Там, дзе шэпчуцца явар з калінаю

Свежыя навіны Спорт і турызм

Пачнём з этымалогіі слова. Яна простая: вёска названа ў гонар дрэва, явара, або белага клёна, дрэва прыгожага, разложыстага, якое відаць здалёк.

Вось і ў нас, на Дзятлаўшчыне, відаць, здаўна раслі явары, радавалі вока сваёй прыгажосцю і статнасцю. Таму і вёску так назвалі.

А яшчэ Явар – малая радзіма нашага знакамітага земляка, Вадзіма Лакізы, дырэктара інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта дзякуючы яму і навуковым канферэнцыям, што ладзяцца інстытутам гісторыі на Дзятлаўшчыне, мы шмат новага і цікавага даведаліся пра родны край, у тым ліку і пра вёску Явар.

Знакавы будынак вёскі – царква Нараджэння Багародзіцы, якая знаходзіцца ў цэнтры Явара. Пабудавана на сродкі прыхаджан у 1926 годзе з бетонных блокаў у неарускім стылі. Ярусная кампазіцыя храма створана ў традыцыях драўлянага дойлідства Рускай Поўначы: чатыры бабінцы рознай велічыні (прытвор, трапезная, малельная зала, апсіда з бакавой рызніцай) пакрыты востраканцовым дахам, які ўзнімаецца да цэнтра.

Першы будынак царквы будаваўся з рэштак хутарскай забудовы сям’і Ермаловічаў, якія жылі ва ўрочышчы Ліпавец.

У 1927 годзе па тэрыторыі вёсак Явар і Сачыўляны пранеслася бура. Гэта здарылася на свята Святой Тройцы, пасля заканчэння царкоўнай службы.

Адразу пасля буры пачалося аднаўленне будынка храма. На агульным сходзе прыхаджан было прынята рашэнне ўзводзіць царкву з бетонных блокаў. Дзякуючы актыўным ахвяраванням насельніцтва навакольных вёсак царква была адноўлена ўжо ў 1932годзе. Блокі выраблялі на месцы будаўніцтва самі жыхары. Іканастас быў драўляны, для выхаду за алтаром былі зроблены яшчэ двое дзвярэй.

У снежні 1962 года па рашэнні мясцовых уладаў царква была закрыта, а святар Васіян, які на той час служыў там, выехаў у манастыр. Дом, дзе пражываў святар, па рашэнні сельсавета быў перададзены сям’і пагарэльцаў – Івану і ВерыВенскім.

У 1969 годзе ў царкве здарыўся пажар, дах абваліўся, засталіся толькі каменныя сцены. У пачатку 90-х жыхары бліжэйшых вёсак за кошт асабістых грашовых сродкаў і з дапамогай праўлення мясцовага калгаса “Новае жыццё” адбудавалі будынак царквы.

Явар – адна с самых старажытных вёсак Дзятлаўшчыны. Яе гаспадарамі былі Астрожскія, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы.

Пра Явар і яго наваколле складзена шмат легендаў, асабліва папулярная “Вяселле ў Радзівілаўскім замку”, якая расказвае пра неймавернае багацце паноў Радзівілаў і бунтарства народа, што не пажадаў цярпець свавольствы пана.

Зведала вёска Явар і шматлікія войны. Падчас Паўночнай вайны (1700-1721 гады) у кірунку да Слоніма праз Явар на Казлоўшчыну рухаліся шведы. Тут, на захад ад Явара, адбылася бітва рускіх і шведскіх войскаў. Аб гэтым сведчыць курган, дзе, па меркаванні навукоўцаў, пахаваны загінулыя воіны. А падчас вайны 1812 годзе праз тэрыторыю Дзятлаўшчыны праходзіла рускае войска пад камандаваннем Баграціёна. Адступаючы, войска несла страты. Каля вёскі Явар па шляху Явар –Казлоўшчына адбылася сутычка рускай арміі з французамі. Тут, на паўднёвым усходзе ад вёскі Явар, знаходзіцца яшчэ адзін курган – магіла рускіх і французскіх салдат.

Апошнімі ўладальнікамі Явара былі Солтаны.

А яшчэ вядома, што Яварам валодала маці генерала Парыжскай камуны Валерыя Антонія Урублеўскага. Яе звалі Разалія Юроўская.  Яна ж была і апошняй уладальніцай заводзіка па выплаўцы жалеза ў Рудзе Яварскай.

У Явары захаваўся будынак адной са старэйшых школ раёна. Ёй больш за сто гадоў. З гістарычных дакументаў вядома, што ў 1900 годзе тут працавала народнае вучылішча, якое давала дзецям пачатковую адукацыю. Школа даўно закрыта, але памяць пра яе жыве ў сэрцах выпускнікоў і былых настаўнікаў.

У памяці людзей засталіся таксама прозвішчы памешчыкаў, якія валодалі сядзібамі. Сярод іх памешчык Руткоўскі, уладальнік вадзянога млына Малашка, памешчыкі Новік і Плаўскі. Па суседстве з млыном Малашкі працаваў бровар па вырабе спірту і гарэлкі.

Недалёка ад былой канторы калгаса “Новае жыццё” знаходзяцца рэшткі каменнага мура замка Радзівіла (так іх называюць мясцовыя жыхары). Кажуць, што гэта быў двухпавярховы будынак, у якім разводзілі стронгу.

Так што ў Явары ёсць што паказаць і пра што расказаць турысту, таму Дзятлаўскі турінфацэнтр вырашыў уключыць вёску ў марштур турыстычнага падарожжа “Вытокі духоўнасці”, які будзе пралягаць па праваслаўных святынях малой радзімы. Спадзяёмся, што маршрут будзе цікавы як землякам, так і гасцям раёна. А ці шэпчуцца, як у радках Янкі Купалы, явар з калінаю каля Явара, можна будзе пераканацца на свае вочы.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga