На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу.
Як яна праходзіць, расказала намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Наталля Літвінская:
– Вакцынацыя ад грыпу ўключана ў нацыянальны каляндар прышчэпак, установы аховы здароўя нашай краіны штогод пачынаюць яе ў верані-кастрычніку. Прайсці гэту працэдуру пажадана да пад’ёму захворвання насельніцтва на вострыя рэспіраторныя хваробы. Імунітэт пасля прышчэпкі фарміруецца на працягу трох месяцаў, а вірус грыпу да нас прыходзіць найчасцей у лютым-сакавіку.
Вакцынацыя ажыццяўляецца як на бюджэтнай аснове, так і за ўласныя сродкі грамадзян. За кошт бюджэтнага фінансавання прышчапляем трохвалентнай вакцынай “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці, якая ўтрымлівае антыгены вірусу грыпу двух тыпаў А і аднаго тыпу Б, а таксама поліаксідоній для ўмацавання і фарміравання імунітэту. Для прышчэпак на платнай аснове выкарыстоўваем чатырохвалентную французскую вакцыну “Ваксігрып Тэтра”.
Прышчапляем асоб з павышанай рызыкай захворвання: дзяцей ад шасці месяцаў да трох гадоў, старэйшых дзетак з арганізаваных групаў ад трох гадоў і школьнага ўзросту, цяжарных жанчын, дарослых з хранічнымі захворваннямі і катэгорыі 65+ гадоў, работнікаў сфераў медыцыны і адукацыі, якія найбольш схільныя да рызыкі захварэць і перахварэць з сур’ёзнымі наступствамі. Асабліва рэкамендуем прайсці вакцынацыю пацыентам з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, з цукровм дыябетам.
Сярод супрацьпаказанняў – алергія на курыны бялок, раней праяўленая алергія на вакцыны, абвастрэнне хранічных або вострыя рэспіраторныя захворванні, пры якіх трэба дачакацца выздараўлення. Зрабіць прышчэпку можна да 1 студзеня.
На гэты раз такой магчымасцю скарыстаўся намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка, які па аб’ектыўных прычынах не змог вакцынавацца крыху раней разам з калектывам.
– Упэўнены, што зрабіць прышчэпку важна не толькі для сябе, – выказаў меркаванне Вадзім Аляксандравіч. – Яна абараняе самога чалавека, навакольных, а калі прышчэплівцца шмат людзей, то фарміруецца яшчэ і калектыўны імунітэт. Радуе, што жыхары нашага раёна гэта разумеюць, праходзяць працэдуру свядома, за кошт чаго кампанія па вакцынацыі ў раёне ідзе някепска. Вельмі зручна, што прышчэплівацца можна не толькі ў паліклініцы райцэнтра, але і па месцы жыхарства – у амбулаторыях і на ФАПах. Тыя, хто яшчэ не паспеў, могуць гэта зрабіць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga