Быў час, калі гурбы снегу здаваліся вышынёй з мяне, але гэта было ў далёкім дзяцінстве.
Сёлета зіма вырашыла нагадаць усім, што такое быць маленькім і бездапаможным перад прыроднай стыхіяй.
Толькі накатаюць лыжную трасу, як зноў цяжка па ёй прабрацца, пачысціш дарогу — і ўжо на наступны дзень «ні праехаць ні прайсці».
Але самае галоўнае, што ў такую заснежаную зіму ў душах нашых цімураўцаў, валанцёраў, членаў грамадскіх арганізацый «БРПА”, “БРСМ”, прафсаюзнай арганізацыі не прапала пачуццё міласэрнасці і ўзаемадапамогі.
Расчыстка дваровых тэрыторый ад снегу ветэранам педагагічнай працы, адзінока пражываючым грамадзянам – гэта не аднаразовая дапамога, якую мы аказваем.
У пасёлку ёсць Свята-Успенская царква. «Нашым душам стала неяк цяплей, калі мы расчысцілі дарогу, каб зручней было ўваходзіць у храм. Царква таксама мае патрэбу ў нашай дапамозе», — ціха вымавіў Арцём.
Такая зіма добра паказвае, што вакол нас не раўнадушныя дзеці, а добрыя і спагадлівыя людзі – наша будучае пакаленне. Я ўпэўнена, што яны прыйдуць на выручку яшчэ столькі, колькі гэта спатрэбіцца. Зімовая пара добрых спраў працягваецца!
Галіна ХІЛІМОНЧЫК,
намеснік дырэктара Казлоўшчынскай сярэдняй школы