Па словах галоўнага спецыяліста па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Алены Анатольеўны Чайкоўскай, на 1 снежня 2016 года ў банку даных Дзятлаўскага раёна аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, на ўліку знаходзяцца 54 непаўналетнія. Сярод іх — 6 дзяцей-сірот і 48 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Усе дзеці ўладкаваны на сямейныя формы выхавання.
Для дзіцяці сям’я — гэта цэлы свет. Свет, у якім яно жыве, дзейнічае, робіць адкрыцці, вучыцца любіць, радавацца, спачуваць, набывае вопыт міжасабовых адносінаў. Дзіця не можа быць шчаслівым, калі не мае сям’і.
У снежні 2014 года ў Дзятлаве быў адкрыты новы дзіцячы дом сямейнага тыпу, у якім выхоўваюцца 5 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Іх бацькамі-выхавальнікамі сталі Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна Шэлегі.
Два гады — невялікі тэрмін, аднак і за гэты час можна набыць карысны вопыт работы і сумеснага жыцця. Карэспандэнтка газеты «Перамога» завітала ў госці да Шэлегаў і пацікавілася ў бацькоў-выхавальнікаў, як праходзяць будні і святы іх вялікай сям’і, як яны збіраюцца сустракаць Новы год і Нараджэнне Хрыстова.
Так усё пачыналася
13 снежня Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна Шэлегі адзначылі 33 гады сумеснага жыцця. Пазнаёміліся яны ў чатырнаццацігадовым узросце, а ў дзевятнаццаць гадоў аформілі шлюб. Жылі маладажоны ў Паўночным Казахстане, аднак бацька Аляксандра Леанідавіча быў родам з Беларусі, з Гомельскай вобласці. У 1999 годзе бацькі вярнуліся на радзіму і паклікалі маладых да сябе. На пераезд Аляксандр і Марына рашыліся толькі ў 2001-ым. На той час у сям’і ўжо гадаваліся пяцёра дзяцей, і Марына Генадзьеўна была цяжарная (чакалі дачку Віялету). Самы малодшы, сёмы сын Шэлегаў, Давід, нарадзіўся ўжо на Дзятлаўшчыне. Цяпер старэйшыя сын і дачка маюць уласныя сем’і, а Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна сталі дзядулем і бабуляй — у іх трое ўнукаў.
Шэлегі прызнаюцца, што ніколі не марылі быць шматдзетнымі або прыёмнымі бацькамі. Спачатку ў іх, як і ў многіх іншых сямейных параў, было двое дзетак, а затым за 10 гадоў нарадзіліся яшчэ пяцёра. І з кожным немаўляткам у сэрцах бацькоў множыліся любоў і разуменне.
Менавіта вялікая, дружная сям’я Шэлегаў прыцягнула ўвагу спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, калі паўстала задача знайсці кандыдатаў на пасады бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу, які будаваўся і павінен быў адкрыцца на Дзятлаўшчыне. Жыццё змяніў тэлефонны званок і пытанне: «Можа вы паспрабуеце стаць бацькамі-выхавальнікамі?». Некалькі дзён роздуму, сямейная нарада, у час якой заручаліся згодай у кожнага са сваіх родных дзяцей, і, нарэшце, станоўчае рашэнне.
Любоў і дысцыпліна
— Калі б чалавек ведаў, якія выпрабаванні чакаюць на шляху, магчыма, збочыў бы з дарогі, — разважае Аляксандр Леанідавіч. Мы ведалі, што сутыкнёмся з цяжкасцямі, але дакладна нават не ўяўлялі, якімі яны могуць быць. Вельмі складана для нашай сям’і праходзіў перыяд адаптацыі, які доўжыўся прыкладна два месяцы. Пяцёра дзяцей, якіх узялі пад апеку, прывыкалі да нас, мы — да іх. Яны былі маленькія, з розных мясцовасцяў, кожны са сваім характарам. Самым праблемным быў Ілья. Мы не адразу зразумелі, што ён шкодзіць і не слухаецца з-за недахопу бацькоўскай любові і цяпла. Калі хлопчык зразумеў, што тут яго любяць, ён «адтаяў», стаў нармальна сябе паводзіць. Тады мы для сябе зрабілі галоўную выснову: лепшае лякарства для дзіцяці — гэта сям’я.
Цяпер паміж дарослымі і дзецьмі пануе давер і ўзаемаразуменне. Бацькі ведаюць характар і здольнасці кожнага, стараюцца падтрымліваць і развіваць лепшыя якасці, выпраўляць недахопы.
Тата Аляксандр дае характарыстыкі дзецям:
— Сямёну чатыры гады. Ён у нас філосаф і чамучка, заўжды «штурмуе» дарослых пытаннямі. Кірылу — 10 гадоў. Ён спакойны, ураўнаважаны, разважлівы і старанны, наш «маленькі мужычок». Вову — таксама 10. Ён гаспадарлівы, наш памочнік. У час уборкі дапамагае пыласосіць, сочыць за тым, каб было вынесена смецце. Яго брат Арцём — першакласнік, спартыўны, рухавы хлопчык, крыху сарамлівы. Данік, як верацяно, вельмі рухавы, любіць паесці, і ўсе калорыі ў яго ператвараюцца ў энергію. Давід іграе на баяне і саксафоне. Яго хатні абавязак — мыць падлогу. Віялета — «настаўніца». Яна правярае ў хлопчыкаў урокі, прымушае іх вучыцца. У Лізы моцны характар, яна не дасць сябе пакрыўдзіць, умее іграць на піяніна, добра вучыцца. Таня самая дарослая, першая наша памочніца. Калі нам трэба адлучыцца, яна застаецца за старэйшую.
Мы стараемся пастаянна падтрымліваць дысцыпліну ў сям’і. Расказваем дзецям, што хочам, каб яны выраслі годнымі людзьмі, а для гэтага трэба быць паслухмянымі. Чытаем ім добрыя кнігі і Біблію, заклікаем паразважаць на тэмы маралі. Наогул, я лічу, што любоў і дысцыпліна — гэта дзве рэйкі, па якіх рухаецца працэс сямейнага выхавання. Каб не адбылося крушэння, у роўнай меры павінна прысутнічаць і адно, і другое.
Што тычыцца сямейнага быту, то сапраўдным прафесіяналам у гэтых пытаннях з’яўляецца Марына Генадзьеўна, якая, дарэчы, акрамя хатніх справаў, паспявае займацца рукадзеллем і з’яўляецца кіраўніком гуртка «Пчолка» аддзялення «Праменьчык» ЦСАН Дзятлаўскага раёна.
— Мне не складана гатаваць ежу і падтрымліваць парадак, бо гэтым займаюся даўно і сваё жыццё прысвяціла дзецям. Галоўнае — усё правільна спланаваць. Напрыклад, мыццё бялізны ў нас адбываецца кожны дзень: па два разы запускаем машыну. Генеральная ўборка — па суботах. Рабіць яе дапамагаюць дзеці. А рукадзелле дапамагае развіваць у дзяцей і наведвальнікаў «Праменьчыка» дробную маторыку рук. Мы робім сувеніры і магніцікі на халадзільнік з драбінак пластыку, які збіраем у форму і запайваем прасам.
Сямейныя святы
Галоўнымі святамі ў вялікай сям’і Шэлегаў з’яўляюцца дні нараджэння дзяцей і Ражаство Хрыстова.
— У дзень нараджэння, — расказвае Марына Генадзьеўна, — чакаем, калі прачнецца імяніннік. Не паспявае ён устаць з ложка, як усе разам заходзім з тортам, свечкамі, паветранымі шарамі, падарункамі. Дзеці вельмі гэта любяць і чакаюць.
Да Ражаства і Новага года сям’я Шэлегаў рыхтуецца загадзя. Разам упрыгожваюць навагоднюю ёлку, аздабляюць дом. Вечарам напярэдадні Нараджэння Хрыстова збіраюцца за сталом. Пасля вячэры дзецям гавораць, што для іх ужо падрыхтаваны падарункі, якія трэба адшукаць. Практыкуюцца і хатнія тэатралізаваныя пастаноўкі на біблейскія тэмы.
Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна Шэлегі ўкладваюць у дзяцей любоў, пяшчоту, веру і спадзяюцца, што кожны з іх вырасце годным чалавекам.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА