Тэма
Па ўсёй краіне праведзена суцэльная інвентарызацыя зямельных участкаў, у выніку якой выяўлены факты выкарыстання як фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі зямельных участкаў без дакументаў, якія сведчаць права на зямлю, або выпадкі неадпаведнасці фактычнай мяжы або плошчы ўчасткаў той, якая зафіксавана ў зямельна-кадастравай дакументацыі, пагаспадарчым уліку. А гэта з’яўляецца самавольным захопам земляў.
Факт
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, які ў новай рэдакцыі ўступіў у сілу з 1 студзеня 2023 года, прадугледжвае права грамадзян аформіць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі.
На што звярнуць увагу?
Гутарым з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрыем Залеўскім:
– Дзмітрый Вацлававіч, выпадкі самавольнага заняцця ўчасткаў – распаўсюджаная з’ява?
– Гэта так, маюць месца выпадкі, калі грамадзяне наўмысна змянілі мяжу і плошчу свайго зямельнага ўчастка, заняўшы некалькі метраў суседняга або земляў агульнага карыстання. Як правіла, самавольны захоп адбываўся з вуснай згоды суседа або проста таму, што прылеглыя землі нікім не выкарыстоўваліся. Устаноўлены таксама выпадкі, калі на самавольна занятым зямельным участку ўзведзены капітальныя будынкі або іх часткі, па перыметры ўстаноўлена агароджа. Узаконіць такое раней было практычна немагчыма.
– Як даведацца, хто трапіў у спіс парушальнікаў?
– Наш аддзел землеўпарадкавання накіроўвае адпаведныя паведамленні аб магчымасці ўзаконьвання земляў жыхарам раёна, на ўчастках якіх у час інвентарызацыі выяўлены факты парушэнняў. Работа па апавяшчэнні вядзецца планамерна і будзе завершана да 1 снежня гэтага года. На дадзены момант ужо накіравана больш за 1100 паведамленняў.
– Што рабіць чалавеку, які яго атрымаў?
– Новым кодэксам прадугледжана магчымасць для грамадзян аформіць самавольна заняты зямельны ўчастак або вызваліць яго з прывядзеннем у першапачатковы стан: вырабіць перанос агароджаў, знос будынкаў або збудаванняў, ліквідаваць пладова-ягадныя насаджэнні.
– Што неабходна, каб узаконіць зямельны ўчастак?
– Такая магчымасць даступная ў выпадку, калі не парушаюцца патрабаванні горадабудаўнічых, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялагічных рэгламентаў. А таксама пры выкананні шэрагу ўмоваў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца: унясенне платы за легалізацыю права на зямельны ўчастак (яго частку) у памеры кадастравага кошту; згода сумежных землекарыстальнікаў; атрыманне заключэння органаў архітэктуры і будаўніцтва аб магчымасці ў далейшым рэгістрацыі самавольна збудаваных будынкаў. На тое, каб узаконіць самавольна заняты зямельны ўчастак, устаноўлены тэрмін – да 1 верасня 2025 года.
– Бачу, што звароты жыхароў раёна ў вашу службу ўжо ёсць?
– Так, дзятлаўчане прыходзяць, самі бачыце (удакладненне аўтара: на момант гутаркі з Дзмітрыем Залеўскім два чалавекі прыйшлі ў аддзел з атрыманымі паведамленнямі) і шмат тэлефануюць, цікавяцца нюансамі працэдуры ўзаконьвання ўчасткаў. Кожны выпадак разбіраем асобна і дэталёва. Ужо паступіла 15 заяваў на выраб новых дакументаў на зямлю.
Афіцыйна
У выпадку незвароту зацікаўленых асобаў з заявамі аб прыняцці адпаведных рашэнняў да 1 верасня 2025 года, рашэнні ў дачыненні да самавольнага будаўніцтва будуць прымацца ў адпаведнасці з палажэннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga