Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі землякамі і роднымі мясцінамі.
На гэты раз артыстка сектара Ірына Бакшук завітала да свайго калегі – мастацкага кіраўніка Раклевіцкага дома культуры, старасты вёсак Заполле, Курпешы і аграгарадка Раклевічы Івана Петраша.
Іван Альфонсавіч з тых людзей, пра якіх у народзе кажуць: “І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”, бо ўмее і старанна працаваць, і прыгожа песні спяваць. На малой радзіме (ён ураджэнец вёскі Заполле), у нашым і суседніх раёнах Івана Петраша ведаюць па выступленнях народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі” (раней –“Прымакі”), бо наш зямляк з моманту заснавання ўваходзіць у склад гэтага многімі любімага калектыву. За грамадскую актыўнасць і работу ў галіне культуры Дзятлаўшчыны ў асабістай скарбонцы Івана Альфонсавіча дзясяткі ўзнагарод рознага ўзроўню: дыпломы, граматы, Падзячныя лісты. Учас гастрольных тураў з “Суседзямі” яму пашчасціла пабываць у Анапе і двойчы з’ездзіць на “Славянскі базар” у Віцебск.
Музычны талент дастаўся Івану ад бацькоў, праўда, яны не былі артыстамі – працавалі на ўласнай гаспадарцы і ў калгасе, але цудоўна спявалі. Калі ў Заполлі праходзілі народныя святы, на вуліцы абавязкова чуліся песні і гукі гармоніка. Таму пасля заканчэння ў 1973 годзе Раклевіцкай сямігодкі перад Іванам Петрашом не стаяла пытанне, кім стаць: юнак цвёрда ведаў, што хоча прысвяціць сваё жыццё рабоце ў сферы культуры. Ён паступіў у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, пасля якога вярнуўся працаваць на Дзятлаўшчыну, а ў 1977-1979 гадах адслужыў тэрміновую службу ў арміі.
Першыя крокі ў прафесію Іван Альфонсавіч зрабіў у Раготне, дзе маладога спецыяліста прызначылі дырэктарам мясцовага дома культуры, а ў 1987 годзе вырашыў перавесціся ў Раклевіцкі СДК, бліжэй да роднай вёскі. Тут працаваў на пасадах дырэктара і мастацкага кіраўніка, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іван Пятраш не здрадзіў свайму прызванню і прадаўжае дарыць землякам песні і добры настрой.
Безумоўна, артыст, асабліва сельскі, заўсёды на вачах у людзей. Ён не толькі выступае на сцэне, але і завітвае на падворкі землякоў у час святаў вёсак, асабістых юбілеяў вяскоўцаў, у іншыя знамянальныя даты. Такі чалавек цудоўна ведае мясцовых жыхароў, іх клопаты і праблемы, ды і людзі ведаюць яго, заўсёды сустракаюць як жаданага госця. Нездарма ў 2002 годзе на вясковым сходзе менавіта кандыдатура Івана Альфонсавіча была прапанавана і падтрымана пры выбары старасты адразу дзвюх вёсак і аграгарадка.
З таго часу мінула амаль два дзесяцігоддзі. Для гісторыі невялікіх населеных пунктаў гэта значны адрэзак часу, асабліва цяпер, калі актыўна ідзе ўрбанізацыя і маладое пакаленне выязджае ў гарады.
– Я душой прыкіпеў да вёскі, – прызнаецца Іван Альфонсавіч. – І мне вельмі хацелася б, каб яна жыла, прырастала новымі людзьмі, спявала песні. Як гэта зрабіць? Мяркую, што чалавека на роднай зямлі трымае не толькі любоў, але і працоўнае месца, развітая інфраструктура. У беларускіх аграгарадках усё гэта ёсць, аднак сучасная моладзь выгодаў чамусьці не цэніць. Жыццё маладога пакалення ўсё больш пераходзіць у віртуальную прастору, а ў рэальнай – глохне. Узяць, напрыклад, нашы раклевіцкія дыскатэкі. Калі я пачынаў працаваць у мясцовым СДК, на іх яблыку не было куды ўпасці: хлопцы і дзяўчаты прыходзілі не толькі з навакольных вёсак, але і прыязджалі з райцэнтра. Цяпер такога няма: нават на святы да нас маладыя ідуць неахвотна, большую ініцыятыву праяўляюць прадстаўнікі старэйшага пакалення. Бабулі і дзядулі заўсёды з радасцю чакаюць выступленняў сельскіх артыстаў.
Сам Іван Пятраш ніколі не ганяўся за “сіняй птушкай”, не марыў пра сталічнае жыццё. Жонку сваю, Надзею Пятроўну, сустрэў на такой жа сельскай дыскатэцы. У сёлетнім чэрвені яны адсвяткуюць сорак гадоў сумеснага жыцця – рубінавае вяселле. Разам выгадавалі дваіх сыноў, дачакаліся пяцарых унукаў. Сыны жывуць недалёка: адзін – у Дзятлаве, другі – у Слоніме. На жаль, ніхто з іх не застаўся ў родным Заполлі, але да бабулі з дзядулем часта прыязджаюць унукі. Яны дапамагаюць нарыхтоўваць сена для каровы, з дзедам ходзяць па грыбы, на рыбалку.
Іван Альфонсавіч упэўнены, што летам у вёсцы не горш, чым на замежным курорце, а вось зімой для моладзі тут не так шмат забаў. Стараста лічыць, што ў аграгарадку Раклевічы не хапае свайго кафэ, дзе ў вольны час можна было б пасядзець, пагутарыць, падзяліцца апошнімі навінамі як прыезджым, так і местачкоўцам.
Аднак у паўсядзённым жыцці вяскоўцаў больш хвалюе не гэта. Да старасты яны найчасцей звяртаюцца з надзённымі пытаннямі: абкасіць суседні нежылы ўчастак, каб не здарылася пажару, выдаліць аварыйнае дрэва каля хаты, памяняць лямпачку ў вулічным ліхтары, прагрэйдзіраваць незаасфальтаваны ўчастак дарогі. Вырашаць праблемы дапамагае старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі, з якім Іван Пятраш пастаянна на сувязі. Увогуле, вясковы стараста – гэта той праваднік, які перадае прадстаўнікам мясцовага самакіравання пажаданні і просьбы людзей. Актыўнаму старасту людзі заўсёды ўдзячны. Таму хочацца пажадаць Івану Альфонсавічу як мага часцей чуць слова “дзякуй” ад жыхароў, якія два дзесяцігоддзі таму выбралі яго старастам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga