Для аматараў вытанчаных танцаў, атмасферы мінулых стагоддзяў у Новым замку ў Гродне ладзіўся першы зімовы бал.
Хоць даўно прайшла эпоха пышных балоў і маскарадаў, але зноў і зноў многія ў сваіх марах вяртаюцца ў тыя далёкія часы крыналіну і шоўку, рамантычных пахаў духоў, звону шпор, таму ў велічных сценах сапраўднага замка сабралася ў гэты вечар каля 90 пар з розных куткоў Беларусі і Расіі.
Элегантныя дамы ў шыкоўных бальных сукенках і стрыманыя кавалеры ў строгіх касцюмах распачалі гэты чароўны вечар паланэзам – як таго патрабуюць бальныя каноны. На працягу вечара пад гукі жывой музыкі ў выкананні Новаяльнянскага духавога аркестра пары змаглі паказаць сваё майстэрства і проста атрымаць асалоду, танцуючы венскі вальс, паланэз, факстрот, катыльён, кадрылю, кракавяк, блюз.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, аматарскае аб’яднанне “Эліт Данс”, Беларуская прафесійная танцавальная ліга, Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне, Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Гродне.
– У мінулым годзе ў мяне ўзнікла ідэя правесці бал у гэтым цудоўным месцы. Гэту задумку падтрымалі кіраўніцтва гісторыка-археалагічнага музея, мясцовыя ўлады, а таксама прадстаўнікі Расіі ў Гродне. Яны аказалі дапамогу ў арганізацыі. Упэўнены, што лепшага месца для адкрыцця зімовага бальнага сезона, чым замак у Гродне, не прыдумаеш. Усё, што мы задумалі, атрымалася, вечар цудоўны, – расказаў кіраўнік аматарскага аб’яднання “Эліт Данс” гарпасёлка Наваельня Анатоль Кардаш, распарадчык бала.
– Задумка бала ў нас была даўно, вельмі рады, што знайшліся людзі, якія падтрымалі ідэю, – адзначыў Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Гродне Феадосій Уладышэўскі. – Тое, што ў сэрцы Гродна, у Сенатарскай зале Новага замка, удалося сабраць так шмат цудоўных людзей – заслуга многіх, і вялікі дзякуй ім за гэта. Спадзяюся, што гэты бал адкрые традыцыю правядзення балоў і складзе канкурэнцыю падобным мерапрыемствам, якія праходзяць у Мірскім, Нясвіжскім замках.
Госці на бал у Гродна прыехалі з розных гарадоў. Удзельнікі калектыву “Сярэбраны век” Алена і Аляксандр – з Гомеля. Яны расказалі, што частыя ўдзельнікі падобных мерапрыемстваў, але ў Гродне ўпершыню. Бал ім спадабаўся: жывая музыка, прыгожыя госці, чароўная атмасфера – уражанні застануцца надоўга.
Цяжка было не заўважыць сярод гасцей пару ў прыгожых гістарычных касцюмах – быццам з іншай эпохі на карэце, а не з Мінска на машыне, прыбылі яны ў замак. Аляксей і Наталля даўнія аматары балоў і не маглі прапусціць гэты вечар у Гродне. Прымаюць у іх удзел дзеля пазітыўных эмоцый, новых знаёмстваў, гавораць, што гэтыя эмоцыі – тое, чым варта дапаўняць сваё жыццё.
На працягу бала пільна назіралі за ўсімі ўдзельнікамі і напрыканцы вечара выбралі і ўзнагародзілі пераможцаў у намінацыях “Лепшая пара”, “Вернасць бальнай культуры”, “Самы гістарычны касцюм”, “Кавалер бала”, “Каралева бала”.
Першы зімовы бал у Гродне атрымаўся яркім, запамінальным, незабыўным. Чатыры гадзіны праляцелі як імгненне, але гэтыя чароўныя хвіліны для аматараў такіх танцавальных вечароў і гістарычнай рамантыкі могуць хутка паўтарыцца. Бальную эстафету перадалі Мінску, і ўжо 4 студзеня на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе наступны бал.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае