Усё гэта, а таксама бясплатнае наведванне экспазіцый Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей прапанаваў 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, жыхарам і гасцям райцэнтра ў рамках мерапрыемства “Музей збірае сяброў”.
Не багі гаршкі лепяць
Першымі ў музейныя залы паклікалі самых юных наведвальнікаў – навучэнцаў гарадскіх школ, бо праграму мерапрыемстваў адкрыў майстар-клас ганчарнага майстэрства мастака-кераміста з гарадскога пасёлка Наваельня Анатоля Кардаша.
Анатоль Аляксандравіч расказаў дзецям, што, каб навучыцца ствараць прыгажосць з гліны, трэба запасціся цярпеннем, мець жаданне і пэўнае абсталяванне. Гліну для будучых ганчарных вырабаў абавязкова старанна ачышчаюць і апрацоўваюць да стану пластыліну, толькі тады яна трапляе на ганчарны круг. Працэс гэты няпросты, аднак у выніку пад рукамі майстра з яе з’яўляюцца сапраўдныя шэдэўры. Якія менавіта, наведвальнікі музея маглі пабачыць у экспазіцыі Анатоля Кардаша. Ён расказаў, што пры апальванні такога посуду выкарыстоўвае старадаўні спосаб – малачэнне. Затым дзясяткі цікаўных дзіцячых вачэй назіралі, як пад рукамі Анатоля Аляксандравіча “вырастае” прыгожы гаршчэчак, які ён аздобіў узорам.
Жадаючых і самім уключыцца ў працэс было шмат, але не кожнаму гэта ўдалося. Уражаннямі падзяліліся шчасліўчыкі:
Дар’я Скварчынская, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:
– Даведацца пра работу з глінай было цікава, тым больш самой паспрабаваць, як гэта адбываецца. На такім майстар-класе я ўпершыню, усё спадабалася.
Улад Губко, навучэнец сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:
– Было цікава пабачыць, як лепяцца гаршкі і паўдзельнічаць самому, быў бы не супраць гэтаму навучыцца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga