Энергетыкі – нязменныя ахоўнікі дабрабыту ў кожным доме і кватэры.
Іх работа – даваць людзям святло і цяпло, электрычнасць, якія даўно сталі паўсядзённымі і звыклымі. Па-сапраўднаму заўважаецца і цэніцца праца энергетыкаў у моманты стыхіі, калі работнікі энергасістэмы становяцца ратаўнікамі, вяртаючы жыццё ў пацярпелыя рэгіёны.
Так, сёлета на заклік аб дапамозе, які паступіў ад энергетыкаў Гомельшчыны, адклікнуліся калегі з многіх рэгіёнаў нашай краіны, у тым ліку, дзятлаўчане, сярод якіх у Жлобінскі раён выязджаў майстар Дзятлаўскага РЭС Канстанцін Юшкевіч.
– Задача была аднавіць электразабеспячэнне па лініях 0,4 і 10 кВ населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання Жлобінскага сельскага РЭСа, – расказвае ён. – Пашкоджанняў з-за лакальных павалаў дрэваў было вельмі шмат, работы хапіла ўсім. Прыбылі на месца, атрымалі сухі паёк – і адразу ў бой, на аднаўленне ліній. У абед прывезлі гарачае харчаванне, а ўжо вечарам засялілі. Былі там чатыры дні, працавалі суткамі, каб хутчэй даць людзям электрычнасць. Мясцовае насельніцтва ўспрымала нас як сапраўдных ратаўнікоў, з вялікай радасцю і не меншым здзіўленнем, што мы зрабілі шлях у 500-600 кіламетраў, каб ім дапамагчы. Расказвалі, што доўгі час былі без святла, маўляў, быццам у каменны век патрапілі. Але ставіліся з разуменнем, цярпліва чакалі, некаторыя набылі бензінавыя генератары. Мы справіліся з пастаўленай задачай і вярнуліся дадому.
– Чым займаецеся ў спакойны час?
– З’яўляюся кіраўніком рамонтна-эксплуатацыйнай брыгады па абслугоўванні трансфарматарных падстанцый з адыходзячымі лініямі 0,4 кВ. Працуем па ўсім раёне, у розных населеных пунктах, незалежна ад колькасці жыхароў. Сёння ў Рыбалава, дзе ўсяго два жылыя дамы і дзве дачы.
– У энергетыцы раёна вы ўжо 36 гадоў. Што змянілася за гэты час?
– Найперш – нашымі стараннямі мяняліся самі лініі электраперадачы: праведзена рэканструкцыя многіх кіламетраў ліній і комплексных трансфарматарных падстанцый з заменай на больш сучасныя – слупавыя і мачтавыя з павышанай ступенню абароны. Роля і важнасць работы энергетыкаў за дзесяцігоддзі не зменшылася, а нагрузка, здаецца, нават узрасла з гадамі.
– Чым можаце ганарыцца ў сваёй прафесіі?
– Напэўна, тым, што справу энергетыка выбраў і мой сын, прычым зрабіў гэта па ўласным памкненні. Ён таксама працуе майстрам Дзятлаўскага РЭС, кіруе брыгадай, выдатна спраўляецца. Рады, што час ад часу магу даць яму слушную параду, зыходзячы са свайго вопыту.
– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Здароўя, шчасця, дыбрабыту, міру і спакою ў сям’і, безаварыйнай работы і дастойнага даходу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga