Сцяжынка ў неба, або Адно жыццё за сотні іншых

Важнае Грамадства

16 снежня 2022 года Дзятлаўшчына адзначыла 80-годдзе подзвіга ліпічанскага Сусаніна часоў Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Філідовіча і памятную дату яго трагічнай гібелі.

Каля мемарыяла герою ў райцэнтры сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, сілавых службаў, грамадскіх арганізацый, школьнікі.

– Адыходзячы 2022 год у Беларусі – гэта Год гістарычнай памяці, – адзначыла вядучая мерапрыемства Наталля Маліноўская. – Гістарычная памяць захоўвае ў чалавеку ўдзячнасць продкам і любоў да роднага куточка зямлі, робіць нас сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, прадаўжальнікамі гістарычнай спадчыны. Сёння абавязак памяці прывёў кожнага з нас да гэтага святога месца ў Дзятлаве – помніка Іосіфу Юр’евічу Філідовічу, жыхару вёскі Пушча Ліпічанская. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў сувязным Ленінскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны. У снежні 1942 года, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. За час вайны ў партызанскім шпіталі было вылечана больш за 500 партызан і падпольшчыкаў, ён працаваў да самага прыходу Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 года.

Мінула 80 гадоў з дня страшнай трагедыі, але мы ніколі не забудзем подзвігаў салдат, якія стаялі на смерць, і простых працаўнікоў, якія здабывалі Перамогу ў тыле.

 

 

Экскурс у мінулае прадоўжыла старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык:

– Восем дзесяцігоддзяў праляцелі з таго трагічнага для нашай малой радзімы снежня. Тры страшныя трагедыі адбыліся памятнай зімой 1942 года: былі спалены вёскі разам з жыхарамі, загінуў Іосіф Філідовіч і 13 снежня было знішчана Дварэцкае гета і яўрэі, якія знаходзіліся ў лагеры пад Наваельняй. Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць Іосіфа Юр’евіча. Гераічны подзвіг гэтага чалавека будзе жыць у стагоддзях, бо не кожны адважыцца адддаць сваё жыццё за іншых. І калі герой ідзе на подзвіг, то робіць гэта свядома, бо ведае, што цаной свайго жыцця ўратуе людзей.

Калі ў снежні 1942 года пачалася блакада Ліпічанскай пушчы, карнікі-эсэсаўцы атрада “Чорная галава” прыйшлі на падворак Філідовічаў. Дома былі Іосіф Юр’евіч, яго нявестка і ўнук Федзя. Ворагі патрабавалі, каб Іосіф Юр’евіч паказаў ім дарогу ў шпіталь. Пад пагрозай расправы над роднымі людзьмі ён згадзіўся, але павёў эсэсаўцаў у іншы бок, за 10 кіламетраў ад шпіталя. Калі фашысты здагадаліся пра падман, яны забілі свайго праважатага.

Толькі вясной 1943 года, калі растаў снег, партызаны знайшлі цела сувязнога і пахавалі з ушанаваннямі.

У наш час жыхары раёна памятаюць і ведаюць аб гераічным учынку Іосіфа Філідовіча, збіраюцца каля яго мемарыяла ў дні важных дат.

Лепшае праяўленне пашаны да подзвігаў мінулых пакаленняў – гэта яшчэ і ўдзячнасць, а таксама добрыя справы нашчадкаў. Да 80-годдзя ўшанавання памяці Іосіфа Філідовіча побач з яго помнікам у рамках сумеснага рэспубліканскага праекта “Захаваем гісторыю” грамадскіх аб’яднанняў “Патрыёты Беларусі” і “Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі” была ўсталявана таблічка з QR-кодам. Цяпер з дапамогай мабільнага тэлефона кожны жадаючы можа атрымаць доступ да адпаведнай інфармацыі, а значыць, дакрануцца да жывой гісторыі малой радзімы.

Хвілінай маўчання прысутныя яшчэ раз ушанавалі подзвіг вядомага земляка, а заадно пакланіліся подзвігам савецкіх людзей, якія прайшлі вогненныя вёрсты жорсткай і бязлітаснай вайны, – легендарнаму пакаленню народа, чыя адданая любоў да Радзімы прынесла мір і незалежнасць нашай краіне.

Напрыканцы ўдзельнікі памятнага мерапрыемства ўсклалі да мемарыяла вянкі і кветкі, паставілі запаленыя лампадкі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: