У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі Дзень Маці (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

5 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі Дзень Маці.

Там сабралася шмат вернікаў, дзетак.

У гэты дзень моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, дзякуючы ім за іх неацэнны ўклад у грамадства і за выхаванне ў веры будучых пакаленняў.

Дзень Маці — цёплае і сардэчнае свята. Слова “мама” важнае ў жыцці кожнага. Калі мы прамаўляем яго, то маем на ўвазе дабрыню, любоў, ласку, клопат, цярпенне і падтрымку. Усё самае светлае і чыстае звязана ў нашым жыцці з мамай. Яе вобраз сагравае ў хвіліны смутку, дорыць надзею ў цяжкіх абставінах. Мама — памочнік і затупнік ва ўсіх справах.

Дзеці спявалі песні, чыталі вершы, жадалі ўсяго найлепшага:

— Сёння, у гэты святочны дзень, калі асобным чынам касцёл ушаноўвае Маці мы хочам, любыя матулі, папрасіць нашага ўсемагутнага Бога яго айцоўскай апекі для вас. Няхай спашле вам добрага здароўя, цярпення, удзячнасць вашых дзяцей. А Езус благаславіць кожны дзень вашага жыцця. Дух Святы адорвае вас сваімі дарамі. Праз малітву сёння просім Каралеву Унебаўзятай аб яе заступніцтве для вас і бязмежнай матчынай любові.

Святар і вернікі ўсе разам памаліліся, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай. Напрыканцы святой імшы ўсе прысутныя ў касцёле перадалі адзін аднаму знак супакою, паціснуўшы рукі.

Ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сёння сабраўся ў такі важны дзень.

Вольга ЮШКЕВІЧ