Выбары-2025. Каб у любімай Беларусі ўсё было добра

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне працягваюць працаваць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Ціхім суботнім ранкам чарговы пікет у цэнтры Дзятлава ладзілі раённыя арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Многія, пэўна, ужо ведалі, што па вуліцы Савецкай каля магазіна “Міраж” будзе праводзіцца пікет, і ішлі мэтанакіравана, адразу ўзяўшы дакументы, якія сведчаць асобу. Другія ішлі на гукі песень у выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры і таксама рабілі свой выбар у падтрымку пэўнага кандыдата.

Дзятлаўчане падзяліліся сваімі думкамі, наколькі важнае такое мерапрыемства для беларусаў.

Ганна Еганян:

– Прыйшла падтрымаць кандыдата, за якога планую галасаваць і на саміх выбарах. Упэўнена, што ён зможа гарантаваць у нашай краіне спакой, стабільнасць і мір. Сёння гэта як ніколі важна і для нас, і ў будучым для нашых дзяцей.

Наталля Мілейка:

– Каб у любімай Беларусі ўсё было добра, каб развівалася эканоміка і мы былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, неабходна выбраць годных кандыдатаў на ролю кіраўніка краіны. Я са сваім выбарам вызначылася, веру, што не памылілася. Хочацца бачыць, як наша краіна развіваецца і квітнее, каб мы ганарыліся ёю, а дзеці таксама станавіліся шчырымі яе грамадзянамі і працягвалі справу бацькоў.

Георгій Бойка:

– Хоць сёння і выхадны дзень, але не паленаваўся прыйсці і падтрымаць подпісам свайго кандыдата. Для мяне выбары – вельмі важная падзея, лічу, кожны павінен прымаць у іх удзел, бо ад нас саміх залежыць, якім будзе наша жыццё. Цяпер мы, пенсіянеры, адчуваем падтрымку дзяржавы, упэўнены, што і на выбарах падтрымаем дастойнага кандыдата.

Нагадаем, этап выбарчай кампаніі па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі прадоўжыцца да 6 снежня ўключна. Ініцыятыўным групам неабходна сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Збор подпісаў праходзіць у форме пікетавання ў месцах, не забароненых рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Ажыццяўляць збор подпісаў могуць толькі члены ініцыятыўнай групы на пікетах, а таксама па месцы жыхарства, работы (службы) выбаршчыкаў. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, горада. Выбаршчыку неабходна самому паставіць дату і распісацца. Ён мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры. Любая агітацыя ў гэты час забаронена.

З 7 па 21 снежня ЦВК будзе прымаць дакументы для рэгістрацыі кандыдатаў. З 22 па 31 снежня адбудзецца рэгістрацыя. Перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў пройдуць з 1 па 25 студзеня 2025 года, датэрмінова прагаласаваць можна будзе з 21 па 25 студзеня. Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Президент #НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ


Теги: