Хвіліны душэўнасці. 90 зімаў і вёснаў Соф’і Гізоўскай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” працягвае віншаваць юбіляраў нашага раёна.

Наведаліся ў вёску Ліжэйкі, дзе жыве наша зямлячка Соф’я Гізоўская, якая сёлета адзначыла салідны юбілей – 90-годдзе.

Нарадзілася юбілярка ў беднай простай сям’і, у якой, акрамя яе, выхоўваліся яшчэ дзве сястры і брат. Калі Соф’і споўнілася сем гадоў, пачалася вайна. Шмат выпрабаванняў і цяжкасцей прыйшлося зведаць яе сям’і ў гэты страшны час. Бацьку забралі на фронт, дзе ён і загінуў, а мама засталася адна з чатырма дзецьмі. У вёску Ліжэйкі прыйшлі немцы і сталі выганяць людзей з дамоў. Хто адважыўся бегчы, тых адразу расстрэльвалі, астатніх зганялі на выган за вёску, а дамы падпалілі, засталося толькі пяць хат.

– Мама, каб выратаваць ад немінучай гібелі, схавала нас у бульбяную яму, але немец знайшоў і хацеў расстраляць, – з сумам у голасе расказвае Соф’я Уладзіміраўна. – Упаўшы на калені, наша мама цалавала яму рукі і маліла не страляць. Нейкім цудам ён нас пакінуў у жывых. Сагнаўшы жыхароў за вёску, немцы хацелі ўсіх расстраляць, але на наша шчасце з Наваельні прыехаў грузавік, і нямецкі афіцэр вырашыў пакінуць нам і іншым аднавяскоўцам жыццё. Вярнуліся ўсе на папялішчы сваіх дамоў. Але бяда не прыходзіць адна. Неўзабаве маму знайшлі ў лесе забітай. І мы засталіся круглымі сіротамі. Прытуліла нас сястра мамы, наша цётка Соф’я.

Пра вучобудзяўчынанаваті не думала.Юбіляркаўсёсваё жыццёпрацавала ў калгасе.Спачаткубыла звеннявой, затым стала даяркай і адпрацавала яшчэ 14 гадоў пасля пенсіі.

– Я вельмі любіла сваю работу. Была перадавой даяркай доўгія гады. На ўсіх калгасных сходах мяне запрашалі ў прэзідыум, неаднаразова ставілі ў прыклад іншым, – успамінае жанчына.

Але якім бы цяжкім ні было жыццё, яна любіла спяваць і часта з сяброўкамі і сёстрамі наведвала вясковыя танцы. Нязменным музыкам на іх быў мясцовы хлопец Віктар. Ён іграў на гармоніку, а таксама быў добрым шаўцом. І калі Соф’і споўнілася 19 гадоў, маладыя людзі пажаніліся. Сталі будаваць свой дом у вёсцы Ліжэйкі.

У сям’і Гізоўскіх нарадзілася чацвёра дзетак. Двайняты Мікалай і Юрый атрымалі ў спадчыну ад бацькі музычны талент, некаторы час нават ігралі на вяселлях. Цяпер Юрый жыве ў горадзе Нясвіжы, Мікалай – у Шчучыне, дачка Ларыса – аж у Расіі, а сын Пётр застаўся ў родным раёне і працуе трактарыстам у ААТ “Граніт-Агра”.

Соф’я Уладзіміраўна ганарыцца сваімі дзецьмі. Усе яны маюць свае сем’і. Дзеці падарылі бабулі восем унукаў і ўжо падрастаюць сямнаццаць праўнукаў. Сын Пётр і яго жонка Алена амаль кожны дзень наведваюць матулю, забяспечваюць яе прадуктамі, паляць у печы, дапамагаюць па гаспадарцы. Ды і іншыя родныя часта тэлефануюць і па магчымасці прыязджаюць.

– Шчыра ўдзячная сваёй свекрыві за тое, што ў цяжкую хвіліну для нас яна заўсёды падтрымлівае. Удзячны за дапамогу ў выхаванні дзяцей. Добрая, спагадлівая. Для мяне яна стала другой мамай, – шчыра гаворыць пра Соф’ю Уладзіміраўну нявестка Алена.

– Дзякуй маме, што яна нас выхавала, што па магчымасці дала нам усім адукацыю. Яна па характары вельмі добрая, ніколі ні на каго не трымала зла. Наша мама – гэта самая лепшая мама на свеце, – дадае сын Пётр.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: