З 16 снежня па 15 студзеня ў Беларусі будзе праходзіць штогадовая навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.
Пра святочныя цуды і падарункі, падрыхтаваныя для юных жыхароў Дзятлаўшчыны, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– За гады свайго існавання акцыя “Нашы дзеці” стала сапраўдным марафонам дабра. Яна праходзіць пад патранатам Прэзідэнта, які стаяў ля вытокаў зараджэння гэтай цудоўнай беларускай традыцыі. З’яўляючыся свайго роду адліковым пунктам у святкаванні навагодніх і калядных урачыстасцяў, акцыя задае добры тон гэтым мерапрыемствам. Сёлета на Дзятлаўшчыне ўрачыстае адкрыццё акцыі прызначана на дзень яе старту: адбудзецца 16 снежня ў 14 гадзін на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла з удзелам кіраўніцтва раёна. На свята запрошаны адораныя навучэнцы 9-11 класаў раёна.
Па добрай традыцыі да марафона дабра ў гэтым годзе далучацца грамадскія арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд”, “Белая Русь”, “БРСМ”, “Фонд міру”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа, савет ветэранаў і іншыя. Прыемна, што адклікаюцца і многія прадпрыемствы і арганізацыі розных формаў уласнасці, з году ў год сума сабраных сродкаў павялічваецца.
– Хто далучыцца да “карагода” раённых дзіцячых святаў?
– На 26 снежня запланавана раённае навагодняе дабрачыннае свята для адораных дзяцей, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, гадуецца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзіцячым доме сямейнага тыпу, знаходзіцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава, дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, з сем’яў ваеннаслужачых, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усяго ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў гэты дзень мяркуецца сабраць каля 300 юных дзятлаўчан.
Акрамя раённага свята, у перыяд канікулаў будуць арганізаваны дабрачынныя акцыі для выхаванцаў дзіцячага прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, дзіцячага дома сямейнага тыпу, навучэнцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ва ўсіх установах адукацыі пройдуць навагоднія ранішнікі і карнавалы. Наогул для кожнага дзіцяці рыхтуюцца прыемныя навагоднія сюрпрызы. Ніхто з юных дзятлаўчан у святочныя дні не застанецца без увагі і памятных падарункаў. Падтрымка і клопат – галоўныя рэсурсы, дзяліцца якімі можа і павінен кожны чалавек.
– Ці важкім будзе мех у Дзеда Мароза?
– Сёлета ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” запланавана выкарыстанне 28 300 рублёў бюджэтных сродкаў. Яны будуць скіраваны на набыццё салодкіх падарункаў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, тых, хто знаходзіцца ў дзіцячым прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, для дзяцей з інваліднасцю, адораных вучняў і навучэнцаў 1-4 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Але асабліва каштоўна, што дарослыя скіроўваюць намаганні на добрыя мэты, такія як дапамога дзецям, таму прыемна, што да навагодняй акцыі “Нашы дзеці” штогод далучаецца ўсё больш неабыякавых людзей, заўжды актыўна ўдзельнічаюць грамадскія аб’яднанні.
Паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2024 года № 747 “Аб правядзенні навагодніх дабрачынных акцый “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”, улічваючы значнасць гэтых мерапрыемстваў, рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама за ўсімі ўстановамі адукацыі Дзятлаўшчыны замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі раёна для аказання шэфскай дапамогі.
– Калі юныя дзятлаўчане паедуць на абласную і Галоўную ёлку краіны?
– Гасцямі дзіцячага Рэспубліканскага дабрачыннага навагодняга свята з удзелам кіраўніка дзяржавы стануць тры навучэнцы гарадскіх школ Дзятлаўскага раёна. Свята пройдзе 26-27 снежня ў Мінску.
23 снежня на базе Гродзенскай абласной філармоніі адбудзецца абласны баль, на якім наш раён прадставіць танцавальная пара навучэнцаў 11 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла.
27 снежня ў Гродзенскай абласной філармоніі пройдзе ўжо абласное дабрачыннае свята для дзяцей-сірот, са шматдзетных сем’яў, пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў ва ўзросце 8-14 гадоў. На яго накіруюцца 15 навучэнцаў Дзятлаўшчыны (па адным ад установаў адукацыі раёна).
– Усе ўстановы адукацыі як заўжды ярка аздоблены да святаў.
– Сапраўды, для стварэння святочнай атмасферы напярэдадні Новага года і Калядаў дзеці, педагогі, бацькі скіроўваюць сумесныя творчыя намаганні на аздабленне ўстановаў і прылеглай тэрыторыі, каб разам стварыць сапраўдную навагоднюю казку. Для падтрымання гэтай цудоўнай традыцыі сёлета зноў арганізаваны раённы агляд-конкурс на лепшае афармленне – “Навагодні настрой”. Ён уключае тры намінацыі: “Навагодняя фотазона”, “Чараўніцтва Новага года” (афармленне ўстановы і тэрыторыі ў адзіным мастацкім стылі, стварэнне аб’ёмных фігур і экспазіцый), “Навагодняя феерыя” (светлавое афармленне ўстановы і тэрыторыі). Вынікі падвядзе конкурсная камісія па прадстаўленых фотаматэрыялах і пры аб’ездзе. Прадугледжаны тры прызавыя месцы: пераможцаў вызначаць па найбольшай колькасці балаў у кожнай намінацыі. Яны атрымаюць дыпломы аддзела адукацыі і каштоўныя падарункі.
– Чаго пажадаеце жыхарам раёна да святаў?
– Разам мы ствараем радасць і чараўніцтва, з надзеяй глядзім у новы год, які абавязкова прынясе шчасце, поспех, перамогу ў справах, якія сабе намецілі. У недалёкай будучыні юнакі і дзяўчаты, якія сёння сядзяць за партамі, стануць дастойнымі прадаўжальнікамі лепшых традыцый нашага народа, будуць праслаўляць дзяржаву, у тым ліку на сусветным узроўні. Няхай вера ў лепшае, добрае, казачнае заўсёды застаецца з імі і матывуе на дасягненне новых вышынь.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga