася па жыцці, Юрый Васільевіч лічыць найлепшымі, незабыўнымі ўражаннямі. Але асабліва дарагі для яго ўдзел у марафоне Брэст-Бяла-Падляска, у якім удзельнічае яшчэ з савецкіх часоў. Тады на яго прыязджалі добраахвотнікі з усяго Савецкага Саюза. Помніць марафоны 1987, 1989, 1990 гадоў. Нібы ўчора было. Цяпер бацькава захапленне марафонскім бегам падтрымлівае сын Аляксандр. Ён таксама марафонец, яго рэкорд – забег на 42 кіламетры.

Па-рознаму бывае ў жыцці. Часам прыходзіць такая хвіліна, калі хочацца здацца, праявіць слабасць, але ці то лёс, ці то выпадак не даюць гэта зрабіць. Нездарма ж кажуць: калі ты вельмі нечага хочаш, табе дапамагае ўвесь Сусвет. Так было і з марафонцамі з сям’і Скрабец. Саша расказаў бацьку, што на 42-кіламетровым марафоне следам за ім бег мужчына, якому споўнілася 83 гады. Ну, як тут можна адступіць, здацца, калі такі прыклад перад табой? І не здаюцца. Мала таго, з’яўляюцца прыкладам для многіх дзятлаўчан.

Юрый Васільевіч бегае кожны дзень, а ў суботу норма яго прабегу складае 12 кіламетраў, часта шлях пралягае па шашы ў бок санаторыя “Радон”. Плавае, вучыць плаваць дзятлаўчан і іх дзяцей у нашым гарадскім басейне, удзельнічае штогод у паўмарафонах у Шчучыне, Брэсце, Мінску, мае аж 60 медалёў рознай вартасці. Калі ён расклаў іх веерам на журнальным століку ў зале музея, мне аж дух заняло. Такая прыгажосць і шматколернасць. Але ж за кожным медалём – шматдзённая праца, напружаная работа цела і духу чалавечага. Як тут не ўразіцца?

Падзяліўся мой субяседнік і методыкай аздараўлення, якая дапамагае яму быць у выдатнай спартыўнай форме ў свае 50 гадоў. Гэта сістэма Парфірыя Іванова, вядомага прапагандыста здаровага ладу жыцця і загартоўкі. Менавіта Іваноў стварыў своеасаблівую сістэму аблівання халоднай вадой, і не проста сістэму, а цэлую філасофію. Ёй актыўна захапляліся на прасторах былога СССР у 80-90-я гады, шмат паслядоўнікаў мае сістэма і сёння. Юрый Васільевіч з Парфірыем Івановым не сустракаўся, але на такую сустрэчу ездзілі яго сябры-студэнты і расказалі, што бачылі, што чулі там. Ды так расказалі, што захапілі, заахвоцілі паспрабаваць.

Калі сям’я Скрабцоў жыла і працавала ў Явары, мела свой дом, аздараўленне па сістэме Іванова было простым і даступным. Ім захапілася ўся сям’я: спачатку бацька, праз год маці, Галіна Аляксандраўна, потым дзеці. Са здзіўленнем глядзелі суседзі, як старэйшыя аблівалі маленькіх дзяцей з вядра на вуліцы. І ў сям’і амаль ніколі не хварэлі. Былі лічаныя выпадкі, калі ў дзяцей падымалася тэмпература, але лекі на такі выпадак адны – рэгулярнае абліванне халоднай вадой.

У Юрыя Васільевіча і Галіны Аляксандраўны трое дзяцей. Старэйшая дачка Насця вучылася ў гімназіі, добра яе памятаю. Высокая, прыгожая дзяўчына, разумніца. Прыйшла з сельскай школы ў гімназію ў 10 класе, але не толькі паказала выдатныя веды, але і стала алімпіядніцай, скончыла школу з залатым медалём. Яна таксама ўдзельнічае ў забегах, адолела свае першыя дзесяць кіламетраў у 5 класе. Падцягваецца да старэйшых і Святланка, малодшая дачка.

Юрый Васільевіч – выдатны педагог, заўсёды любіў працу з дзецьмі, умеў заахвоціць прадметам, асабістым прыкладам, зрабіць правільную стаўку на таго ці іншага вучня і дасягнуць выдатнага спартыўнага выніку. І яму, канешне, гэтага не хапае. Але хто ведае, як павернецца далейшы лёс. Чалавек нараджаецца, каб ісці сваім, толькі яму вызначаным шляхам. Ён розны бывае, часам цярністы, і толькі нам, бывае,  вырашаць, збочваць з яго ці не. Хочацца пажадаць Юрыю Васільевічу поспехаў на яго шляху служэння людзям, бо шлях гэты годны і варты чалавека.

Алена АБРАМЧЫК,
 старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup