Анлайн-семінар педагогаў-арганізатараў установаў адукацыі раёна па тэме “Дзіцячае і моладзевае самакіраванне як сродак фарміравання пазітыўных лідарскіх якасцяў навучэнцаў” прайшоў на Дзятлаўшчыне.
Мадэратарам анлайн-сустрэчы выступіла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Мішчанка. Вопытам работы з дапамогай праграмы Zoom дзяліліся педагогі і навучэнцы Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Тон размове задала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Наталля Верамейка. Яна расказала пра сучасныя формы дзіцячага і моладзевага самакіравання, якія выкарыстоўваюцца ў Круцілавічах, патлумачыла, як праз актыўны ўдзел у школьным самакіраванні там выхоўваюць сацыяльна паспяховых падлеткаў.
Па словах Наталлі Іванаўны, ядро школьнага самакіравання – гэта 15 актыўных навучэнцаў, таксама ва ўстанове дзейнічае піянерская дружына імя Вячаслава Адамчыка ў складзе чатырох атрадаў, два атрады ГА “БРСМ”, валанцёрскія атрады “Ініцыятыва” і “Палымнеючыя сэрцы”, антынаркатычны атрад “Дзеля жыцця”, школьны прэс-цэнтр. Дзеці ўдзельнічаюць у рабоце савета ўстановы, ёсць савет старшакласнікаў. Толькі летась круцілавіцкія школьнікі паўдзельнічалі ў рэалізацыі праектаў “Клопат”, “Школа самакіравання”, “Школьны двор маёй мары”, “Наперад, камандзір!”.
З ліпеня 2019 года ўстанова адукацыі прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі міжведамаснага раённага праекта “Круцілавічы – здаровы пасёлак”. Сацыяльнымі партнёрамі школы з’яўляюцца Данілавіцкі дом культуры, ААТ “Граніт-Агра”, раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. У рамках праекта ўжо праведзена дзевяць мерапрыемстваў, у тым ліку з далучэннем бацькоў навучэнцаў, школьнікі ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Па выніках рэспубліканскага конкурсу эсэ “Мой школьны футбольны клуб” установа адзначана беларускай федэрацыяй футбола, уключана ў аднайменны рэспубліканскі праект, у далейшым каля школы плануецца пабудаваць пляцоўку для міні-футбола.
За апошнія два гады з ініцыятывы Савета старшакласнікаў установы ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва былі распрацаваны тры праекты: “Захаваем абеліск”, “Добрае Сэрца” і “Аазіс” (па добраўпарадкаванні парку мікрараёна школы з удзелам Данілавіцкага сельвыканкама, ААТ “Граніт-Агра”).
Трэці год у школе дзейнічае бізнес-кампанія “FLOWER”. Яна садзейнічае рэалізацыі праекта “Школьны двор мары”, прадукцыя кампаніі неаднаразова прэзентавалася на раённым узроўні.
Напрыканцы выступлення Наталля Верамейка падкрэсліла, што дзякуючы рэалізацыі праектаў і вучнёўскіх ініцыятываў павялічылася грамадская актыўнасць круцілавіцкіх школьнікаў, многія дзеці набылі навыкі арганізатарскай дзейнасці, што спатрэбіцца ім у дарослым жыцці.
У пацвярджэнне словаў педагога савет старшакласнікаў установы правёў творчую анлайн-прэзентацыю “Школьная рэспубліка”.
Затым навучэнцы разам з педагогам-арганізатарам Ірынай Верамейка прадставілі ўдзельнікам семінара інтэлектуальна-дзелавую анлайн-гульню “Зрабіце свой правільны выбар”. Гульня праходзіла паміж камандамі-партыямі “Чырвоных” і “Зялёных” у фармаце круглага стала і ўяўляла сабой выбары ў мініяцюры з выбарчай камісіяй, выбаршчыкамі, галасаваннем. Вызначыць дастойную партыю, за якую напрыканцы можна аддаць свой голас, навучэнцы маглі на працягу гульні. Яна праходзіла па намінацыях “Знаток выбарчага права” і “Дэпутат”. Спачатку камандам давялося адказаць на пытанні і падзяліцца ведамі аб выбарчым заканадаўстве Беларусі, Канстытуцыі, галінах улады. Затым лідары партый прадставілі свае перадвыбарныя праграмы, паўдзельнічалі ў дэбатах. Напрыканцы выбаршчыкі атрымалі бюлетэні і аддалі свае галасы за партыю, якая ім спадабалася больш.
Семінар завяршыўся падвядзеннем вынікаў. Яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што вучнёўскае самакіраванне спрыяе фарміраванню ў вучняў сацыяльна значных навыкаў, дапамагае ім навучыцца аналізаваць падзеі, ацэньваць чужыя меркаванні, весці канструкцыйны дыялог, адстойваць і аргументаваць свае думкі, рабіць асэнсаваны выбар.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup