Апошнім часам усё часцей чуем ад дзятлаўчан станоўчыя водгукі аб рабоце жыллёва-камунальнай службы раёна.
Усіх радуюць роўныя акуратныя вуліцы, утульныя дагледжаныя двары, цяпло і гарачае водазабеспячэнне, якія штодзень робяць наша жыццё камфортным.
У дапамогу камунальнай службе раёна працуе цэлы аўтатрактарны парк, які штогод абнаўляецца і папаўняецца новымі адзінкамі транспарту. Сёлета для закупкі тэхнікі на патрэбы добраўпарадкавання з раённага бюджэту было выдаткавана 100 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі набыты трактар МТЗ-82.1 для вытворчага ўчастка ў Казлоўшчыне, ён ужо прыбыў на месца, а таксама трактарны прычэп грузападымальнасцю 4,5 тоны для ўчастка ў Наваельні, які будзе дастаўлены на працягу тыдня.
Як расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, за ўласныя сродкі прадпрыемства закупіць асенізатарную машыну на базе аўтамабіля ГАЗ, у лізінг плануецца набыць 20-тонны грузавы аўтамабіль МАЗ. Ён будзе выкарыстоўвацца для добраўпарадкавання горада і пасёлкаў, падсыпкі аўтадарог, перавозкі пілавіння, аказання паслуг насельніцтву па перавозцы грузаў.
Кажучы пра тэхнічнае абнаўленне, немагчыма не ўзгадаць той факт, што ў 2024 годзе камунальнай службай раёна ў лізінг быў набыты перасоўны драбільны комплекс, які выкарыстоўваецца ў вырабе паліва для кацельняў Дзятлаўшчыны з мясцовай драўніны.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga