Як дзятлаўчан падманваюць у інтэрнэце?

Важнае Здарэнні і бяспека

Сёлета ў Дзятлаўскім раёне, як і па ўсёй краіне, адзначаецца рэзкі рост колькасці злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Іх пераважную большасць складаюць крадзяжы грашовых сродкаў шляхам авалодвання рэквізітамі банкаўскіх плацежных картак.

Са студзеня па верасень 2020 года Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта былі ўзбуджаны 15 крымінальных спраў па такіх фактах. А ў кастрычніку, усяго за месяц, учынена яшчэ 13 новых злачынстваў.

Цяпер заявы ад пацярпелых грамадзян паступаюць у раённы аддзел унутраных спраў практычна кожны дзень, і большасць з іх звязана з перадачай рэквізітаў банкаўскіх картак. Варта падкрэсліць, што крадзеж грашовых сродкаў з карт-рахунка станавіцца магчымым толькі ў выпадку перадачы трымальнікам карткі яе рэквізітаў трэцім асобам.

Так, 13 кастрычніка 2020 года 24-гадовы жыхар Дзятлава вырашыў прадаць аўтамабільную турбіну на інтэрнэт-рэсурсе “Кufar.by”. З ім праз месенджар звязаўся патэнцыяльны пакупнік. Для пералічэння грашовых сродкаў папрасіў назваць рэквізіты банкаўскай карткі. Прадавец зрабіў гэта – і пазбавіўся 70 долараў ЗША і 253 рублёў.

Сёлета 28 кастрычніка 50-гадовай жанчыне патэлефанавалі з невядомага нумара. У час размовы мужчына прадставіўся работнікам ААТ “Белорусбанк” і паведаміў, быццам толькі што з карт-рахунка жанчыны была ўчынена спроба зняцця ці пераводу грошай. Каб адмяніць аперацыю, ён прапанаваў трымальніцы карткі паведаміць рэквізіты, у тым ліку СVV-код. Усю неабходную інфармацыю пацярпелая перадала зламысніку, а пасля размовы высветлілася, што з яе карт-рахунка скрадзены 1335 рублёў.

Падобныя прыклады не адзінкавыя.

Праваахоўнікі Дзятлаўшчыны чарговы раз нагадваюць жыхарам раёна, што для захаванасці грашовых сродкаў на карт-рахунках неабходна прытрымлівацца простых правілаў лічбавай бяспекі:

– нікому не паведамляйце асабістыя даныя і рэквізіты сваёй банкаўскай аплатнай карткі (гэта прозвішча і імя, 16-значны нумар карткі, які знаходзіцца на яе верхнім баку, тэрмін дзеяння, трохзначны СVV-код на адваротным баку карткі);

– не прадастаўляйце трэцім асобам звесткі аб уліковым запісе ў інтэрнэт-банкінгу і мабільным банкінгу (лагін, пароль, сэнсарны ключ);

– пры паступленні званкоў з “папярэджаннем” аб ашуканскіх дзеяннях і спробаў атрымаць рэквізіты вашай карткі пакладзіце трубку і ператэлефануйце на афіцыйны нумар кантакт-цэнтра банка (нумары пазначаны на вашай картцы). Ведайце: прадстаўнік банка ніколі не будзе тэлефанаваць уладальніку карткі для атрымання рэквізітаў;

– ніколі не ўводзьце даныя сваёй банкаўскай аплатнай карты, а таксама свае асабістыя даныя, на сумніўных інтэрнэт-рэсурсах;

– захоўвайце ў сакрэце ПІН-код сваёй банкаўскай аплатнай карткі;

– у выпадку страты карткі звярніцеся ў банк для яе блакіравання.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup