Прычым стартаваў актыўна, з энтузіязмам, смачна.
Чаму смачна? Ды таму, што гэта гастратурызм, а значыць, разнастайная, сытная, здаровая ежа, часам традыцыйная, часам па арыгінальных рэцэптах. Турыста трэба прывабіць, прапанаваць такі стол, каб усім, хто трапляе на Дзятлаўшчыну, захацелася падмацавацца менавіта ў нас – з’есці абед у “Ліпічанцы” або ў “Жамчужыне”, выпіць кавы і пакаштаваць некалькі відаў піцы ў кавярні “Піца & Кава”, а калі захочацца чагосьці “па-хатняму”, то спыніцца ў кавярні “Лепім Самі”.
Выбар ёсць, ды і турысты таксама не абмінаюць наш гарадок, прыязджаюць з самога Мінска. Задача ж Дзятлаўскага турінфацэнтра – дапамагчы “раскруціць” такія месцы, данесці інфармацыю пра іх да кожнага – і дзятлаўчаніна, і прыезджага. А якія шляхі для папулярызацыі гастратурызму мы выбралі, мяркуйце самі.
Спачатку запланавалі дзве сустрэчы-інтэрв’ю:з начальнікам аддзела прамысловасці, нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, і з тэхнолагам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный мир”. Для чаго, спытаеце вы. Канешне, не дзеля ўласнай цікавасці, хоць яна таксама прысутнічае. У Дзятлаве гэта тыя вытворчасці, што звязаны з прадуктамі харчавання, таму дзятлаўчане і госці горада павінны ведаць, якія гатункі сыроў і хлеба выпускаюцца, дзе іх можна набыць, колькі каштуюць, якія планы ў прадпрыемстваў па развіцці турыстычных паслуг, удзеле ў міжнародных турыстычных выставах. Між іншым, у снежні наш хлебазавод прапануе жыхарам раёна дзве дэгустацыі сваёй прадукцыі: 17 снежня ў 12 гадзін у гарпасёлку Казлоўшчына (магазін “Ручаёк”), 23 снежня ў 11гадзін у горадзе Дзятлаве (магазін “Родны Кут”).
Смачна частавацца! Наш турінфацэнтр таксама завітае туды.
Шмат мерапрыемстваў будзе звязана з дранікамі, бо менавіта дранікі – нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Дзятлаўшчыны. Не кожны наш зямляк пра гэта ведае, што ўжо казаць пра гасцей. І дранікі ў нас пякуць па шасці розных рэцэптах як мінімум. Смачныя, румяныя дранікі, картаплянікі, дзеруны будзем выпякаць разам з наведвальнікамі сацыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. І гэта не конкурс, і лепшых гаспадынь ніхто выбіраць не будзе, а будзем разам пячы і разам частавацца, дзяліцца рэцэптамі, каб цікавасць і любоў да драніка не знікала ў нашых маладых сем’ях. Для гэтага ж прапануем усім жадаючым паспрабаваць сябе ў якасці майстроў і майстрых па прыгатаванні дранікаў па-дзятлаўску праз відэа майстар-класы ў нашых сацыяльных сетках.
А яшчэ запланавана дэгустацыя нацыянальных страў у рэстаране “Ліпічанка”. Спачатку мы вырашылі схадзіць туды сваім калектывам, а ўжо потым прапанаваць такі паход працоўным калектывам горада. Між іншым, ужо ёсць жадаючыя далучыцца.
Не абмінулі мы ўвагай школы горада і раёна: прапанавалі сустрэчу і лекцыю з элементамі гутаркі на тэму “Кухня народаў Дзятлаўшчыны”. На такіх сустрэчах будзе весціся размова не толькі пра стравы беларусаў, рускіх, палякаў, літоўцаў, яўрэяў, але і пра гісторыю гэтых народаў на дзятлаўскай зямлі.
А яшчэ мы арганізоўваем гастравіктарыну, фотаконкурс “Любімае нацыянальнае блюда маёй сям’і”, апытанне ў ТГ “Топ-5 страў нацыянальнай кухні” і шмат чаго іншага. Месяц гастратурызму будзе актыўна асвятляцца ў газеце “Перамога” і ў нашых сацыяльных сетках. Сачыце за інфармацыяй, удзельнічайце, заходзьце да нас у цэнтр (вул. Леніна, 18), тэлефануйце: 8(01563)3-25-58.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
#нашелучшее
#нашалепшае