Самае яркае і запамінальнае шоу года – конкурс грацыі і таленту “Краса Дзятлаўшчыны-2024” – прайшло ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.
Шэсць самых прыгожых і смелых дзяўчат заваёўвалі сэрцы гледачоў, ззяючы на сцэне. Гэта Марына Лабар (Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца), Анастасія Калесніковіч (дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава), Вераніка Жвярэла (Жукоўшчынская базавая школа), Карына Юшкевіч (гімназія № 1), Ганна Нехвядовіч (Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў), Валерыя Ласянкова (ААТ “Граніт-Агра”).
Пазнаёміцца з кожнай з іх гледачы змаглі праз відэапрэзентацыі, якія ўдзельніцы падрыхтавалі загадзя.
Усе ў гэты вечар адзначалі, наколькі дзяўчаты не толькі прыгожыя, а яшчэ колькі талентаў мае кожная з іх. Каб пазмагацца за званне “Краса Дзятлаўшчыны-2024”, яны вытрымалі месяц карпатлівай работы над сабой: гэта рэпетыцыі, фотасесіі, прымеркі і здымкі, падрыхтоўка да конкурсных іспытаў.
Адкрылі праграму дэфіле ў вобразе “Новая Я ў стылі ар-дэко”. Гэты стыль быў на піку моды ў 20-30-я гады. Жанчыны, якія прытрымліваюцца яго, выглядаюць прывабнымі і загадкавымі, як і ўдзельніцы конкурсу. Здзіўлялі канкурсанткі журы і гледачоў харэаграфічным майстэрствам, артыстызмам, ігрой на цымбалах у творчым спаборніцтве “Зорны россып талентаў”.
Праявіць дасціпнасць, красамоўства, а таксама паказаць лепшыя якасці характару дзяўчаты змаглі ў час інтэлектуальнага конкурсу.
Па-сапраўднаму “гарачым” атрымалася дэфіле ў шортах, дзе канкурсанткі прадэманстравалі грацыю, фігуру.
Якая дзяўчына не марыць пра вясельную сукенку? Надзвычай прыгожым і кранальным атрымаўся выхад у вобразах нявестаў у суправаджэнні кавалераў – усе яны заслужылі захапленні і моцныя апладысменты гледачоў.
Апошні конкурс дазволіў ацаніць кулінарныя здольнасці і гаспадарлівасць дзяўчат – іх дамашняй работай была кампазіцыя “Мой смачны кавалачак жыцця”.
Майстэрства канкурсантак ацэньвала кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.
Усе прыгажуні правялі вялікую работу над сабой, бо стаяць на сцэне і дастойна прадстаўляць сваю арганізацыю – вялікая адказнасць. У знак удзячнасці і падтрымкі яны атрымалі кветкі і памятныя падарункі ад прадпрыемстваў і ўстановаў, дзе працуюць.
Па выніках іспытаў званне “Краса Дзятлаўшчыны-2024” і карону, а таксама магчымасць паўдзельнічаць у кастынгу рэспубліканскага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь”, атрымала Валерыя Ласянкова.
Тытула “I Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2024” заслужыла Карына Юшкевіч, “II Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2024” стала Вераніка Жвярэла, “Міс фота” ўдастоена Марына Лабар, званне “Міс топ-мадэль” прысудзілі Анастасіі Калесніковіч, “Міс сімпатый гледачоў” – Ганне Нехвядовіч.
Кветкі дзяўчатам падарылі родныя і сябры, якія прыйшлі іх падтрымаць. Свята прыгажосці і грацыі завяршылася нефармальнай фотасесіяй прыгажуняў на сцэне разам з роднымі і сябрамі, а таксама арганізатарам мерапрыемства і галоўным трэнерам канкурсантак Алай Чарняўскай.
Музычныя падарункі гледачам і ўдзельніцам конкурсу “Краса Дзятлаўшчыны-2024” гэтым вечарам зрабілі артысты раёна.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае