Юрыю Валяватаму паступілі два звароты ад дзятлаўчан

Галоўнае Улада

Асабісты прыём грамадзян 10 верасня ў Дзятлаўскім райвыканкаме правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Валяваты.

Ад жыхароў раёна Юрыю Мікалаевічу паступілі два звароты.

 

Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц іерэй Сяргей Антошкаў расказаў, што гэта царква з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай дзяржавы, у храме няма ацяплення і, каб правесці яго, трэба ўлічваць усе нюансы заканадаўства. Святар афармляе дакументы на ўстаноўку ў царкве электраацяплення. Ужо атрыманы адказ на заяву ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое ацаніла работы як не падпадаючыя пад катэгорыю рэстаўрацыйных, а таму пры пэўных умовах іх можна праводзіць.

У час прыёму заяўніку патлумачылі, што 23 ліпеня 2024 года ў сілу ўступіў Кодэкс Рэспублікі Беларусь “Аб будаўніцтве і горадабудаўніцтве”. Паводле гэтага нарматыўнага акта падобныя работы адносяцца да мадэрнізацыі, і, згодна з артыкулам 66 кодэкса, іх правядзенне ажыццяўляецца без дазвольнай дакументацыі. Святару параілі адразу ж зайсці ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама для атрымання тэхнічных умоваў, што ў далейшым дазволіць прыступіць да правядзення ацяплення ў царкве.

Сямейную пару пенсіянераў, жыхароў горада Дзятлава, цікавіла пытанне правядзення цэнтральнага водазабеспячэння па вуліцы Якуба Коласа. Юрый Валяваты патлумачыў заяўнікам, што зрабіць гэта можна на падставе Указа № 488 “Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі)”, якім рэгламентуюцца адпаведныя пытанні ў існуючых раёнах індывідуальнай жылой забудовы. Гэтым заканадаўчым актам прадугледжана сумеснае фінансаванне работ за кошт жыхароў і дзяржавы. Зацікаўленыя людзі могуць сабрацца ў спажыўкааператыў, выбраць прадстаўніка сваіх інтарэсаў, які будзе займацца арганізацыйнымі пытаннямі. На ўмовах сумеснага фінансавання ім неабходна вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю, якая ў далейшым і дапаможа вызначыць агульны кошт работ па пракладцы цэнтральнага водазабеспячэння, а таксама ўмовы суфінансавання за кошт бюджэтных сродкаў. Сіламі падраднай арганізацыі водаправод будзе праведзены па вуліцы да зямельных участкаў, а індывідуальнае падключэнне да яго будзе ўжо справай саміх жыльцоў. Па завяршэнні работ людзі змогуць пагасіць іх кошт адразу або ў растэрміноўку на працягу трох гадоў пры ўмове ўнясення першапачатковага ўзносу ў памеры не меншым за 10 % ад аплаты за далучэнне. Чым больш абанентаў уступіць у праграму, тым таннейшы будзе кошт работ.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga