У Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна прайшла дыялогавая пляцоўка. Удзельнікі форуму абмеркавалі актуальныя тэмы – патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, абароны мацярынства і дзяцінства, інстытута сям’і і шлюбу.
У якасці спікераў былі запрошаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Таццяна Нікіпорчык, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксандр Шастакоў. Паслухаць іх выступленні і задаць свае пытанні мелі магчымасць прадстаўнікі дэпутацкага корпусу раёна, педагогі, навучэнцы, іх бацькі, мясцовыя жыхары.
Падобныя сустрэчы ладзяцца ў розных кутках Беларусі ў рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады і рэспубліканскага праекта “Культурная карта”.
Вітаючы ўдзельнікаў форуму, Аляксандр Шастакоў падзякаваў за цёплую, добразычлівую атмасферу і расказаў, што і сам родам з невялікага пасёлка на Віцебшчыне, вучыўся ў такой жа школе, таму асабліва парадаваўся дасягненням гезгальскіх школьнікаў, пра якія расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Лашкоўская. Увогуле, гэта дыялогавая пляцоўка стала для госця нібыта вяртаннем “да каранёў”, а гэта значна для кожнага чалавека.
– Сёння важна разумець, як культура ўплывае на наша сямейнае выхаванне і чалавечыя каштоўнасці. У мяне, напрыклад, бабуля і дзядуля прайшлі вайну, я ганаруся гэтым, – падкрэсліў Аляксандр Віктаравіч. – Аднак праз сучасную заходнюю культуру нам мякка спрабуюць навязаць новыя, нетрадыцыйныя каштоўнасці. Навошта нам гэта? У нас ёсць сваё: у Беларусі шмат музеяў, мемарыялаў, мы памятаем гісторыі сваіх сем’яў, продкаў, вельмі шмат сіл укладваецца ў краязнаўства, каб па крупінках захоўваць гісторыю кожнага населенага пункта. Радзіма – тое святое, што закладваецца ў нас першапачаткова. І паняцце Радзімы цесна звязана з сямейным выхаваннем, з тымі казкамі, якія чыталі нам бацькі, тымі словамі, якія яны казалі. Яшчэ адзін важны складальнік нацыянальнай культуры – якасць адукацыі, прафесіяналізм настаўнікаў, якія забяспечваюць кожнаму асабісты рост. Са школы пачынаецца дарослае жыццё чалавека. У цэлым гэты механізм дазваляе нам рухацца наперад, ганарыцца сваёй рэспублікай, сваімі дасягненнямі.
У гэтай зале сабраліся людзі розных узростаў, аднак незалежна ад гэтага кожны прымае свае, самастойныя рашэнні, ад якіх у выніку залежыць наша жыццё, наша будучыня. Гэта надзвычай актуальна ў перыяд электаральнай кампаніі, бо 26 студзеня дарослыя беларусы прыйдуць на выбары, каб аддаць свае галасы за дастойных кандыдатаў. Сёння Беларусь паважаюць у свеце, наша краіна з’яўляецца членам розных палітычных аб’яднанняў, да меркавання нашага лідара прыслухоўваюцца, што вельмі прыемна і ганарова. Яшчэ Беларусь – пляцоўка шматлікіх міжнародных культурных фестываляў, адпаведна мы разумеем, наколькі важна захоўваць і памнажаць нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці, пры гэтым сябраваць з іншымі нацыямі.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі пацікавіліся ў Аляксандра Шастакова, як утрымаць сувязь паміж пакаленнямі, якія сямейныя каштоўнасці захоўваюцца ў сям’і дэпутата, а таксама, з’яўляючыся генеральным дырэктарам тэатра, ці наведвае ён сам тэатральныя пастаноўкі.
Адказваючы на пытанні гезгальцаў, Аляксандр Віктаравіч падкрэсліў, што найвялікшая каштоўнасць, якая звязвае беларусаў розных узростаў і павінна захоўвацца, – гэта нашы традыцыйныя святы і жывыя стасункі, і менавіта па гэтай прычыне ён стараецца знаходзіць час, каб наведваць мерапрыемствы, у тым ліку тэатральныя пастаноўкі, бачыць іх з глядзельнай залы, а таксама далучае да паходаў у тэатр блізкіх.
Ад імя ўдзельнікаў форуму за змястоўнае выступленне Аляксандру Шастакову падзякаваў дырэктар школы Эдуард Ненартовіч. Навучэнцы ўручылі госцю падарунак ручной работы ў нацыянальным стылі.
Завяршылася мерапрыемства на прыемнай ноце. Артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступілі на сцэне Гезгалаўскага дома культуры.
Гледачам прадставілі пастаноўку “Музыка душы. Роднае, або Паўлінка”. Дружнымі апладысментамі прысутныя віталі кожны музычны і песенны нумар. Атрымаўся сапраўдны нацыянальны культурны дыялог.
Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga