За справу – разам! Вынік будзе ўжо праз 6-10 гадоў

Важнае Грамадства

У Беларусі прадаўжаецца рэспубліканская акцыя па абнаўленні ветравальных участкаў “Дай лесу новае жыццё!”, ініцыяваная Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Актыўны ўдзел у добрай справе на карысць роднай прыродзе прымаюць калектывы Дзятлаўшчыны.

На гэты раз папрацаваць адной дружнай камандай выйшлі супрацоўнікі пракуратуры Дзятлаўскага раёна і аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

– Работы вяліся ў квартале 257-256, што недалёка ад вёскі Мядзвінавічы, – расказаў ляснічы Вензавецкага лясніцтва Дзмітрый Ваніслаўчык. – Нашы памочнікі ажыццяўлялі дапаўненне лясных культур на агульнай плошчы ў 0,9 гектара. Высаджвалі маладзенькую чорную вольху. Саджанцы мы ўзялі ў дзікай прыродзе, таму ў іх якасці ўпэўнены. Удзячны супрацоўнікам пракуратуры і міліцыі за плённую работу. Чорная вольха – гэта дрэва, якое расце вельмі хутка. Ужо праз 6-10 гадоў пасаджаныя праваахоўнікамі дрэўцы можна будзе выкарыстоўваць як дзелавую драўніну або дровы.

– З задавальненнем далучыліся да акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, старт і жыццё якой даў наш кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, – адзначыў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. – Лес – гэта “зялёнае золата” для Беларусі, а таксама адна з важнейшых частак балансу экасістэмы. Менавіта лясы з’яўляюцца аднымі з галоўных пастаўшчыкоў кіслароду для існавання жывых арганізмаў. Аднак драўніна яшчэ і каштоўны прамысловы матэрыял, без якога цяжка ўявіць жыццё і дзейнасць людзей. Наша родная Беларусь славіцца сваімі прыгожымі ляснымі масівамі, якія надаюць асаблівы каларыт прыродзе, і вельмі важна, што мы пакінем пасля сябе.

– На пазітыве, як і іншыя калектывы Дзятлаўшчыны, сёння ў акцыю ўключыліся каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў пракуратуры і райаддзела міліцыі, – прадоўжыў тэму намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч. – Праваахоўнікі вырашылі не стаяць у баку ад добрых спраў і традыцыйна накіраваліся ў Вензавецкае лясніцтва, з якім цесна ўзаемадзейнічаем. З ранку было марозна, крыху сумняваліся, ці будзе зямля гатова для пасадкі маладых дрэўцаў, але да абеда распагодзілася, выглянула сонейка, і мы з задавальненнем прыступілі да справы. Упэўнены, што ўсім калегам было толькі на карысць змяніць службовыя будні на работу на свежым паветры. Папрацавалі вынікова – дзякую ўсім, хто прыняў удзел у акцыі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ