Наш камфорт – іх надзейная праца

Важнае Грамадства

Чыстая вада, цяпло ў доме, прыбраныя вуліцы і плошчы з маляўнічымі клумбамі – простыя рэчы, якія робяць наша жыццё ўтульным і размераным.

За такімі звыклымі для нас з’явамі – штодзённая праца вялікай каманды прафесіяналаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ. У святочным рэпартажы раскажам крыху аб іх рабоце.

Магчыма, не ўсе дзятлаўчане ведаюць, што перад тым як паступіць у кватэру, наша вада праходзіць сур’ёзную ачыстку.

– Больш за 70 % вады ў Беларусі, у тым ліку ў Дзятлаве, з прымессю жалеза. Для таго каб вада ў кватэрах была прыдатная для піцця і бытавых прыбораў, мы яе прапускаем праз станцыю абезжалезвання, – расказвае начальнік участка водаканала і каналізацыі Іван Юшкевіч.

Да прыкладу, станцыя абезжалезвання ў Дзятлаве здольна за суткі ачысціць каля 130 кубаметраў вады, гэтага аб’ёму дастаткова для спажывання ў райцэнтры. Акрамя яе, на Дзятлаўшчыне 8 такіх аб’ектаў ва ўсіх пасёлках, аграгарадках Хвінявічы, Жукоўшчына, Раготна, Раклевічы, вёсцы Лапушна. Усе станцыі, акрамя цэнтральнай, працуюць у аўтаматычным рэжыме, двойчы на тыдзень іх наведваюць спецыялісты для кантролю і адбору вады на аналіз. У Дзятлаве дзяжурства на станцыі вядзецца кругласутачна, на вахце – самыя вопытныя спецыялісты.

Сярод іх – аператар Фёдар Ступчык, які прысвяціў камунальнай гаспадарцы раёна больш за 20 гадоў. Пачынаў працоўны шлях слесарам на водаканале, затым – майстрам. Ужо пяць гадоў ён пільна сочыць, каб у кватэры паступала якасная вада пад правільным ціскам.

– Аб’ект можна назваць стратэгічным, – расказвае Фёдар Уладзіміравіч. – Тут нават ёсць трывожная кнопка на экстранны выпадак, бо ад нас залежыць водазабеспячэнне ўсяго горада. Мы арыентуемся на паказанні манометра і мяняем ціск, пад якім падаецца вада: калі ноччу ён невялікі, то раніцай, у “час пік”, максімальны. Па паказаннях самі арыентуемся, што ў які бок рэгуляваць.

Міма хіміка-радыяметрычнай лабараторыі Дзятлаўскага РУП ЖКГ ні адна шкодная бактэрыя не праскочыць. Кожны год яна пацвярджае акрэдытацыю, паказваючы высокі ўзровень работы. Калектыў падраздзялення невялікі: тут працуюць абаяльныя жанчыны – інжынер-хімік, інжынер-радыёлаг, лабарант хімічнага аналізу, узначальвае лабараторыю загадчыца Наталля Лянная.

– На нашым кантролі ў некаторай ступені ўся вада раёна – пітная, паверхневыя, сцёкавыя воды, якія праходзяць радыялагічныя і радыяметрычныя даследаванні па 13-15 паказчыках. Правяраем водаправодныя сеткі, свідравіны, ваду з каналізацыі і мясцовых вадаёмаў, – знаёміць з лабараторнай “кухняй” Наталля Мікалаеўна.

Адной з самых вопытных у дружнай камандзе хімікаў з’яўляецца Валянціна Ефімчык, нездарма на яе кантролі адно з найважнейшых пытанняў – экалогія. З 1986 года Валянціна Іванаўна працуе ў сваёй сферы, па яе словах, за гэты час шмат чаго змянілася: як абсталяванне, так і падыходы да даследаванняў абнаўляюцца штогод, а вось праблемы застаюцца тымі самымі.

– Пільна сочым як за закрытымі вадаёмамі, так і за рэкамі, якія не толькі працякаюць па нашым раёне, але і ўпадаюць у басейн Нёмана, – адзначае яна.

– Ці моцна ўплывае на вадаёмы дзейнасць прадпрыемстваў раёна?

– Умоўна ачышчаныя воды, якія вяртаюцца ў рэкі, не перавышаюць дапусцімыя паказчыкі, яны не аказваюць негатыўны ўплыў на прыроду.

– Якім бытавым хітрасцям навучыла вас работа ў лабараторыі?

– Набываючы лекі, у першую чаргу чытаю супрацьпаказанні, а затым рэкамендацыі, а ў прадуктовым магазіне абавязкова сачу за тэрмінам прыдатнасці тавару.

Па словах  начальніка ўчастка ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Валянціна Вішэўскага, 18 кацельняў Дзятлаўшчыны, пераважная большасць, працуе на пілавінні – экалагічным і бюджэтным мясцовым відзе паліва. Гэта дазволіла зрабіць больш даступным кошт ацяплення і гарачага водазабеспячэння для кліентаў РУП ЖКГ. Таксама ўсе цеплавыя сеткі заменены на сучасныя, у ізаляцыі, што мінімізавала страты цяпла на шляху да спажыўца. Газ застаецца рэзервным відам паліва на непрадбачаны выпадак, на ім працуюць толькі дзве невялікія кацельні “Урбанаўшчына” і “Міроўшчына”.

– Дзякуючы граматнаму і адказнаму падыходу да работы ўсяго калектыву прадпрыемства, гэты ацяпляльны сезон мы завяршаем безаварыйна, – заўважае Валянцін Іванавіч.

На дзяжурстве ў цэнтральнай кацельні горада Дзятлава – Віктар Ліпскі. У 2006 годзе ён пачынаў працаваць падменным аператарам на ўсіх кацельнях раёна, дзе яго працу заўважылі і даверылі абавязкі на адказным участку.

– Вялікая нагрузка як маральная, так і фізічная, бо з цэнтральнага пульта кіравання мы сочым за ўсімі кацельнямі горада Дзятлава, сістэматызуем работу аператараў па ўсім раёне, – тлумачыць спецыфіку работы Віктар Пятровіч. – Кантралюем усё: ад работы гідраўлікі і электрапрыбораў – да тэмпературнага рэжыму ў кватэрах.

– Ці працуе кацельня летам?

– Абавязкова. У летні перыяд мы забяспечваем жыхароў раёна гарачай вадой, рыхтуемся да новага ацяпляльнага сезона. Ходзім у чарговы адпачынак летам, бо ўзімку нагрузка на рабоце вышэйшая ў разы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga