«Шчадроўская варажба»

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У аграгарадку Круцілавічы 13 студзеня адбыўся абрад «Шчадроўская варажба» у рамках этна-праекта «Народнаму скарбу — век векаваць» падрыхтаваны творчым калектывам Данілавіцкага дома культуры.

Каму не хочацца зазірнуць у невядомае і даведацца аб сваёй будучыне? Асабліва будучы лёс цікавіць маладых дзяўчат і хлопцаў. У дарослых жа пытанні да сусвету выключна гаспадарчыя, бо іх лёс ужо вырашаны.

А вось якое будзе надвор’е, ці будзе яно спрыяць атрыманню добрага ўраджаю, ці будуць усе, і асабліва гаспадар, здаровыя? Усе гэтыя пытанні хвалявалі старэйшае пакаленне, паколькі ад вынікаў атрыманых праз варажбу ведаў залежыў лёс сям’і.

Варажба — комплекс магічных дзеянняў, закліканых прадвызначыць будучыню, прасвятліць невядомае ў мінулым. Найбольш распаўсюджана варажба на Каляды. Можа гэта звязана з зімовым сонцаваротам, а можа з тым, што гэтай парой, паміж Піліпаўскім і Вялікім постам працягвалі складацца сямейныя пары і адбываліся вяселлі.

Жанчыны, сталага ўзросту, ўдзельніцы ансамбля народнай песні «Суседачкі» падзяліліся з дзяўчатамі варожбамі, якімі карыстыліся пад час варажбы вечарам 13 студзеня.

«Кожная дзяўчына кладзе ў адну шапку якую-небудзь сваю дробную рэч: пярсцёнак, завушніцу, напарстак і г. д. Складзенае падкідваюць угору, і чыя рэч падляціць вышэй — тая дзяўчына раней пойдзе замуж».

«Набіраюць вады ў міску і туды кусочкі хлеба пускаюць. І вось як адплыве мой кусок, то я замуж выйду, а як не адплыве, то буду дзеўкай сядзець».

«Пасля вячэры дзеўкі хуценька хапаюць вёдра і бягуць увыперадкі адна перад адной па ваду; каторая дзеўка прынясе хутчэй дадому вады, тая хутчэй выйдзе замуж».

«Замужняя жанчына трымае пад накрыўкаю хлеб, пярсцёнак, шчотку, шыла, іголку і інш. І запрашае дзяўчат па чарзе падыходзіць і браць адну якую-небудзь рэч. Хто дастане хлеб — будзе мець багатага жаніха, пярсцёнак — каханага і прыгожага, шчотку — злоснага, шыла — шаўца, іголку — краўца».

«У талерцы з крупамі дзяўчына навобмацак павінна з першага разу дастаць пярсцёнак, і калі намацала, то быць вяселлю ў гэтым годзе».

«Выйшаўшы на двор, дзяўчаты абдымаюць плот і ў адлегласці паміж рукамі лічаць штакетнік. Перабіраючы кожную штакеціну, прамаўляюць: белы, чорны, лысы. На якой штакеціне скончыцца лік, такі і будзе жаніх. У другім варыянце робяць тое самае, толькі нічога не прамаўляюць, а лічаць, цот ці лішка. Калі лішка, то пара ў бліжэйшы час не складзецца».

Не сумна правялі цудоўны святочны вечар. Збярыцеся і вы разам і добра адпачніце ў гэту чароўную навагоднюю ноч. Рабіце, як нашы продкі: гуляйце ў калядныя гульні, танцуйце і спявайце, калі няма сярод вас музыкаў, частуйцеся смачнымі стравамі, прыгатаванымі сваімі рукамі, паспрабуйце паваражыць, і самае галоўнае — любіце і паважайце адно аднаго, і тады нават без варажбы ўсё ў вас будзе добра!

Святлана ГРОС,
загадчык АКіД «Данілавіцкі Дом культуры»