14 верасня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага правяла сустрэчу па месцы жыхарства ў гарпасёлку Казлоўшчына.
Гаварылі пра адзінства беларускага народа як асноўны фактар захавання і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Закранулі пытанні, звязаныя з адраджэннем дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства, прымеркаванага да адной з найважнейшых падзей беларускай гісторыі – уз’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і БССР.
У тысячагадовым летапісе Беларусі нямала слаўных старонак, якія сведчаць, як беларусы пераадольвалі лёсавызначальныя выпрабаванні дзякуючы свайму адзінству. Адным з самых яскравых прыкладаў сталі падзеі перыяду 1921-1939 гадоў, калі па выніках заключанага Рыжскага мірнага дагавора беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя апынуліся падзеленымі на часткі. Мірным для заходніх беларусаў гэты дагавор не быў, кошт тэрытарыяльных страт – паламаныя лёсы мільёнаў беларусаў.17 верасня 1939 года тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны беларусы таксама згуртаваліся перад агульнай бядой. Наша краіна першай прыняла на сябе страшны ўдар ворага, стаўшы жывым шчытом на шляху вераломнага агрэсара. Героямі станавіліся не толькі асобныя людзі, але і цэлыя населеныя пункты. Такога адзінства і веры яшчэ не ведала гісторыя.
Пасля Вялікай Перамогі беларускі народ у літаральным сэнсе адрадзіў сваю рэспубліку з попелу. Дзякуючы магутнаму імпульсу народнага адзінства ў пасляваенны перыяд беларусы дасягнулі поспехаў у прамысловасці і аграрнай сферы, абнаўленні гарадоў і вёсак, развіцці навукі і культуры. Адзінства і братэрства – сакрэт той сілы, дзякуючы якой краіна паспяхова пераадолела ўсе гістарычныя выпрабаванні і стала незалежнай дзяржавай.
Адзінства беларускага народа звязана не толькі са знешнімі пагрозамі і неабходнасцю адстойваць свабоду і незалежнасць у супрацьстаянні з ворагам. Асновы нашай кансалідацыі закладзены ў глыбокай павазе і любові да роднай зямлі і яе гісторыі.
Імкнучыся жыць сваім розумам у суверэннай краіне, мы неаднаразова дэманстравалі адзінства ў супрацьстаянні шматлікім спробам рэваншу апазіцыянераў у перыяд выбарчых кампаній, спроб “каляровых” пераваротаў 2010 і 2020 гадоў.Сёння нашы грамадзяне, якія востра адчуваюць любую несправядлівасць, вялікае значэнне надаюць таму, каб іх меркаванне ўлічвалася ўладай, а важныя рашэнні прымаліся не на “плошчах”. Знакавай вяхой развіцця нашай суверэннай краіны з’яўляецца дата 27 лютага 2022 года. У гэты дзень на рэспубліканскім рэферэндуме 82,86 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, падтрымалі прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон беларускай дзяржавы.
Кожны этап нашай гісторыі– неад’емны элемент трывалага падмурка, на якім мы будуем сваю будучыню.
Беларусы ведаюць цану міру. Рэспубліка Беларусь неаднаразова выступала з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, іншых знакавых шматбаковых пляцовак з маштабнымі мірнымі ініцыятывамі. У рэаліях крывавых узброеных канфліктаў, цынічных інфармацыйных войнаў і рабаўніцкіх эканамічных санкцый беларусы дэманструюць адкрытасць свету. Мы ўстанавілі бязвізавы рэжым для многіх краін (ім ужо скарысталіся звыш 660 тысяч чалавек), праводзім міжнародныя фестывалі і спаборніцтвы, дапамагаем дзецям з Украіны, прымаем бежанцаў з гарачых кропак. Гэта своеасаблівая супрацьвага Захаду. На беларускай зямлі стагоддзямі добрымі суседзямі жылі хрысціяне, іудзеі, мусульмане. Сёння наша краіна з’яўляецца агульным, спакойным і ўтульным домам для прадстаўнікоў больш як 130 нацый і 25 веравызнанняў. Гэта найважнейшая заслуга суверэннай беларускай дзяржавы.
У развіцці краіны важную ролю адыгрывае навука. Выстава навукова-тэхнічных дасягненняў“Беларусь інтэлектуальная”, якая прайшла ў пачатку 2023 года, даказала, што Беларусь – высокаінтэлектуальная краіна. Нацыю беларусаў аб’ядноўвае і гонар за спартыўныя дасягненні нашых спартсменаў. Рэспубліка Беларусь неаднаразова прымала буйныя міжнародныя турніры па розных відах спорту.
Галоўны вынік пражытага і перажытага намі ў тым, што незалежную краіну мы будуем разам, у народным адзінстве.
У рамках Адзінага дня інфармавання аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, а таксама патлумачыў, як засцерагчы сябе ад дзеянняў кіберзлачынцаў.
Закранулі і тэмы бяспекі жыццядзейнасці. Было адзначана, што за восем месяцаў 2023 года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адбылося 486 пажараў, загінула 40 чалавек, з іх 1 дзіця, 66 пажараў – з-за парушэнняў правілаў падрыхтоўкі і эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых прылад. Напярэдадні халадоў ратаўнікі заклікалі грамадзян паклапаціцца аб уласнай бяспецы, праверыць спраўнасць печы і ўхіліць недахопы. Не варта забываць і аб небяспецы бытавых абагравальнікаў. Сярод прычын вогненных здарэнняў “лідзіруе” неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Каб пазбегнуць непрыемнай сітуацыі, параілі выконваць правілы бяспекі.
Акрамя таго, адзначылі, што на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праходзіць акцыя “У цэнтры ўвагі –дзеці!”, каб прыцягнуць увагу дарослых да праблемы дзіцячага свавольства з агнём, знізіць колькасць надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей. З 18 верасня па 2 кастрычніка пройдзе другі этап акцыі “З клопатам аб бяспецы малой Радзімы”, якая праводзіцца ў сельскіх населеных пунктах, гарадах з мэтай папярэджання пажараў з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей пенсійнага і пажылога ўзросту.
Увазе прысутных была прадстаўлена відэастужка аб зверствах фашыстаў у часы ваеннага ліхалецця “Без срока давности. Операция 1005”.
Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga