Землякі. Сувязны Вікенцій Дадура

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Працягваецца пошук удзельнікаў падпольнага і партызанскага руху на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нядаўна стала вядома імя яшчэ аднаго нашага земляка, удзельніка барацьбы з нямецка-фашысцкай агрэсіяй. Гэта  Вікенцій Паўлавіч Дадура з гарадскога пасёлка Наваельня.

Згодна  з арыгіналам даведкі, выдадзенай за подпісамі камандзіра партызанскага атрада “Кастрычніцкі” брыгады імя С. М. Кірава Віктара Панчанкава і начальніка разведкі Аркадзя Рэдзько, а таксама з матэрыялам  нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Вікенцій Дадура “…быў сувязным з партызанскім атрадам “Кастрычніцкі” і працаваў на карысць атрада з 4. x. 1943 года. У час выканання свайго абавязку па падкладцы мін быў выяўлены казакамі і зверскі замучаны 18 красавіка 1944 года, у вёсцы Варакомшчына Новаяльнянскага с/с Дзятлаўскага раёна Баранавіцкай вобласці. Работа па падкладванню мін была даручана агентурай разведкі “Кастрычніцкага “ атрада Кіраўскай брыгады.” (захаваны стыль напісання даведкі — аўтар).

Вікенцій Дадура нарадзіўся недалёка ад горада Гродна. Затым у пошуках лепшай долі перабраўся ў вёску Галаўлі, дзе пазнаёміўся з мясцовай дзевятнаццацігадовай  дзяўчынай  Вольгай  Юркевіч,  з якой яны заключылі шлюб і стварылі сям’ю. Праца на сельскай гаспадарцы не прыносіла дастатку,  і было вырашана  шукаць заробак за мяжою. 15 лютага 1928 года з медыцынскай даведкай і накіраваннем міністэрства працы ў Варшаве, па ўзгадненні з консульствам Аргенціны,  Вінцэнт (Вікенцій) Дадура накіраваўся ў далёкую і невядомую краіну. Уладкаваўся на працу да мясцовага фермера каля сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэса. Спачатку працаваў на сельскай гаспадарцы: нарыхтоўка цукровага трыснягу, у жывёлагадоўлі. Затым – рабочым мясакамбіната ў Буэнас-Айрэсе. Працаваў ахвотна і неаднаразова пасылаў грошы сваім родным у вёску Галаўлі.  Жонка, Вольга Антонаўна, купіла дом у мястэчку Наваельня, прыдбала гаспадарку. У 1930 годзе Вікенцій Дадура вырашыў вярнуццца дамоў. Па дарозе здарылася трагедыя: яго абрабавалі . Прыйшлося вярнуцца ў Аргенціну, дзе Вікенцій Дадура працаваў да 1937 года. У сярэдзіне гэтага года ён вяртаецца на пастаяннае месца жыхарства ў Наваельню. Разам з жонкаю яны набылі надзел зямлі, купілі каня, карову, палепшылі сваё матэрыяльнае становішча. У перыяд з 1939 года па чэрвень 1941 года працавалі на асабістай гаспадарцы.

Вялікую Айчынную вайну Вікенцій Дадура сустрэў дома, у Наваельні. З пасляваенных аповедаў і ўспамінаў Вольгі Антонаўны вядома, што першапачаткова яны імкнуліся аказаць супраціўленне фашысцкаму рэжыму. Першыя кантакты з падполлем былі ўстаноўлены ў пачатку 1943 года. З развіццём партызанскага руху і дзейнасцю партызан атрада “Кастрычніцкі” Вікенцій Паўлавіч устанавіў з імі сувязь. Першыя заданні партызан былі па дастаўцы  ў атрад зброі, якую збіралі на месцы баёў адступаючай Чырвонай Арміі.  Вікенцій запрагаў каня, на воз укладваў зброю, накрываючы яе саломаю ці дровамі. Даводзілася выконваць заданні па мініраванні  пэўных гаспадарчых аб’ектаў фашыстаў і іх казацкіх прыслужнікаў. Вольга Антонаўна тайна ноччу выпякала хлеб, які затым перадаваўся партызанам. Была ўстаноўлена сувязь і з іншымі актывістамі супраціўлення фашыстам. Так працягвалася з восені 1943 года да сярэдзіны красавіка 1944 года. Дзеянні падпольшчыкаў не засталіся незаўважанымі паліцыяй і казакамі, якія кватараваліся ў Наваельні. Па даносе здрадніка Вікенцій Дадура і яшчэ 11 найбольш актыўных падпольшчыкаў і сувязных партызан былі арыштаваны. Іх трымалі ў гумне на ўскрайку вёскі Варакомшчына, дзе была створана турма і пакой допытаў. Найбольш жорстка здзекаваліся і катавалі арыштаваных падпольшчыкаў казацкія прыслужнікі. Вольга Антонаўна насіла харчовыя перадачы мужу. Патаемным знакам, што перадачу Вікенцій атрымаў, быў адарваны шматок кашулі. Пад пагрозай смерці Вольга Антонаўна з сынам Тадэвушам вымушаны былі пакінуць родны дом і перабрацца на жыхарства ў вёску Галаўлі. Пасля нечалавечых здзекаў над арыштаванымі, 18 красавіка 1944 года яны былі расстраляны.  Месца расстрэлу знаходзілася прыкладна больш за 100 метраў ад турмы. Гэта была брацкая магіла памерам са два на тры метры. Пасля вызвалення Наваельні, 9 ліпеня 1944 года, родным і блізкім было дазволена перазахаваць загінулых сваякоў. Вольга Антонаўна  пахавала свайго мужа на грамадзянскіх могілках у Наваельні.  У 1964 годзе на месцы расстрэлу патрыётаў быў узведзены абеліск, на якім нанесены прозвішчы 12 загінулых партызанаў і падпольшчыкаў.

Памяць аб родным бацьку і дзядулі захоўваецца ў сям’і яго сына – Тадэвуша Вікенцьевіча, які са сваёй сям’ёй жыве ў гарадскім пасёлку  Наваельня, і сёння захоўвае асабістыя дакументы і фотаздымкі бацькі.

Дзейнасць па ўстанаўленні імён загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны працягваецца. Калі ў вас, паважаныя чытачы, ёсць звесткі аб удзельніках вайны і месцах іх пахавання, просьба аб гэтым паведаміць вядучаму спецыялісту Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Валянціну Абухаву па тэлефоне 2-15-03 або аўтару дадзенага артыкула.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: