Прайшло больш за 75 гадоў з таго дня, як скончылася Другая сусветная вайна, але вывучэнне і ўсведамленне яе падзей працягваецца.
Некалькі мінулых дзесяцігоддзяў дазволіла навукоўцам і даследчыкам, дзякуючы даступнасці архіўных матэрыялаў, падступіцца да вывучэння новых, раней невядомых старонак айчыннай гісторыі.
Адна з тэм, якая па-ранейшаму выклікае вялікую цікавасць як у грамадскасці, так і ў навукоўцаў, – тэма супраціўлення беларускага народа акупантам у гады вайны. Сярод многіх тысяч грамадзян рэспублікі, якія ўзялі ў рукі зброю, былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, у тым ліку і яўрэі. Дзесяцігоддзямі замоўчваўся ўдзел яўрэяў у падпольнай і партызанскай барацьбе ў Беларусі ў гады вайны. Гэта спрыяла стварэнню ў грамадскай свядомасці нашых людзей памылковага ўяўлення пра тое, што яўрэі не супраціўляліся і не ўдзельнічалі ў барацьбе супраць акупантаў у той час, калі фашысты татальна знішчалі яўрэйскі народ. І толькі цяпер, у незалежнай Рэспубліцы Беларусь, пытанне гэта пачало асвятляцца праўдзіва, дакладна, апіраючыся на дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Нядаўна мы расказвалі пра Фаню Дунец, жыхарку Ізраіля, нашу зямлячку, якой у лістападзе споўнілася 100 гадоў. Артыкул меў шырокі рэзананс. Адгукнуліся блізкія Фані з розных краін свету, у тым ліку яе пляменнік Роні, сын брата Мотла. Мотл (Мардэхай) разам з Фаняй выратаваўся ад расстрэлу ў Дзятлаве, потым быў выратаваны Іосіфам Варганом, жыхаром вёскі Гірычы, з навагрудскага гета. Мотл пражыў 98 гадоў, памёр летась. Сын Мотла Роні расказаў пра тое, што бацька спачатку апынуўся ў яўрэйскім атрадзе Бельскіх, што дзейнічаў у навагрудскіх лясах, а потым перайшоў у Ленінскую партызанскую брыгаду, ваяваў да канца вайны ў атрадах “Чырвонагвардзейскі” і “Барацьба”. Тут ён пазнаёміўся з дзяўчынай па імені Фаня (напэўна, яна таксама была яўрэйкай) і закахаўся ў яе. Бачыліся яны толькі два разы, але Мотл прысвяціў ёй верш на ідыш, а таксама атрымаў ад дзяўчыны запіску. У запісцы яна паведамляла, што не супраць сустрэчы. Фаня загінула. Прозвішча яе ніхто не мог назваць. Мотл бярог запіску ўсё жыццё і помніў сваю каханую, а перад смерцю расказаў пра гэта сыну.
Хто такая тая Фаня? Ці можна знайсці яе сляды? Без прозвішча зрабіць гэта складана, але звярнулася да Валянціна Абухава, які займаецца вяртаннем невядомых імён партызан, а ён параіў зайсці на сайт https://partizany.by і пашукаць Мотла (у спісах ён Максім) і Фаню. Мотла знайшла ў спісах атрада “Барацьба”, але не на сайце, а ў кнізе “Усталі мы плячом да пляча”, выдадзенай дырэктарам Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі Інай Герасімавай і дырэктарам Нацыянальнага архіва РБ Вячаславам Селяменевым у 2005 годзе. Там спісы больш поўныя. А вось з дзяўчынай было складаней. Магчыма, яна знаходзілася ў сямейным яўрэйскім лагеры, які базаваўся ў Ленінскім партызанскім атрадзе (камандзір Валянцін Біцько), а можа, была ў іншым атрадзе. Адзінае імя, якое магло б больш-менш падысці для той дзяўчыны, – Файгенбаум Франя Германаўна з “Ленінскага” атрада Біцько. Пра яе захавалася наступная інфармацыя: нацыянальнасць – яўрэйка, год нараджэння 1914, месца нараджэння Беласток.
Пошукі Фані далі штуршок для даследавання пытання ўдзелу яўрэяў у партызанскім руху Дзятлаўшчыны. Многім нашым землякам вядома імя Ёскеля Атласа (у спісах Атлас Хацкель Сіпаевіч), камандзіра першага партызанскага атрада на Дзятлаўшчыне, які загінуў у 1942 годзе ў Ліпічанскай пушчы, а ўжо ў наш час быў перазахаваны на яўрэскіх могілках у Дзятлаве. З успамінаў тых, што выжыў падчас Халакосту, даведаліся мы і пра тое, што многія яўрэі ваявалі ў партызанскіх атрадах. Летась супрацоўнікі музея разам з Валерыем Міхайлавічам Петрыкевічам знайшлі сямейны партызанскі лагер атрада Ленінскі. Успамінаюцца яўрэі-партызаны ў многіх кнігах, прысвечаных партызанскаму руху на тэрыторыі нашага раёна, сярод іх кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”. Дык вось у спісах сайта https://partizany.by даецца наступная статыстыка: Ленінская партызанская брыгада, атрад “Чырвонагвардзейскі” (камандзір І. Д. Калашэйнаў) – 18 яўрэяў-партызан; атрад “Барацьба” (В. Ф. Кавязін, Н. Г. Вахонін, С. П. Смірноў, І. М. Глазкоў) – 37; атрад “Непераможны” (П. Н. Герасімчык) – 6; атрад “Ленінскі” (В. С. Біцько) – 10. Невядома, адкуль паходзілі яўрэі гэтых атрадаў, але можна смела меркаваць, што не ўсе яны дзятлаўскія, таму што папаўнялі рады партызан і яўрэі з
Дзярэчынскага гета, і жыхары Жалудка, і нават яўрэі з Беластока (прыклад таму Франя Файгенбаум). Вайна раскідала людзей далёка ад дому, а жаданне выжыць прымушала шукаць ратунак любой цаной.
Спісы ж кнігі “Усталі мы плячом да пляча” больш поўныя, мы выбралі з іх толькі тых яўрэяў, якія былі родам з Дзятлава ці Дзятлаўскага раёна і ваявалі ў Ленінскай партызанскай брыгадзе (дарэчы, значацца яўрэі Дзятлаўшчыны і ў іншых брыгадах Беларусі). Атрымаліся наступныя лічбы: сямейны лагер Ленінскага атрада пад кіраўніцтвам Валяціна Біцько – 27 чалавек; атрад “Чырвонагвардзейскі” – 10; атрад “Барацьба” – 75; атрад “Ленінскі” – 8; тры чалавекі – атрад не пазначаны, адзін – брыгада “Ленінская”, атрад “Перамога”.
Як бачым, у партызанскім руху ўдзельнічала даволі вялікая колькасць яўрэяў Дзятлаўшчыны, якім удалося выратавацца з гета ці ацалець падчас ліквідацый. Неабходна падкрэсліць яшчэ і тое, што ў атрад іх бралі толькі пры наяўнасці зброі, значыць, здабываць яе даводзілася таксама ў баі або хітрасцю.
Работа па даследаванні пытання ўдзелу яўрэяў у партызанскім руху працягваецца. Спадзяёмся, што з цягам часу даведаемся, хто ж была тая Фаня, у якую на ўсё жыццё закахаўся Мотл Дунец.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея