Урачыстае закрыццё працоўнага студатрадаўскага семестра прайшло на Дзятлаўшчыне.
Яго вынікі падвяла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:
– Сёлетні год у раёне быў выніковы для студатрадаўскага руху Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. За працоўны сезон на Дзятлаўшчыне было створана 13 студэнцкіх атрадаў, у якіх у вольны ад вучобы час арганізавалі занятасць для 188 студатрадаўцаў, 175 з якіх былі непаўналетнімі, у тым ліку 8 падлеткаў патрабавалі да сябе асаблівай увагі. Працавалі атрады на базе Дзятлаўскіх лясгаса, камунгаса, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ “Граніт-Агра” і “Дварэц-Агра”, КСУПаў “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Войневічы”. Моладзь дапамагала дарослым выконваць відавую праполку, была задзейнічана на збожжатаках на сушцы зерня, капала бульбу, добраўпарадкавала тэрыторыі.
Напрыканцы лістапада, калі прыспеў час падводзіць вынікі сельскагаспадарчага і працоўнага года, моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык наведалася ў навучальныя ўстановы з салодкімі прызамі для студатрадаўцаў і падзячнымі лістамі раённага камітэта ГА “БРСМ” і памятнымі падарункамі для кіраўнікоў арганізацый, якія прымалі працоўныя атрады. Яна ўрачыста павіншавала навучэнцаў Жукоўшчынскай базавай, Гезгалаўскай, Новаяльнянскай, Круцілавіцкай, Дварэцкай, Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай сярэдніх школ, а таксама гімназіі № 1, сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава, кіраўнікоў і спецыялістаў, якія курыравалі работу працоўных атрадаў.
– Дзятлаўшчына не першы год удзельнічае ў рэалізацыі моладзевага працоўнага семестра, – расказала Кацярына Хілімончык. – Наша аб’яднанне вельмі ўдзячна кіраўнікам арганізацый і гаспадарак, спецыялістам, якія працуюць са студатрадаўцамі, за тое, што заўсёды адносяцца да падобнага супрацоўніцтва з разуменнем. Не сакрэт: для арганізацый браць на работу непаўналетніх, сярод якіх ёсць дзеці, якім нядаўна споўнілася 14 гадоў, – гэта значная адказнасць, і не толькі таму, што працоўных навыкаў гэта моладзь, як правіла, не мае, але яшчэ і з-за неабходнасці павышанай увагі да тэхнікі бяспекі. Тым не менш кожны працоўны семестр праходзіць у нас спрыяльна дзякуючы зладжанаму ўзаемадзеянню.
Словы ўдзячнасці я адрасую галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Віктару Яцкевічу, бо сёлета на базе цэнтральнай бальніцы ўпершыню на добраўпарадкаванні тэрыторый працаваў студатрад “БРСМ”. “Пілотны праект” аказаўся ўдалым – дзякую за гэта. Яшчэ адна важкая падзяка – дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілю Пецюку, бо камунгас сёлета прыняў каля 70 студатрадаўцаў – значную долю ад усёй занятай у працоўным семестры моладзі. Прычым магчымасць працаўладкавання на базе камунальнай арганізацыі ў навучэнцаў была вясной, летам і восенню. У асенні перыяд падтрымліваць парадак камунальнікам дапамагалі 34 маладыя работнікі, якія працавалі ў райцэнтры, на Новаяльнянскім і Казлоўшчынскім участках. Усім наймальнікам я шчыра ўдзячна за давер, адказнасць, дапамогу і супрацоўніцтва. Упэўнена, у наступным годзе яно будзе не менш плённым. Наогул, карыснаму баўленню вольнага часу непаўналетніх у нашым раёне заўжды надаецца належная ўвага. Важнасць студатрадаўскага руху ў чарговы раз адзначана кіраўніком нашай дзяржавы на адкрыцці сталічнага стадыёна “Трактар”. Прэзідэнт падкрэсліў, што з юных гадоў моладзь павінна далучацца да работы, разумець, якой цаной зарабляюцца грошы, атрымліваць працоўныя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. Студатрадаўскія традыцыі будуць жыць і прадаўжацца ў нашай краіне.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga