Мудрыя людзі кажуць: «Тое, што ўмееш, за плячыма не насіць». Вельмі важна яшчэ ў дзяцінстве пачаць вучыцца карыснаму рамяству або заняцца спортам, а можна плённа сумяшчаць тое і другое. Дзе знайсці дастойных майстроў і трэнераў? Гэта можна зрабіць ва ўстанове дадатковай адукацыі, такой, як, напрыклад, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Менавіта яго наведала карэспандэнтка газеты, каб даведацца ў гурткоўцаў, чым карысным і цікавым яны тут займаюцца.
Спачатку пагутарылі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія летам былі самымі актыўнымі наведвальнікамі ўстановы, а цяпер вырашылі прадоўжыць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Арцём Ціхан, Вольга Гульнік, Юлія Гульнік, Настасся Губко, Павел Жадзейка ні разу не пашкадавалі, што ў час летніх канікулаў сустракаліся з педагогамі дадатковай адукацыі. Разам з дарослымі дзеці паспелі стварыць калекцыю бранзалетаў з бісеру, навучыліся працаваць з салёным цестам, гіпсам, паперай, упрыгожваць бутэлькі, ператвараючы іх у сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Хлопцы, што ні дзіўна, займаліся барацьбой. Напрыклад, Павел Жадзейка, які сёлета пайшоў у 11 клас, ужо год наведвае секцыю кікбоксінга і ўпэўнены, што пастаянныя трэніроўкі і добрая фізічная форма дапамогуць яму паступіць у адну з установаў МНС, бо Павел марыць стаць ратаўніком.
Хваляць заняткі ў Цэнтры творчасці і моладзевыя лідары. Так, старшыня піянерскага гарадскога штаба Наталля Крывулька расказвае, што кожны год прадстаўляе Дзятлаўшчыну ў Гродне на пасяджэнні абласнога савета піянераў, а сёлета, як лідар вучнёўскага самакіравання СШ №1 горада Дзятлава, прымала ўдзел у жнівеньскай педагагічнай нарадзе. У мінулым навучальным годзе Наталля была ў групе падтрымкі сяброўкі па ўстанове Вікторыі Каракулька, якая заняла другое месца на абласным этапе конкурсу «Лідар года-2016» з актуальным школьным праектам «Моладзь. Культура. Маральнасць». Наталля Крывулька не сумняваецца, што назапашаны вопыт і лідарскія якасці абавязкова дапамогуць ёй у дарослым жыцці.
Згодна з такой думкай і гімназістка Яўгенія Лявончык, удзельніца клуба «Лідар» (кіраўнік І. А. Мішчанка). Яўгенія стараецца не прапускаць ніводнага мерапрыемства, якое праходзіць у Цэнтры творчасці, прымае ўдзел у моладзевых конкурсах і акцыях. Дзяўчына марыць стаць юрыстам, а таму практыка публічных выступленняў і дыскусій ёй толькі на карысць.
Аднак наведвальнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава гэта яшчэ і пераможцы шматлікіх творчых конкурсаў. Вось што пра гэта расказваюць самі навучэнцы.
Аляксандра Савань:
— Мая бабуля Лілія Уладзіміраўна Коласава — кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Сувенір». Яна пачала і мяне зацікаўліваць сваім рамяством, калі мне было гады тры. Разам мы часта што-небудзь майстравалі дома. У выніку я запісалася да яе у гурток. Я навучылася працаваць з паперай і гіпсам. Цяпер асвойваем новую тэхніку— вырабляем заколкі з фоамірана. Мае работы прымалі ўдзел у творчых конкурсах, у выніку на абласным этапе конкурсу «Калядная зорка» я атрымала дыплом другой ступені, а на рэспубліканскім — дыплом удзельніка за аб’ёмную ляльку «Снягурка». Пераможцай раённага конкурсу «Падарунак ветэрану» стала мая кветкавая кампазіцыя з паперы.
Ірына Качан:
— За час, які я наведваю аб’яднанні «Сувенір» (кіраўнік Лілія Уладзіміраўна Коласава) і «Бісерапляценне» (кіраўнік Анжэла Віктараўна Грыб), навучылася многаму: магу майстраваць складаныя вырабы з бісеру, працую ў тэхніцы квілінгу. Як вынік, мая перамога ў абласным этапе конкурсу «Калядная зорка» і трэцяе месца на абласным конкурсе «Сонца, мама і кветкі». Аднак на дасягнутым спыняцца не збіраюся. Хачу дасканала асвоіць работу з фоамеранам. Упэўнена, што займацца рукадзеллем вельмі цікава і карысна.
Дар’я Юрчык:
— Я займаюся ў Алены Генрыхаўны Турчэнік, якая вучыць нас ляпіць з салёнага цеста, плесці з бісеру, шыць на швейнай машынцы і многім іншым карысным для дзяўчат заняткам. Таксама мне вельмі падабаецца выцінанка. У 2014 годзе ў конкурсе «Прывітанне, свет!» я стала абласной пераможцай і заняла трэцяе месца ў рэспубліцы. У выніку мяне запрасілі на абласную ёлку. Наведванне Цэнтра творчасці паўплывала і на выбар будучай прафесіі: мару стаць дызайнерам інтэр’ера. Спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца.
Лідзія Фадзеева:
— Ужо тры гады наведваю аб’яднанне па інтарэсах «Сувенір». За гэты час асвоіла некалькі цікавых тэхнік, у тым ліку выраб букетаў з сюрпрызам. На конкурсе «Кветкі. Прыгажосць. Творчасць» мая работа букет «З Днём Анёла» заняла першае месца ў вобласці і другое ў рэспубліцы. Таксама пры падтрымцы педагогаў Цэнтра я прымала ўдзел у конкурсе відэаролікаў «Мая малая радзіма»: зняла тэматычную відэастужку і перамагла. Узнагародай за дасягненні былі пуцёўка ў летнік «Зубраня» і запрашэнне на Прэзідэнцкую ёлку.
І. КАЎКЕЛЬ