Георгій Павачка – партызан з берагоў Шчары

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У гады Вялікай Айчыннай вайны адным з цэнтраў партызанскай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў была Пушча Ліпічанская.

Тут, у лясных масівах, каля рэк Нёман і Шчара, быў створаны першы партызанскі атрад. Спачатку ён насіў назву “Арлянскі” (пазней перайменаваны ў атрад “Барацьба”), і камандаваў ім Васіль Піліпавіч Кавязін. Пасля яго гібелі ў ліпені 1942 года камандаванне атрадам прыняў Мікалай Рыгоравіч Вахонін. У снежні 1942 года атрад быў уключаны ў склад Ленінскай партызанскай брыгады. У атрадзе “Барацьба” партызаніў і наш зямляк Георгій Мікалаевіч Павачка.

У першыя дні вайны вёска Вялікая Воля, што раскінулася ўздоўж ракі Шчары, аказалася пад ударам ворага. Мост праз Шчару быў адным з цэнтральных накірункаў адступлення Чырвонай арміі. З 24 па 29 чэрвеня 1941 года фашысцкія самалёты некалькі разоў бамбілі мост, па якім рухалася шмат чырвонаармейцаў і тэхнікі. Жыхары Вялікай Волі, як маглі, дапамагалі ім, асабліва пры пераправе праз раку. Нямала ваеннай тэхнікі, узбраення, боепрыпасаў засталося ў водах Шчары, навакольных балотах і лясах. Мясцовае насельніцтва на свой страх і рызыку збіралі і захоўвалі зброю для барацьбы з акупантамі. Сярод такіх смельчакоў быў і 21-гадовы Георгій Павачка. Вайну ён сустрэў плытагонам каля горада Слоніма. Бацькі хлопца працавалі ў сельскай гаспадарцы. За мужнасць на франтах Першай сусветнай вайны бацька будучага партызана быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Ён таксама дапамагаў сыну ў пошуках зброі. Разам знайшлі і схавалі некалькі кулямётаў, вінтовак, скрынак з патронамі, абсталяванне для гармат і ваеннай тэхнікі. Георгій добра ведаў месца, дзе затануў савецкі танк.

Летам 1942 года юнак устанавіў сувязь з партызанамі. Па загадзе камандавання партызанскага атрада “Барацьба” Георгій паведамляў партызанам накірункі руху фашыстаў, даведваўся пра планы паліцэйскіх, пра падзеі ў Рудаяварскім нямецкім гарнізоне.

Восенню 1942 года ён пакінуў бацькоўскі дом і застаўся ў партызанскім атрадзе. 16 снежня 1942 года ў час карнай аперацыі  нямецкіх акупантаў “Гамбург” былі бязвінна расстраляны 364 жыхары вёсак Вялікая і Малая Воля. Загінулі бацька і маці Георгія Павачкі.

Каб адпомсціць ворагу, юнак імкнуўся ўдзельнічаць у кожнай баявой аперацыі партызан. На яго асабістым рахунку – падрыў штабной машыны, у якой знаходзіліся тры нямецкія афіцэры. Аб баявых подзвігах Георгія Павачкі сведчыць баявая характарыстыка і лісты да ўзнагароды. Сын Георгія Мікалаевіча, ветэран міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Георгій Георгіевіч, перадаў бацькаву характарыстыку вядучаму спецыялісту Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Валянціну Абухаву. Вось некаторыя вытрымкі з яе: “Характарыстыка на партызана атрада ”Барацьба” Ленінскай партызанскай брыгады Георгія Мікалаевіча Павачку. Год нараджэння: 1920, член УЛКСМ з 1944 года, беларус. Г. М. Павачка з’яўляецца адным з арганізатараў партызанскага руху ў Ліпічанскай Пушчы. Пасля адыходу Чырвонай арміі з Беларусі Г. М. Павачка падабраў і захаваў, а пазней перадаў у атрад 11 кулямётаў, адну вінтоўку (у лісце да ўзнагароды – 12 кулямётаў і 22 вінтоўкі – удакладненне аўтара), 10 скрынак патронаў, друкавальную машынку, шмат іншага ваеннага абсталявання з танкаў і бронемашын. Удзельнік баёў у вёсцы Руда Яварская – кастрычнік 1942 года, бой на рацэ Шчары – снежань 1942 года, засада каля вёскі Руда Яварская – красавік 1943 года, дзе быў цяжка паранены. Нягледзячы на раненне, узяў на сябе ролю правадніка і вывеў роту ў бяспечнае месца ад праследавання ворага”.

З дакументаў да ўзнагароды вядома, што “Георгій Павачка актыўны ўдзельнік пад’ёму танка з ракі Шчары, збору гармат сярэдняга і малога калібраў, з яго дапамогай адрамантавалі гармату 76 мм, “універсалку” і дзве гарматы 45-га калібра”.

Цяжкае раненне нагі нямецкай куляй патрабавала шпіталізацыі. Георгій Павачка спачатку лячыўся ў шпіталі партызанскай брыгады ў Пушчы Ліпічанскай, затым самалётам з партызанскага аэрадрома быў накіраваны за лінію фронту. Лячэнне праходзіў у адным з воінскіх шпіталяў горада Разані.

У канцы 1945 года Георгій Мікалаевіч вярнуўся на родную зямлю. Тут яго знайшла першая ўзнагарода – медаль “Партызану Айчыннай вайны II ступені”, якой ён быў узнагароджаны “за дапамогу ў арганізацыі партызанскага атрада, за гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў тыле ворага”. Пазней, у 1965 годзе, Георгій Павачка атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй”, а ў сакавіку 1985 года – ордэн Айчыннай вайны II ступені.

З вёскі былому партызану давялося пераехаць у гарадскі пасёлак Наваельня, дзе ён працаваў на розных пасадах, у тым ліку інспектаваў млыны і гідраэлектрастанцыі, наглядаў за іх работай. Доўгі час ветэран вайны служыў вольнанаёмным у вайсковай часці, якая раней размяшчалася ў пасёлку. Да выхаду на пенсію ў 1980 годзе Георгій Павачка быў узнагароджаны яшчэ васьмю юбілейнымі медалямі, граматамі, дыпломамі. Разам з жонкай Ганнай Пятроўнай выгадавалі двух сыноў. Старэйшы, Анатоль, служыў у сістэме КДБ СССР. Малодшы, Георгій, 27 гадоў адслужыў у МУС Рэспублікі Беларусь, 25 з якіх – у Дзятлаўскім раённым аддзеле міліцыі. У званні маёра ён знаходзіцца на пенсіі.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Георгій Нікалаевіч Павачка памёр у 1994 годзе і з воінскімі ўшанаваннямі быў пахаваны на могілках гарадскога пасёлка Наваельня. Дзеці і ўнукі былога партызана ганарацца сваім бацькам і дзядулем, шануюць і берагуць памяць аб ім.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Фота з сямейнага альбома Г. Павачкі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: